У Брэсцкай вобласці на зямлю ўпалі абломкі ракеты — разбіраемся, што гэта за боепрыпас
29 снежня 2022 у 1672317960
«Зеркало»
Раніцай у чацвер, 29 снежня, у полі каля вёскі Гарбаха ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці ўпалі абломкі ракеты. Міністэрства абароны паведаміла, што гэта наступствы працы беларускай СПА па боепрыпасе комплексу С-300, выпушанага з тэрыторыі Украіны. Паглядзелі на фатаграфіі і разбіраемся, што гэта за ракета.
Што вядома
Паводле паведамлення канала «Беларускі Гаюн», абломкі, якія зваліліся на зямлю, уяўляюць сабой часткі ракеты ад комплексу С-300. Праўладны канал «Пул Первого» піша, што ракета ўкраінская, упала на тэрыторыі Беларусі ў прамежку з 10 да 11 раніцы. Пазней гэтую версію пацвердзіла Міністэрства абароны Беларусі.
Што можна сказаць па фатаграфіях рэшткаў ракеты
Паколькі фотаздымкаў гэтай ракеты даволі шмат, апазнаць яе проста. Гэта з вялікай імавернасцю сапраўды рэшткі рухавіка 48Д6 ад ракеты 5В55 - такімі страляюць зенітна-ракетныя комплексы С-300. Абломкі такога боепрыпасу ўпалі ў польскім Пшэводаве ў лістападзе гэтага года.
Параўнаем гэтае фота з фатаграфіяй рэшткаў ракеты С-300, якімі Расія абстрэльвала Мікалаеў. Падабенства амаль поўнае.
Абломкі рухавіка ракеты таксама знялі буйным планам.
Параўнаем іх з рэшткамі рухавіка 48Д6 ад ракеты 5В55, якія зваліліся ў 2020 годзе ў Азербайджане. Падабенства зноў амаль поўнае.
Такім чынам, мы з упэўненасцю можам канстатаваць, што гэта абломкі ракеты 5В55, выпушчанай комплексам С-300.
Чыя яна, мы сказаць не бяромся: 5В55 выкарыстоўваюцца і ўкраінскай, і беларускай СПА (і большасцю постсавецкіх зенітчыкаў). У выпадку, калі ракета ўкраінская, сітуацыя, імаверна, падобная да той, што здарылася ў Пшэводаве - боепрыпас мог быць выпушчаны для перахопу адной з ракет або іранскіх беспілотнікаў, якімі абстрэльвае Украіну Расія.
Калі 5В55 выпушчаная і не трапіла па цэлі, праз 5−10 секунд у ракеце павінен спрацаваць механізм самападрыву. У паветры адбудзецца выбух - і на зямлю ўпадуць толькі дробныя аскепкі.
Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку гэты механізм з нейкай прычыны адмовіў, праз што ракета замест падрыву на вялікай вышыні ўпала на зямлю.