«Як такое магчыма». У Сабаленка спыталі пра святкаванне Новага года з Лукашэнкам у 2020-м — яна адмовілася адказваць
31 мая 2023 у 1685559060
«Зеркало»
Падчас прэс-канферэнцыі беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленка пасля перамогі над суайчынніцай Ірынай Шымановіч у другім крузе «Ралан Гарос» журналістка спытала ў яе пра стаўленне да Лукашэнкі і вайну ва Украіне, піша «Трыбуна».
Журналістка нагадала спартоўцы, што ў 2020 годзе тая падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі, «у той час як ён катаваў і збіваў пратэстоўцаў на вуліцах».
- І ўрэшце вы з'явіліся на святкаванні Новага года з ім. Як такое магчыма, каб патэнцыйны першы нумар рэйтынгу мог падтрымліваць дыктатара і падзяляць яго каштоўнасці?
- У мяне няма каментароў для вас, так што дзякуй за вашае пытанне.
- Вы працягваеце казаць, што ніхто не падтрымлівае вайну, ніхто. Але ці можаце вы сказаць ад сябе: «Я, Арына Сабаленка, катэгарычна асуджаю той факт, што Беларусь атакуе ракетамі Украіну (насамрэч Расія абстрэльвала Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. - Заўв. рэд.), і я хачу, каб гэта спынілася?»
- У мяне няма каментароў для вас, - сказала Сабаленка.
Арыну Сабаленка на прэс-канферэнцыях рэгулярна просяць адкрыта асудзіць расійскую агрэсію супраць Украіны, але спартоўка заўсёды адказвае агульнымі фразамі, маўляў, ніхто са спартоўцаў не падтрымлівае тое, што адбываецца, але не ў іх сілах паўплываць або спыніць гэта. У падобным ключы яна выказвалася і пра Аляксандра Лукашэнку, у кампаніі якога яе не раз заўважалі.
Чытайце таксама