Гід для турыста. Расказваем, якія аб'екты і месцы, звязаныя з Беларуссю, варта паглядзець у Швейцарыі
13 лiпеня 2024 у 1720854000
«Зеркало»
Царкву ў Цюрыху распісваў ураджэнец Віцебска, першая ў Еўропе жанчына - прафесарка філасофіі была родам з Дуброўна, кіраўнік аднаго з найбуйнейшых антырасійскіх паўстанняў памёр у Залатурне, у іншым жа швейцарскім горадзе памёр знакаміты беларускі фальшываманетчык. І гэта далёка не ўсё, што аб'ядноўвае Беларусь і гэтую краіну. Павел Мацукевіч, былы часовы павераны ў справах РБ у Швейцарыі, а цяпер кіраўнік ініцыятывы MALDZIS, склаў для «Люстэрка» топ беларускіх імёнаў і месцаў на швейцарскай карце.
MALDZIS - новы беларускі праект у сферы культурнай дыпламатыі. Ініцыятыва носіць імя вядомага інтэлектуала Адама Мальдзіса, які зрабіў шмат адкрыццяў пра ўраджэнцаў Беларусі, што праславілі сябе за мяжой, і шмат у чым працягвае яго справу. Сваю місію ініцыятыва бачыць у папулярызацыі багатай культурнай спадчыны, якая злучае Беларусь з Еўропай і светам. Афіцыйны старт MALDZIS прызначаны на верасень.
Прырода, ежа, пабрацімства
Нягледзячы на адсутнасць агульнай мяжы і высокія швейцарскія Альпы, убачыць агульнае паміж краінамі нескладана. Напрыклад, адсутнасць гораў у рэльефе Беларусі кампенсуецца вялікай колькасцю азёраў, на якія багатыя і беларускія, і швейцарскія краявіды.
Наступныя відавочныя паралелі - супастаўная колькасць насельніцтва (8,7 млн у Швейцарыі і 9,2 млн, калі не менш, у Беларусі), багацце нацыянальнасцяў і канфесій, моўная разнастайнасць. 100 гадоў таму ў БССР дзяржаўнымі былі адразу чатыры мовы - беларуская, руская, польская і ідыш, столькі ж, колькі цяпер у Швейцарыі - нямецкая, французская, італьянская, рэтараманская.
У аснове большасці нацыянальных страваў нашых краін - малочныя прадукты, хлеб і бульба. Нароўні з арыгінальным і непаўторным швейцарскім фандзю ці беларускімі калдунамі ёсць і такія, дзе адрозненні, здаецца, толькі ў назве. Напрыклад, улюбёны бульбяны блін, які па-швейцарску называецца «рошці», вельмі нагадвае тое, што ў нас завецца «дранікам» - толькі значна ён большы па памеры і бульба нацёртая на буйнейшую тарку.
З 1990-х і аж да нядаўняга часу Беларусь і Швейцарыя былі звязаныя пабрацімствам гарадоў - Гларуса, дзе набіраюць швейцарскую гвардыю для Ватыкана, з Кобрынам і Ітыгена з Добрушам.
Яшчэ больш агульнага паміж краінамі выяўляецца праз лёсы выбітных гістарычных асобаў. Іх не тое каб вельмі шмат, але спіс адкрыты для дапаўненняў і адкрыццяў. На яго падставе можна ўжо скласці топ «самых-самых».
Марк Шагал і Цюрых
Былая манастырская царква Фраўмюнстэр у Цюрыху набыла сусветную вядомасць у 1970-м: тады ў ёй з'явілася пяць вітражных вокнаў, над якімі працаваў ураджэнец Віцебска Марк Шагал. Мастак працаваў над імі два гады і, нягледзячы на сталы ўзрост - на момант заканчэння працы яму было 83 гады, - не толькі рабіў эскізы, але і сам апрацоўваў паверхню шкла.
У 1978 годзе, калі майстру ўжо было 90, у дадатак да наяўнага цыклу ён выканаў на паўднёвай сцяне папярочнага нефа новы шэдэўр - круглае акно, якое ўяўляла сабой разетку памерам 2,7 м у дыяметры.
Літаральна за некалькі сотняў метраў ад царквы Фраўмюнстэр знаходзіцца яшчэ адно месца, звязанае са знаходжаннем у Цюрыху Шагала. Гаворка пра знакаміты Kronenhalle - рэстаран, у «якім падаюць мастацтва». Тут пачынаючы з 1924 года рэгулярна сустракаліся сусветныя знакамітасці са свету моды, бізнесу, літаратуры, мастацтва і культуры. Частым госцем рэстарана быў і ўраджэнец Беларусі.
Памяць пра яго наведванні захоўвае не толькі распісанае майстрам абедзеннае меню, але і зала, што носіць яго імя. А таксама арыгінальныя жывапісныя творы нашага земляка на сценах рэстарана разам з палотнамі Пікаса, Кандзінскага, Матыса. Ёсць у гэтым бляску сусветна вядомых імёнаў і твораў, сабраных у рэстаране, і карціна іншай сусветнай знакамітасці родам з Беларусі - нацюрморт Хаіма Суціна.
Акрамя гэтага, працы Шагала і Суціна можна ўбачыць у экспазіцыях мастацкіх музеяў Цюрыха, Базэля і Берна.
Ганна Тумаркіна і Берн
Гонар Бернскага ўніверсітэта, першая ў Еўропе (і ў Швейцарыі) жанчына - прафесарка філасофіі. Гаворка пра Ганну Тумаркіну, якая родам з беларускага Дуброўна. Яна прыехала ў Берн ў 1892 годзе, калі ёй было 17, і засталася там на ўсё жыццё.
Вучылася ў Бернскім універсітэце на факультэце філасофіі, германістыкі і гісторыі. У 1895-м паспяхова абараніла дысертацыю па параўнальным аналізе філасофскіх прац Гердэра і Канта. Ва ўзросце 23 гадоў атрымала пасаду прыват-дацэнта ў Бернскім універсітэце, стаўшы першай у Швейцарыі і ў Еўропе жанчынай - выкладчыцай філасофіі. Выкладала эстэтыку і гісторыю філасофіі да 1943 года.
Тумаркіна актыўна ўдзельнічала ў руху за правы жанчын у Швейцарыі. Жыла разам з вядомай швейцарскай фемактывісткай Ідай Хоф.
16 лютага 2000 года, у дзень нараджэння ўраджэнкі Беларусі, адна з прылеглых да старога корпуса Бернскага ўніверсітэта вуліц атрымала назву Tumarkinweg. У памяць пра філосафку ва ўніверсітэце арганізаваная навуковая праграма ANNA, а ў холе галоўнага ўніверсітэцкага корпуса Тумаркінай прысвечаны вялікі інфармацыйны стэнд.
Тадэвуш Касцюшка і Залатурн
Са швейцарскім горадам Залатурнам звязаныя апошнія гады жыцця Тадэвуша Касцюшкі, кіраўніка антырасійскага паўстання 1794 года. Мы расказвалі пра яго ў асобным тэксце.
Тадэвуш асеў у Швейцарыі ў 1815-м. У кватэры, дзе ён жыў і дзе памёр 15 кастрычніка 1817-га, у 1936 года адкрылі музей. Знаходзіцца ён у самым цэнтры Залатурна. Забальзамаванае цела Касцюшкі было спачатку пахаванае ў склепе былой езуіцкай царквы Залатурна і заставалася там год. Потым яго перавезлі ў Кракаў і пахавалі ў царкве святога Фларыяна, а потым з найвышэйшымі вайсковымі ўшанаваннямі пахавалі ў склепе Вавельскага сабора, дзе спачываюць польскія каралі і нацыянальныя героі.
Унутраныя органы, забраныя падчас бальзамавання, былі асобна пахаваныя на могілках у Цухвілі (прыгарад Залатурна) і застаюцца там да сёння. На месцы пахавання ў 1817-м паставілі надмагільны помнік.
Сэрца Касцюшкі, паводле яго тэстамента, змясцілі ў скрыню і перадалі Эміліі Цэльтнер - дачцэ гаспадара дома ў Залатурне, у якім ён жыў. Выйшаўшы замуж, яна павезла сэрца Касцюшкі спачатку ў Лугана (камуна Vezia), а потым у італьянскі горад Варэзэ. У 1895-м сэрца нашага земляка перадалі ў Польскі музей у швейцарскім горадзе Раперсвілі, а ў 1927-м адправілі ў Варшаву - цяпер яно знаходзіцца ў Каралеўскім замку.
У кастрычніку 2017 года ў Залатурне ў скверы паміж рэфармаванай царквой і канцэртнай залай з'явіўся беларускі помнік Касцюшку, усталяваны з ініцыятывы заснавальніка Беларускага аб'яднання ў Швейцарыі Аляксандра Сапегі.
Ідэя помніка нарадзілася яшчэ ў 2010-м у тагачаснага кіраўніка амбасады Беларусі ў Швейцарыі Андрэя Кулажанкі. Яго падтрымалі ўлады Залатурна, МЗС і Мінкультуры Беларусі, але пахаваў ідэю Уладзімір Макей - у той час кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Праз сем гадоў Макей ужо ў якасці міністра замежных справаў падтрымаў усталяванне помніка, а таксама паспрыяў з'яўленню на ім беларускай шыльды.
Усталяванне помніка суправаджалася дыпламатычным канфліктам з Польшчай у сувязі са згадкай беларускіх каранёў Касцюшкі і выкарыстаннем беларускай мовы ў тэксце шыльды на мануменце. Адкрыццё помніка было прымеркаванае да 200-годдзя смерці нашага земляка, якое ў Залатурне - пабраціме Кракава - адзначалася з помпай цягам тыдня і магло стаць цвіком усёй праграмы. Нічога супастаўнага з адкрыццём помніка ў ім у палякаў не было, таму дату адкрыцця манумента засунулі ў канец урачыстасцяў. На памятныя мерапрыемствы чакаўся прыезд афіцыйнай дэлегацыі Польшчы на чале з прэзідэнтам. У выпадку з'яўлення такой шыльды на помніку польскі бок прыгразіў адменай візіту і наогул байкотам урачыстасцяў у Залатурне.
У выніку Беларусь выйшла з канфлікту з гонарам дзякуючы кампрамісу з уладамі Залатурна і невялікай хітрасці, на якую тыя пагадзіліся пайсці. Хітрасць палягала на тым, што сам факт перамоваў аўтара гэтых радкоў з мэрам і дасягнутая дамоўленасць засталася ў таямніцы да візіту высокіх польскіх гасцей (ён планаваўся на 15 кастрычніка, а адкрыццё помніка - 21-га).
У выніку помнік быў адкрыты з беларускамоўнай таблічкай, якая зламала шаблон: да яе з'яўлення ў Залатурне, як і ў Швейцарыі ў цэлым, было прынята лічыць Касцюшку выключна польскім героем. Шыльда далікатна паказвала і на ягоныя беларускія карані.
Магдалена Радзівіл і Фрыбур
Швейцарскі этап жыцця князёўны Магдалены Радзівіл - галоўнай мецэнаткі беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя - нашмат даўжэйшы, чым у Тадэвуша Касцюшкі, але нашмат менш даследаваны і вядомы.
У Швейцарыю князёўна пераехала з Германіі ў 1932-м і жыла ў Фрыбуры аж да сваёй смерці 6 студзеня 1945-га.
Паводле тэстамента, яе першапачаткова пахавалі ў Бургіёне. Дакладнае месца яе пахавання доўгі час заставалася невядомым беларусам. Толькі ў 2011 годзе яго знайшоў ужо згаданы дыпламат Андрэй Кулажанка. Ён выканаў мару многіх беларускіх даследчыкаў, якія наракалі на канферэнцыях і выставах у гонар Магдалены Радзівіл, што няма куды ўскласці кветкі. Кулажанка пакінуў на яе магіле букет рамонкаў і праліў святло на апошнія гады жыцця князёўны.
Лічылася, што ў Фрыбуры Магдалена ўступіла ў манаскі ордэн дамініканак. Кулажанка высветліў, што Радзівіл не рабіла гэтага - манашкі толькі клапаціліся пра яе як пра госцю пансіёна для пажылых людзей Foyer Ste Elizabeth. Таксама ён высветліў, што разам з Магдаленай у магіле на маленькім могілках пры царкве Нотр-Дам-дэ-Бургіён у прыгарадзе Фрыбура пахаваная і яе дачка ад першага шлюбу - з графам Людвікам Красінскім) - Людвіка, якая памерла ў Канах у 1958-м.
У 2016-м унукі Людвікі, якія жылі ў Вялікабрытаніі - на падставе таго, што ў Швейцарыі няма сваякоў, каб даглядаць магілу, - захочуць перавезці прах сваёй бабулі ў польскую Сяняву ў сямейны склеп, а прах прабабулі - Магдалены Радзівіл - перапахаваць у Мінску ў Чырвоным касцёле.
Гісторыя гэтага перапахавання - асобная тэма. Эксгумацыя рэшткаў Магдалены і Людвікі была праведзеная ў пачатку 2017-га. У Лазане ў той час жыў праўнук Магдалены, прынц Антоній дэ Бурбон Абедзвюх Сіцылій - сын апошняга караля Абедзвюх Сіцылій і старэйшай дачкі Людвікі - Малгажаты. Антоній бачыў Магдалену жывой, даглядаў магілу прабабулі і бабулі ўвесь той час, пакуль іх рэшткі там спачывалі і пакуль дазвалялі сілы. Тамсама, ля магілы, у 2013-м на Дзяд" адбылося выпадковае знаёмства з ім беларускай дыяспары. У лістападзе 2019-га Бурбона не стала.
Урна з прахам Людвікі паехала ў Польшчу. Урна з прахам Магдалены, перад тым як выправіцца ў Мінск, амаль два месяцы захоўвалася ў амбасадзе Беларусі ў Берне. У выніку 17 лютага 2018-га прах Магдалены Радзівіл урачыста пахавалі ва ўнутранай сцяне касцёла св. Тройцы ў Мінску і закрылі памятнай шыльдай з барэльефам мецэнаткі.
Іншая памятная шыльда, выкананая скульптарам Максімам Петрулём, з'явілася ў ліпені 2021-га на каменнай агароджы царквы Нотр-Дам-дэ-Бургіён, на тэрыторыі якой знаходзілася магіла.
Роберт Генін і Базэль
Пра швейцарскі перыяд жыцця жывапісца Роберта Геніна - ураджэнца вёскі Высокае, што цяпер у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці - вядома зусім няшмат.
У 1919-м Генін набыў дом у Асконе. Яго адрас - загадка, якую яшчэ трэба будзе разгадаць. Ён жыў у гэтым доме летам, пераязджаючы на зіму ў Берлін. Бываў у Базэлі і Цюрыху, дзе праводзіліся выставы яго работ. У Берне і Асконе мастак пісаў фрэскі для фасадаў грамадскіх будынкаў.
Генін блізка сябраваў з буйным бацэльскім мецэнатам Карлам ім Аберштэгам, які сабраў знакамітую калекцыю мастацкіх твораў, у якую ўваходзяць бясцэнныя карціны не толькі Геніна, але і Шагала з Суціным.
У 1936-м ураджэнец Беларусі вярнуўся з Захаду ў СССР. Праз пяць гадоў ён скончыў жыццё самагубствам у Маскве - гэта адбылося праз некалькі дзён пасля кантузіі фугаснай бомбай падчас дзяжурства на даху (ішла вайна з немцамі).
У 2002-м збор Аберштэга перадалі на захоўванне Базэльскаму мастацкаму музею. Прадстаўленая ў ім спадчына Роберта Геніна - самая вялікая з наяўных калекцый яго твораў. Яна ўключае не толькі жывапісныя творы майстра, але і яго лісты.
Адам Міцкевіч і Лазана
Самы вядомы і працяглы швейцарскі перыяд жыцця Адама Міцкевіча - паэта, ураджэнца Навагрудчыны, - а ён бываў у Швейцарыі шматкроць, звязаны з выкладаннем у Лазане.
Адам прыехаў туды 17 чэрвеня 1839-га з сям'ёй - жонкай і дзецьмі, пасяліўся спачатку на вуліцы Сэн-П'ер у доме 16, а потым на віле па вуліцы Бо-Сэжур, 40 з відам на возера і Альпы. Гэты дом знеслі пасля Другой сусветнай.
У кастрычніку 1839-га Міцкевіч афіцыйна працаўладкаваўся ў Акадэмію Лазаны прафесарам (цяпер Лазанскі ўніверсітэт) і выкладаў там лацінскую літаратуру роўна год, пакуль яго не перавабіў да сябе Парыж. Паралельна з лекцыямі ў Акадэміі кантанальныя ўлады абавязалі ўраджэнца Беларусі выкладаць у гімназіі.
Тут жа ў Лазане Міцкевіч піша свае заключныя мастацкія творы - так званы лазанскі цыкл.
У 1898 годзе ў памяць пра лекцыі Міцкевіча на былым будынку Акадэміі, у якім цяпер кантанальная гімназія, усталявалі мемарыяльную шыльду. Акрамя гэтага, была шыльда і на віле, дзе жыў Адам, але яна знікла пасля зносу дома.
У 2019−2020 гадах аўтар гэтага артыкула (пры падтрымцы тагачаснага ганаровага консула Беларусі Андрэя Нажэскіна і Асацыяцыі сяброўства Швейцарыя - Беларусь) падымаў пытанне пра ўсталяванне помніка Міцкевічу ў Лазане, але ініцыятывы не падтрымалі гарадскія ўлады.
Мост Шанцэнбруке і Берн
Яшчэ адзін аб'ект на карце Швейцарыі, які мае беларускія карані, - мост Шанцэнбруке ў Берне. Ён пабудаваны паводле разлікаў ураджэнца Магілёва Георгія Арлова. Падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі ён ваяваў за белых, эміграваў, жыў у Празе. Адтуль ён з'ехаў перад надыходам савецкіх войск і ў снежні 1945 года на запрашэнне будаўнічай кампаніі Losinger, у якой пасля працаваў інжынерам, пераехаў з сям'ёй у Берн.
Паводле разлікаў Арлова будаваліся плаціны і масты ў Швейцарыі і Ізраілі. Многім пакаленням швейцарскіх студэнтаў ён вядомы як аўтар кнігі па інжынерных вылічэннях, выдадзенай у Швейцарыі ў 1963-м сумесна з Германам Заксэнхоферам (Balken auf elastischer Unterlage).
У наступным годзе Арлоў памёр. Ягоны «Дзённік добраахвотніка», які беларус вёў кожны дзень падчас Грамадзянскай вайны, выйшаў толькі ў 2019-м.
Уладзіслаў Малахоўскі і Жэнева
Яшчэ адно агульнае, але малавядомае імя для абедзвюх краін - Уладзіслаў Малахоўскі, ён жа Леон Варнерке - ураджэнец маёнтка Мацы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, рэвалюцыянер, удзельнік паўстання Каліноўскага, інжынер і вынаходнік. Яму, у прыватнасці, належыць вынаходніцтва фотакасеты.
Праўда, вядомасць Малахоўскаму-Варнерке прынесла іншае рамяство - ён лічыцца адным з самых таленавітых фальшываманетчыкаў у гісторыі.
Швейцарскі перыяд у жыцці Варнерке ахаваны таямніцай. У 1899 годзе ён з'ехаў у Швейцарыю, і на гэтым сляды губляюцца. Як мяркуецца, Варнерке памёр у гатэлі ў Жэневе 7 кастрычніка 1900 года - ці то застрэліўся, ці то толькі інсцэніяваў сваю смерць.
Месца яго пахавання пакуль не знойдзенае. Спробы яго высветліць рабіліся, у тым ліку аўтарам гэтых радкоў падчас працы ў Швейцарыі, але не мелі поспеху.
Роберт Зайчык і Цюрых
Роберта Зайчыка наўрад ці добра ведаюць у Беларусі, а ў Швейцарыі і Заходняй Еўропе яго ўслаўлялі. Ураджэнец Мсціслава, пісьменнік, філосаф, гісторык літаратуры і крытык. Пяру Роберта Зайчыка належыць першае дэталёвае даследаванне швейцарскай паэзіі Meister der Schweiz. Dichtung des 19 Jahrhunderts (1894) і яшчэ каля 50 навуковых працаў па тэматыцы ад італьянскага рэнесансу да палітыкі нямецкага канцлера Бісмарка, гістарычных анекдотаў і хрысціянскіх мудрасцяў.
Зайчык быў шырока вядомы ў Еўропе яшчэ і як збіральнік кніг. Адна з сабраных ім бібліятэк налічвала каля 30 тысяч тамоў - яе задакументавалі ў выдадзеным у 1927-м у Германіі шасцітомным каталогу.
Зайчык працаваў у якасці прыват-дацэнта ва ўніверсітэтах Берна і Неўшатэля. Амаль 20 гадоў, пачынаючы з 1895-га, выкладаў славянскую лінгвістыку і літаратуру ў Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха. Яго лекцыі былі самымі наведвальнымі ў гэтай ВНУ.
Нямецкі філосаф і публіцыст Освальд Шпенглер называў Роберта Зайчыка апошнім універсальна адукаваным чалавекам.
Звязаных з Робертам Зайчыкам у Швейцарыі месцаў даволі шмат - Берн, Жэнева, Неўшатэль, Цюрых, Аскона, Аберыдэн. Гэтая краіна стала яго другой радзімай, ён пражыў у ёй доўгае жыццё - памёр у 96 гадоў у 1965-м. Пахаваны ў Хоргене на беразе Цюрыхскага возера.
Слуцкія паясы і Раперсвіль
Завяршае рэйтынг беларускіх імёнаў і месцаў у Швейцарыі Польскі музей у сярэднявечным замку ў мястэчку Раперсвіль-Ёна на Цюрыхскім возеры. Ён ужо згадваўся ў кантэксце Касцюшкі, гэта сапраўдная скарбніца каштоўнасцяў, частка якіх мае непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі.
У зборы музея каля 8 тысяч твораў мастацтва, дзясяткі тысяч кніг і некалькі тысяч дакументаў са спадчыны так званай польскай эміграцыі ў Швейцарыі, якую напэўна складалі не толькі палякі, але і беларусы.
У калекцыі можна знайсці гербы Вялікага Княства Літоўскага з беларускімі гарадамі. Але галоўны беларускі скарб, які захоўваецца там, - знакамітыя паясы з вышываным надпісам Słuck.
Чытайце таксама