«Не хочам іх бачыць». Трэнер весляроў расказаў, каго беларусы абыходзяць бокам на Алімпіядзе ў Парыжы
8 жнiўня 2024 у 1723099380
«Зеркало»
Найвядомейшы трэнер па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч, выхаванцы якога сталі ўладальнікамі мноства ўзнагародаў з топ-турніраў, расказаў, як ставяцца да беларусаў у гэтым відзе спорту на Гульнях у Парыжы, паведамляе sport5.by.
У нейтральным статусе на Алімпіяду дапусцілі двух атлетаў: байдарачнік Уладзіслаў Кравец 7 жніўня адабраўся ў паўфінал, а канаістка Юлія Трушкіна выйдзе на старт 8 жніўня. У Шантаровіча спыталі, «ці адбіваецца нейтральны статус на паўсядзённым жыцці на Алімпіядзе»:
- Думаю, што не. Так, мы разышліся з літоўцамі ў першым элінгу (памяшканне для захоўвання лодак. - Заўв. рэд.). Не хочам іх бачыць у сувязі з іх паводзінамі. А ўсё астатняе ў штатным рэжыме. Ніякага ціску не адчуваем.
Незразумела, пра якія паводзіны казаў трэнер. Цяпер беларусы дзеляць элінг з кітайцамі, дзе працуе беларус Раман Петрушэнка, і бразільцамі.
«Ветлівыя, успрымальныя людзі. Вельмі рады, што мы вярнуліся на міжнародную арэну», - ахарактарызаваў Шантаровіч атлетаў з дружалюбных краін.
Таксама ён задаволены ўмовамі на Гульнях у Парыжы:
- Алімпійская вёска, абслугоўванне, транспарт і іншая «бытавуха» мяне пакуль задавальняюць. Той «каземат», у якім мы жылі ў Токіа, мне не вельмі падабаўся. А цяперашні наш двухпавярховы будынак цалкам камфортны. Наш Нацыянальны алімпійскі камітэт забяспечвае ўсім неабходным. Такое ўражанне, што знаходзімся дома - у Мінску, у Брэсце ці Гродне…