У мужчын таксама ёсць пачуцці. Знайшлі беларусаў, якія шчыра расказалі, што шкадуюць пра першы сэкс і цяпер бы так дакладна не зрабілі
12 верасня 2023 у 1694520900
«Зеркало»
Нядаўна «Люстэрка» расказвала гісторыі беларусак, у якіх досвед першага сэксу быў няўдалым і нават траўмавальным. У іх партнёраў таксама ўсё не заўсёды праходзіць гладка - настолькі, што часам гэта запамінаецца на ўсё жыццё. Гэтым разам гісторыямі пра тое, як няўдалы першы сэксуальны досвед паўплываў на стаўленне да блізкасці, дзеляцца мужчыны.
Усе імёны ў гісторыях змененыя з меркаванняў бяспекі суразмоўцаў.
У гэтым тэксце расказваецца, як падлеткі ўжываюць алкаголь. Згодна з артыкулам 19.4 КаАП, купля ці продаж няпоўнагадовым такіх напояў караецца штрафам да 30 базавых велічыняў і лічыцца антыграмадскімі паводзінамі. Акрамя гэтага, з 14 гадоў наступае адміністрацыйная адказнасць не толькі за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, але і нават з'яўленне там у стане моцнага ап'янення.
«Было сорамна, што я такая жывёліна»
26-гадовы Ігнат адкрыў для сябе свет сэксу ў 15 гадоў. Яго партнёркай стала 24-гадовая Лізавета - важатая ў летнім лагеры (паводле Крымінальнага кодэкса, калі поўнагадовы чалавек уступіў у палавы кантакт з падлеткам, што не дасягнуў 16 гадоў, гэта з'яўляецца злачынствам і караецца тэрмінам аж да чатырох гадоў пазбаўлення волі). Дзяўчына працавала там не першы год і была адной з арганізатарак усіх мерапрыемстваў.
- У нас увесь час былі нейкія актыўнасці: канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, - успамінае Ігнат. - Лагер быў для падлеткаў да 17 гадоў, але Ліза тусавалася з намі. Тады гэта здавалася крутым, але цяпер я разумею: яна была заўсёды нібыта на мяжы, адпускаючы недарэчныя ці нават брыдкія жарты. Я ж актыўна ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах, таму ўвесь час меў магчымасць з ёю бачыцца, пакуль мы да іх рыхтаваліся.
Як прызнаецца суразмоўца, Лізавета прывабіла яго не столькі рамантычна, колькі сваёй прыязнай манерай камунікацыі, уважлівасцю да падлеткаў, уменнем быць з імі на роўных, не зважаючы на розніцу ва ўзросце.
- Паміж намі не было ніякага сэксуальнага напружання, але быў адзін эпізод, з якога ўсё пачалося, - расказвае Ігнат. - Мы хацелі зрабіць падарунак важатаму з папярэдняй змены: намаляваць нешта накшталт насценгазеты ці плаката, дзе кожны мог напісаць віншаванне. Ад выкладчыцкага складу маляваць падахвоцілася Ліза, а я, уласна, ад навучэнцаў. Ужо амаль раніца, каля 4−5 гадзін, праца скончаная. Перад тым як разысціся, мы з ёй абдымаемся, але неяк незвычайна доўга. І тут я адчуў ад яе ўзбуджэнне і неяк інстынктыўна пацалаваў яе ў шыю. Варта аддаць ёй належнае: Ліза адразу пачала казаць, што так нельга, - і мы разышліся па сваіх пакоях.
Пасля гэтага эпізоду маладыя людзі працягнулі камунікаваць і паводзіліся быццам нічога не здарылася, спісаўшы ўсё на недарэчную выпадковасць. Яны настолькі пасябравалі, што пасля завяршэння змены ў лагеры іх камунікацыя не спынілася.
- Мы з Лізай перапісваліся, стэлефаноўваліся, падоўгу размаўляючы, - кажа Ігнат. - Яна часта расказвала асабістае: напрыклад, пра свайго былога хлопца, які неяк кепска з ёй абышоўся. Я слухаў і хацеў падтрымаць яе па-сяброўску.
Такія блізкія адносіны склаліся паміж усімі падлеткамі і важатымі, якія былі ў тую змену ў лагеры. Яны працягвалі бачыцца падчас навучальнага года - на агульных сустрэчах Ігнат бачыўся і з Лізаветай. Цяпер статус важатай, жартуе суразмоўца, не перашкаджаў дзяўчыне свабодна весяліцца разам з падлеткамі. Як і многія няпоўнагадовыя, на такіх вечарынках яны спрабавалі алкаголь употай ад бацькоў.
- Цяпер я разумею, што ў Лізы былі праблемы з этыкай. Яна ездзіла з намі на тусоўкі, купляла алкаголь і выдатна сябе адчувала. У лагеры, вядома ж, гэта было строга забаронена, - расказвае Ігнат. - Часта на гэтых вечарынках быў трэш і п'яны чад, і на нейкай з іх мы з Лізай адасобіліся. Мы ўдваіх у ніжняй бялізне, я чапаю яе за грудзі, труся аб сцягно і тут жа эякулюю. Яна ніяк не пярэчыла гэтаму. А я тады зразумеў, што ўва мне абудзілася сэксуальнасць і што ўва мне ёсць нейкая жывёльная х***я.
Паводле суразмоўцы, тое, што здарылася, яны ніяк не абгаварылі, і на наступнай вечарынцы ўсё працягнулася. Пікам «адносін» стала чарговая тусоўка, але тым разам яна была асабліва ўрачыстая для падлеткаў. Многія з іх мусілі з'ехаць вучыцца за мяжу, таму ўсе пілі і гулялі як апошні раз.
- У тую ноч я быў жудасна бухі - па-іншаму і не скажаш. У такім стане былі ўсе: хтосьці ў суседнім пакоі пазбаўляўся цнатлівасці, хтосьці проста вар'яцеў. А мы з Лізай зноў засталіся ўдваіх і зайшлі далей, чым звычайна, - успамінае Ігнат. - Ціскаліся, цалаваліся, краналі адно аднаго, і тут яна ў мяне пытае: «Ці ёсць у цябе прэзерватыў, можа, у мамы дзесьці?» Я ў душы не *** [паняцця не маю]! Вось гітара мая, вось на гэтым камп'ютары я ў цацкі гуляю - пра якую кантрацэпцыю наогул гаворка.
Лізавета пайшла спытаць, ці ёсць прэзерватыў у іншых хлопцаў і дзяўчат у кватэры, але яго не аказалася. І, як кажа суразмоўца, толькі таму сэксу з пранікненнем у іх не было.
- Усё, што здарылася пазней, я дакладна залічваю за першы сэкс, бо ён у нас быў аральны, - прызнаецца Ігнат. - Я памятаю яе каментар, маўляў, я занадта шмат пра гэта ведаю, і наступную фразу, якая таксама моцна адклалася: «Віншую, ты ўпершыню давёў жанчыну да аргазму». Гэта не стала для мяне кампліментам, я, наадварот, разгубіўся… Так, давёў, і што цяпер? Ісці медаль на сцяну вешаць? Яна ў сваю чаргу зрабіла мне мінет.
На наступны дзень Ігнату было вельмі кепска не толькі ад пахмелля. Сэкс з Лізаветай адклаў адбітак на ментальным стане. З таго дня наш суразмоўца пачаў максімальна ўнікаць дзяўчыны.
- Я не ведаў, як ставіцца да таго, што адбылося. З'яўляліся думкі, што гэта ледзь не я яе выкарыстаў, схіліў да блізкасці і цяпер не хачу камунікаваць. Мне было сорамна, дзіўна. А калі яна з'ехала ў іншы горад, зразумеў, як рады, што абарваў нашыя зносіны ў аднабаковым парадку. Потым мы толькі адзін раз перасекліся на мерапрыемстве. Я быў напалоханы, хваляваўся, што яна ўсім раскажа, пазбягаў яе і вельмі моцна злаваўся.
Расказаць камусьці пра свой досвед Ігнат доўга не наважваўся. Усе прыяцелі былі ў адной вялікай кампаніі, і ён баяўся, што яго засаромяць за тое, што звязаўся не са сваёй аднагодкай.
- Гады праз чатыры я ўсё ж расказаў сябрам. Але без імёнаў і нейкіх персанальных звестак, - удакладняе суразмоўца. - Я не мог наважыцца яшчэ і таму, што гэта быў дзіўны, змазаны, непрыемны досвед, пра які незразумела як казаць. Ды і мне было сорамна, што я жывёліна такая… Нібыта ўсё было заканамерна для такіх тусовак, але мне не хацелася, каб гэтая сітуацыя здаралася, і я пачаў адчуваць пэўнае бяссілле. Пажадлівасць быццам кіравала мной і вабіла не каханне да дзяўчыны, а яе даступнасць. Але плюс ёсць: я зразумеў, што мяне не цікавіць проста фізічная блізкасць без пачуццяў.
З таго выпадку мінула ўжо 11 гадоў, але Ігнат усё яшчэ шкадуе, што ў тым узросце ў яго не было дарослага, з якім можна было б абмеркаваць тое, што адбылося, без сарамлівасці і страху асуджэння.
- У мяне быў нейкі досвед? Быў. Што ён даў мне ў моманце? Мне было пагана. Цела і душа падзяліліся: атрымалася фізічная разрадка, а ўнутры не было радасці, трымцення ад таго, што гэта першы раз, - шчыра прызнаецца суразмоўца. - Мне здаецца, мы былі ў сітуацыі, дзе больш дарослы чалавек з нас, то-бок Ліза, мусіў сказаць «не». Бо я яшчэ не меў дастатковай усвядомленасці. Шчыра скажам: я быў маленькі.
На думку Ігната, першы раз мусіў быць іншым: на цвярозую галаву, каб цалкам усведамляць, чаго ты хочаш і што адчуваеш у моманце, і з чалавекам прыкладна твайго ўзросту.
«Была не асабліва ў маім гусце, але для ажыццяўлення мэты - самы просты варыянт»
Першы сэкс у жыццё 56-гадовага Мікалая прыйшоў у пачатку 1980-х. Мужчыну было 15, і тым летам ён прыехаў на канікулы да бабулі ў вёску. Яго першай дзяўчынай стала Святлана, старэйшая за хлопца на пару гадоў.
- Жыццё ў тыя часы было поўнае цудаў і прыгод. Калі табе 15, усё ўспрымаецца ў ружовым колеры, - успамінае Мікалай. - З мясцовымі дзецюкамі я сябраваў, усіх добра ведаў, разам хадзілі ў лес і клуб, на рэчку і на бойкі з суседскімі хлопцамі - рамантыка. Часта нашыя пасядзелкі былі з аповедамі пра амурныя перамогі. Ой, там усе былі арлы, вялікія каханкі! У тым ліку і я. Дзяўчат у тыя часы абмяркоўвалі ў бруднай, зняважлівай манеры, бо лічылася, што сэкс для мужчыны - гэта гонар, пашана ад іншых, а для дзяўчыны - прыніжэнне, пакаранне.
Як прызнаецца суразмоўца, тады ён быў такім жа цынікам і хвальком, як сябры: расказваў у кампаніях пра сэксуальныя поспехі, хаця не меў досведу і цьмяна ўяўляў, што рабіць з дзяўчынай, калі здарыцца інтым.
- Лета шаптала, у клубе былі танцы, сэрца грукала ў прадчуванні і жаданні раней не зведанага. На параду старэйшых хлопцаў выбраў «ахвяру». Ёю стала Светка, для якой, як яны казалі, блізкасць - што вады папіць. З выгляду яна была не вельмі худзенькая, не асабліва ў маім гусце, але для ажыццяўлення мэты - самы просты варыянт. Так я тады думаў, а сам нават патанчыць яе запрасіць баяўся, - кажа Мікалай.
Калі Святлана выйшла падыхаць паветрам пасля танцаў, хлопец усё ж наважыўся да яе падысці пагутарыць. Паводле словаў Мікалая, ён вельмі «красамоўна» выказаў ёй свае жаданне.
- «Светка! Я… эээ… ммм, ну гэта, а калі мы… Ты зразумела?!» - прыгадвае суразмоўца. - Яна спрабавала зрабіць здзіўленыя вочы, хаця я ўсё адно ўбачыў у іх іронію і смех.
Тады дзяўчына згоды на блізкасць не дала, таму Мікалай вырашыў падпільнаваць яе пасля танцаў, каб правесці да хаты. Спрабаваў паабдымаць, неяк дакрануцца, каб яшчэ раз намякнуць пра свой інтарэс.
- Калі мы дайшлі да яе дома, яна хутчэй давай казаць, што позна ўжо, заўтра шмат справаў, а ў канцы дадала, што ў яе яшчэ і месячныя і што я мушу разумець, чаму нельга. Светка пайшла ў хату, а я сабе стаю ды думаю, што такое гэтыя месячныя, у каго спытаць, - смяецца суразмоўца.
Праз некалькі дзён Мікалай зноў паспрабаваў спытаць Святлану, аднак яна працягвала адгаворвацца. Праз тыдзень гісторыя паўтарылася.
- Я ўжо зразумеў, што яна пазбягае мяне. Таму чарговым вечарам вырашыў з хлопцамі выпіць самагону, грамаў 50 ці 100. Яны часцяком сабе дазвалялі, а мне неяк не быў цікавы алкаголь. Але тут пагадзіўся, - успамінае Мікалай. - Які ж я стаў мужны, смелы, упэўнены ў сабе! Адразу пабег да Светкі. А яна зноў давай сваю старую песню пра месячныя. Тады падхапіў на рукі, хаця важыла яна дай божа, і пабег са сваёй здабычай па вёсцы, шукаючы ўтульны куточак.
Зразумеўшы сур'ёзнасць намераў хлопца, Святлана ўсё ж дала згоду.
- За хлявом, за пуняй, на агародах стаяла лазня маёй бабулі, дык вось у ёй і адбылося маё знаёмства з велізарнай таямніцай жыцця. Месяц праз шкло маленькага акенца асвятляў паліцы, Светка пачала раздзявацца. Яе аголенае цела было быццам з палотнаў Рубенса, - з усмешкай расказвае Мікалай. - Дыхаць мне стала цяжка, ногі, рукі калаціліся. Неяк скінуў штаны ды прыціснуўся да яе. Кудысьці ўсунуўся і пачаў рухацца, думаючы, што ўсё як трэба… Але яна мяне спыніла, сваёй рукою скіравала - усё атрымалася. І раптоўна скончылася! Папрасіў яе мяне пакінуць. Светка - за рэчы і ўцякла, на дварэ апраналася. Мне неяк не па сабе стала, страўнік нібы вывернула, сяджу, ледзь дыхаю. Сам не зразумеў, што такое, але, калі праз пэўны час адышоў, пашкадаваў, што яе няма побач.
Як прызнаецца мужчына, Святлана не пакрыўдзілася на яго і пагадзілася працягваць іх сустрэчы ў лазні. Пасля першага разу яны сталі для Мікалая ўжо чаканымі.
- З раніцы да вечара ледзь цярпеў! Света добрая была. Не памятаю, два ці тры тыдні так у нас працягвалася, пакуль я не пакрыўдзіў яе моцна, абразіўшы. Не хачу казаць як. Дурны, малады быў! - з горыччу кажа Мікалай. - Яна знікла кудысьці, і больш мы ніколі не бачыліся.
Неадназначны першы досвед і пазнейшае здарэнне са Святланай моцна паўплывалі на Мікалая. Са словаў мужчыны, ён страціў імпэт да дзяўчат і ўсяго звязанага з сэксуальным жыццём. Толькі праз некалькі гадоў мужчына дазволіў сабе зноў уступіць у блізкія адносіны, ужо з іншай.
- Нельга сказаць, што ўсё было добра з новай партнёркай, нават сэкс быў механічным. Я часта проста прымушаў сябе. Потым мы з ёй ажаніліся, неяк выпадкова. Я махнуў рукой, падумаў: «Якая розніца, яна ці іншая», - шчыра расказвае Мікалай. - З'явіліся дзеткі, жылі дзеля іх, але скончылася ўсё скандаламі, сваркамі. Мы рассталіся, і я пачаў далей шукаць сабе шчасця ўжо ў абдымках розных жанчын.
З цягам часу Мікалаю ўдалося наладзіць сваё жыццё і сустрэць тую, якую ён шчыра пакахаў. Да свайго мінулага досведу мужчына ставіцца па-філасофску.
- Шчасце можа доўжыцца гадзіну, дзень, тыдзень, месяц, але галоўнае, каб яно здарылася. Я вельмі ўдзячны ўсім дзяўчатам, з якімі мяне звёў лёс. Мабыць, найвялікшым шчасцем было б застацца з той, якую зведаў на світанку жыцця, але як ёсць, - кажа Мікалай. - Можа, калі б палавое выхаванне пачыналася з дзяцінства, больш людзей сустрэла б і захавала шчырае каханне.
«Пачаў пагражаць міліцыяй і крычаць, каб вымятаўся»
Першы сэксуальны досвед у 29-гадовага Рамана здарыўся, калі яму было 17. Яго партнёркай стала 16-гадовая Ірына - першае каханне маладога чалавека. Як ён кажа, у іх былі добрыя адносіны: увесь вольны час яны бавілі разам, гуляючы па вуліцах і парках, размаўляючы пра ўсё на свеце і спадзеючыся, што хутка ім удасца застацца сам-насам.
- Кроў тады кіпела, гармоны білі ў галаву, прага адно аднаго была найвышэйшая - напэўна, усё як належыць па ўзросце, - прызнаецца Раман. - Для нашых бацькоў гэтыя адносіны былі таямніцай. На гатэльны нумар ці кватэру на суткі, ясна рэч, у нас не было грошай, а дома і ў мяне, і ў яе ўвесь час хтосьці быў: усё закруцілася ў халодную пару года, калі хадзіць і ездзіць асабліва няма куды.
Улетку, калі бацькі Ірыны пачалі ездзіць на лецішча, у пары стала атрымлівацца бавіць час сам-насам. Першай сэксуальнай практыкай сталі ўзаемныя ласкі, што, як кажа Раман, дапамагло пазней.
- Прыкладна праз месяц такіх нашых сустрэч у яе Іра запрасіла мяне зноў і намякнула, што гатовая зрабіць, як мы тады казалі, «гэта самае», - успамінае суразмоўца. - Мы замкнуліся ў пакоі, ужо звыкла расклалі канапу і, хоць было трохі няёмка, усё ж наважыліся паспрабаваць. Вялікага шоку ад выгляду аголеных целаў у нас не было: да гэтага мы краналі адно аднаго, разглядалі палавыя органы, - а яшчэ праз тое, што сэкс быў доўгачаканым, няёмкасць перакрывалася на раз-два.
Паводле ўражанняў Рамана, усё прайшло вельмі лёгка і натуральна, хоць і хутка: Ірыне было ўсё ж балюча. Але гэта было чакана, таму закаханыя працягвалі ляжаць голымі ў ложку. Раман кажа, што любаваўся сваёй дзяўчынай і радаваўся, што яна такая прыгожая.
Ідылію парушыў гук ключа, што паварочваўся ў замку. Секунда - уваходныя дзверы ў кватэру ўжо адкрываюцца, у перадпакоі загараецца святло, і па гуку крокаў становіцца зразумела: прыйшоў бацька Ірыны.
- Ён хутка зразумеў, што нешта не так. Хутчэй за ўсё, па чужым абутку ў калідоры. Тут жа заляцеў у пакой Іры, а там яна, заматаная ў коўдру, і я, які заблытаўся ў сваіх жа канечнасцях і пры гэтым спрабуе хутка апрануцца. Яшчэ я невыразна мармытаў: «Гэта не тое што вы падумалі!» Класіка, - усё яшчэ з хваляваннем у голасе апісвае Раман. - Ён жа пачаў пагражаць міліцыяй, хоць я быў такім жа гяпоўнагадовым, крычаць, каб я хутка вымятаўся. Я схапіў усе рэчы, выбег з імі з кватэры і апранаўся ўжо на лесвічнай клетцы.
Пасля гэтага інцыдэнту Ірына і Раман некалькі месяцаў не бачыліся. Бацька дзяўчыны забараніў закаханым камунікаваць і татальна кантраляваў яе, таму падзяліцца перажываннямі, што першы сэкс атрымаўся не такім чароўным, як было ў марах, маладым людзям не ўдавалася.
- Не памятаю чаму, але пазней бацька Іры паслабіў кантроль, - успамінае Раман, - мы зноў пачалі паціху камунікаваць. Я нават наважыўся ўпотай прыходзіць да яе ў госці. Але пэўны час - каля паўгода ці нават года - у мяне быў пэўны страх блізкасці: адразу перад вачыма паўставала карціна таго, як мяне гоніць яе бацька, як я, у надзетых задам наперад трусах, у паніцы працягваю апранацца ў пад'ездзе, баючыся, што мяне ўбачаць чужыя людзі. Сэкс стаў для мяне чымсьці, за што цябе пакараюць, чымсьці кепскім і няправільным. Можна сказаць, што ўнутры сябе я забіўся ў кут і сядзеў, не ведаючы, што цяпер рабіць вось з такім досведам.
Ні з кім з сяброў і блізкіх Раман таксама не дзяліўся сваёй траўмай. З сітуацыі хлопцу дапамагла выйсці сама Ірына. Жаданне вярнуць сэкс у адносіны было ўзаемным, таму пасля доўгіх абмеркаванняў удалося пераадолець страх.
- Узаемная цяга адно да аднаго ў выніку аказалася мацнейшай, - ужо з усмешкай прызнаецца Раман, - і страх шчасліва знік. Шчыра лічу, што моцнае першае каханне і дапамагло пераадолець страх. Цяпер тая гісторыя ўжо хутчэй смешная, хоць у свой час было вельмі непрыемна, і я адчуваў сябе па-дурному. Хай мая гісторыя стане ўрокам, што абавязкова трэба выбіраць бяспечнае месца: вас ніхто не павінен турбаваць і вам мусіць быць камфортна, каб атрымліваць асалоду адно ад аднаго ўсю ноч, а не ўцякаць ад раз'юшанага бацькі сваёй дзяўчыны.
«Люстэрка» сабрала парады для паляпшэння сэксуальнага жыцця пасля негатыўнага досведу
Размаўляйце. Важна абмеркаваць з будучым партнёрам свае пачуцці і асцярогі, звязаныя з мінулым негатыўным досведам. Падзяліцеся сваімі эмоцыямі, каб ваш партнёр разумеў, што адбывалася, і мог падтрымаць вас.
Паступова ўступайце ў новыя адносіны. Не спяшайцеся і выкарыстоўвайце метад «паступовага набліжэння», каб блізкасць, а таксама магчымасць доступу да эрагенных зонаў і палавых органаў павялічвалася прагрэсіўна.
Стаўце камфорт і бяспеку ў прыярытэт. Выкарыстоўвайце прэзерватывы, якія могуць дапамагчы вам адчуць сябе абаронена і ўпэўнена. Калі партнёр не хоча гэтага рабіць - адмоўцеся ад сэксу: думайце ў першую чаргу пра сябе.
Адукоўвайцеся. Чытайце кнігі, артыкулы і іншыя рэсурсы, якія дапамогуць вам лепш разабрацца ў пытаннях сэксуальнасці. Звярніцеся да спецыялістаў па кваліфікаваную дапамогу, у працэсе абмяркоўваючы ваш траўматычны досвед.
Практыкуйцеся самастойна. Падумайце пра свае асабістыя межы і патрэбы ў інтымных адносінах, даследуйце сваё цела і сэксуальнасць праз мастурбацыю.
Будзьце цярплівыя да сябе і партнёра. Паляпшэнне сэксуальнага жыцця пасля негатыўнага досведу патрабуе часу. Памятайце, што кожны чалавек індывідуальны і перажывае свае эмоцыі па-рознаму. Будзьце тымі, хто кахае і падтрымлівае адно аднаго.
Дапусціце, што сэкс - гэта не вашае. Магчыма і такое, што вам у прынцыпе не падабаецца сэкс. Гэта таксама нармальна.
Чытайце таксама