У Гомелі паліклініка судзіцца з 20 медыкамі. З іх спрабуюць спагнаць нанесеную шкоду
6 снежня 2024 у 1733472240
Максім Іскрын / «Зеркало»
Грамадзянскую справу, па якой праходзяць 20 медработнікаў, пачнуць разглядаць 9 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Пазоўнікам выступае Гомельская цэнтральная гарадская клінічная паліклініка, а асобай, якая абараняе яе правы, - гарадская пракуратура. Як вынікае з раскладу суда, прадмет спрэчкі - кампенсацыя работнікамі нанесенай шкоды, піша «Флагшток».
У спісе адказчыкаў - трое медыкаў, астатнія прызнаныя суадказчыкамі. Сярод іх Вера Драко - як высветліў «Флагшток», гэта намесніца загадчыка паліклінікі № 6.
Яшчэ адна адказчыца - Алена Царанкова, якая, прынамсі ў 2019 годзе, працавала медсястрой прышчэпачнага кабінета той жа паліклінікі № 6. Тады яна расказвала пра ход прышчэпачнай кампаніі ад грыпу газеце «Гомельскія ведамасці».
Нагадаем, у сакавіку ў Гомелі вынеслі прысуд за знішчэнне больш чым 92 тысяч доз вакцын ад COVID-19 і грыпу. Вінаватымі тады былі прызнаныя загадчыца аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік Гомеля і дзве медсястры, якія займаліся прыпіскамі аб'ёмаў вакцынацыі. Канкрэтная паліклініка не называлася.
Цягам амаль двух гадоў супрацоўніцы паліклінікі знішчылі вакцыны на суму 1 млн 871 тысяча рублёў - паводле цяперашняга курсу гэта 535 тысяч даляраў. Фігуранткам далі «хатнюю хімію» - ад 4 да 5 гадоў абмежавання волі без скіравання ў калонію - і абавязалі кампенсаваць нанесеную шкоду.
Гэта не адзінкавы выпадак. Медработнікі рабілі прыпіскі па тэмпах вакцынацыі, каб атрымліваць прэміі і выконваць паказчыкі.
Чытайце таксама