«У мяне на стале стос матэрыялу і дакументаў». Лукашэнка заявіў, што медыкі, якія з'ехалі, «пабеглі» і «просяцца назад», але не дзеля заробку
31 снежня 2024 у 1735637280
Вера Караўская / «Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «некаторыя» беларускія медыкі, якія з'ехалі за мяжу, «просяцца» назад, аднак іх вабіць на радзіму не заробак, а ахова здароўя ў Беларусі «ў цэлым». Пра гэта ён заявіў 31 снежня падчас размовы з калектывам Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, перадае прэс-служба палітыка.
Лукашэнка расказаў супрацоўнікам бальніцы, што «жывуць яны тут у добрых умовах» і зараз для іх «паціху будуць будаваць арэнднае жыллё».
- Будзем старацца, каб вы на сваёй роднай зямлі працавалі, а не бегалі дзесьці па свеце ў пошуках лепшага жыцця, - паабяцаў палітык.
Тут жа ён дадаў, што некаторыя дактары, якія з'ехалі раней, цяпер вяртаюцца ў Беларусь. Як вынікае са словаў Лукашэнкі, гэтае пытанне ён курыруе асабіста.
- Я рады, што некаторыя з вашых пабеглі, а цяпер (у мяне на стале стос матэрыялаў і дакументаў) просяцца назад. Я задаю пытанне: «Так, а чаму ж? Што ж вы? Там і заробак, і ўсё». - «Не, Не, Не. Такой аховы здароўя, як у Беларусі, няма». У комплексе, у цэлым, - заявіў Лукашэнка.
Палітык лічыць, што беларускім спецыялістам складана рэалізаваць сябе за мяжой, нягледзячы на высокую кваліфікацыю, і папракнуў Польшчу, якая, на яго думку, не цэніць дактароў з Беларусі і Украіны.
- Дзіўна. Я думаў, што палякі - гэта нашыя людзі, нашыя родныя, славяне і іншае, ніколі нашых людзей не пакрыўдзяць. Але нічога такога: гэта палякі, а вы вось там усе - і ўкраінцы, і беларусы і гэтак далей. Але калі нехта хоча паспрабаваць - калі ласка. Не хацелася б, але глядзіце самі, вы робіце свой выбар, - сказаў Лукашэнка.
Не так даўно «Белыя халаты» прааналізавалі звесткі закрытай справаздачы Міністэрства аховы здароўя і адзначылі недахоп кадраў як адну з ключавых праблем у медыцыне.
Самі чыноўнікі запэўніваюць, што забяспечанасць беларусаў дактарамі вышэйшая, чым у Еўропе: на пачатак 2024 года 53,2 доктара на 10 000 чалавек насельніцтва, за год да таго - 52,2 пры сярэднееўрапейскім паказчыку 37 дактароў і крыху менш за 106 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу на дзесяць тысяч насельніцтва (паводле звестак СААЗ).
Аднак незалежныя эксперты ставяць пад сумнеў афіцыйную статыстыку. Як паказаў Грамадзянскі маніторынг сістэмы аховы здароўя, фактычная забяспечанасць дактарамі ў Беларусі - ад 26 да 40 дактароў на 10 тысяч насельніцтва.
Пры гэтым прапаганда запэўнівае, што колькасць медыкаў у нашай краіне «з кожным годам расце».
Нагадаем, 30 снежня, размаўляючы з работнікамі Мінскага метрапалітэна на адкрыцці новых станцый, ён таксама закрануў тэму «збеглых», якія нібыта «просяцца назад» у Беларусь, бо за мяжой «дактарам, настаўнікам» прапануюць працаваць «пасудамыйкамі».
Са словаў Лукашэнкі, менавіта таму была створанаяя камісія пад кіраўніцтвам генпракурора для разгляду зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой - менавіта туды ён прапануе «ісці тлумачыцца».
Чытайце таксама