Які быў сярэдні ўзрост беларускіх жаніхоў і нявест у 2024-м
9 студзеня 2025 у 1736401440
Ганна Матсан / «Зеркало»
У якім узросце часцей за ўсё бралі шлюб у 2024 годзе, агенцтву «Мінск-Навіны» расказалі ў Палацы грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.
- Сярэдні ўзрост жаніха склаў 33 гады, нявесты - 30 гадоў, - удакладніла начальніца Палаца грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Юлія Кочына. - Пры гэтым разбежка ўзроставага парога фіксавалася ад 19 да 68 гадоў у мужчын і ад 18 да 63 у жанчын. Каля 70% тых, хто заключыў шлюб - мінчане, 30% - іншагароднія.
Самым актыўным вясельным часам летась традыцыйна сталі летнія месяцы. Асаблівы пік адзначаўся ў так званыя люстраныя (ці амаль такія) даты: 08.08.2024 і 24.08.2024. Самымі незапатрабаванымі ў параў сталі студзень і травень.
- Такая заканамернасць - хутчэй выключэнне: традыцыйна ў апошні вясновы месяц праводзяць шмат вясельных цырымоній, - сказала Кочына.
Каля 90% параў летась выбіралі ўрачысты фармат рэгістрацыі шлюбу.
- Кожны шосты беларускі шлюб у 2024-м быў заключаны з замежнікам, - агучыла статыстыку Кочына. - Нашыя грамадзяне пабраліся з прадстаўнікамі 29 краін, сярод якіх Расія, Турцыя, Украіна, Казахстан (гэтая чацвёрка - часцей за ўсё), Пакістан, Калумбія, Іярданія, Алжыр, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Нідэрланды.