Выжылыя падчас крушэння самалёта Azerbaijan Airlines паведамілі пра выбухі пасля спробы прызямлення
26 снежня 2024 у 1735196100
Злата Сонцава / «Зеркало»
Самалёт Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які ляцеў з Баку ў Грозны і разбіўся ў Актау, не змог прызямліцца з першай спробы, зрабіў некалькі кругоў, а потым пачуўся гучны гук. Пра гэта расказалі пасажыры, піша РБК.
Так, паводле выжылага Субханкула Рахімава, пілоты тройчы спрабавалі пасадзіць самалёт у Грозным, бо там быў моцны туман.
«На трэці раз нешта выбухнула. Быў выбух - я б не сказаў, што ўнутры самалёта. Дзе я сядзеў, у мяне абшыўка побач адляцела», - падзяліўся ён.
Мужчына дадаў, што дастаўшы выратавальную камізэльку, заўважыў у ёй дзірку.
«Камізэльку ўзяў, гляджу: у камізэльцы дзірка - асколкам прабіла. Пасля гэтага выбуху акурат паміж ног у мяне - дзесьці там вось - гэты асколак прыляцеў і трапіў. Ён камізэльку наскрозь прабіў», - успомніў ён.
Пасля гэтага пілоты пачалі адводзіць самалёт у бок Актау.
Яшчэ адзін пасажыр - Заур Мамедаў - таксама чуў выбухі.
«Была пара выбухаў, не ведаю, што стрэльнула, ну, а потым пару гадзін ляцелі - і зваліліся», - сказаў ён.
Тым часам сваяк аднаго з выжылых пасажыраў паведаміў, што супрацоўнікі Azerbaijan Airlines дапамаглі звязацца з ім, пасажыр знаходзіцца ў бальніцы, яны паспелі пагаварыць каля 30 секунд, і пацярпелы таксама паведамляў пра тое, што чуў гучны гук, падобны да выбуху.
Маці яшчэ адной выжылай (жыхаркі Уладзівастока Крысціны Еўсцігнеевай) Ніна Агіева расказала, што дачка таксама казала ёй пра выбухі і пра тое, што «ў самалёце сядзела ў хвасце, а тыя, хто наперадзе сядзеў, згарэлі». Сама дзяўчына расказала журналістам, што перад крушэннем самалёт кружыў каля гадзіны. Бортправадніца папярэдзіла, што будзе жорсткая пасадка, і папрасіла прыгнуць галовы.
«Калі мы ўжо прызямліліся, былі два ўдары. Я трымалася за крэслы. Правую частку ўсю знесла. Пярэдняя частка выбухнула. Калі я ачулася, то ўбачыла, што мне заціснула нагу», - расказала яна.
Паводле Крысціны, падчас зніжэння самалёта адчуваўся ўдар па борце, як бывае, калі ў рухавік трапляе птушка.
Нагадаем, у сераду, 25 снежня, у Казахстане разбіўся пасажырскі самалёт. На борце самалёта было 67 чалавек. Паводле апошніх звестак казахстанскіх СМІ, загінулі 38 чалавек, выжылі 29 (у тым ліку двое дзяцей), усе яны ў бальніцах, каля 11 - у стабільна цяжкім стане, астатнія - у стане сярэдняй цяжкасці.
42 чалавекі на борце мелі грамадзянства Азербайджана, у тым ліку ўвесь экіпаж. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў перапыніў свой удзел у нефармальным саміце СНД у Расіі і вярнуўся ў Баку.
Пазней з'явіліся новыя дэталі крушэння самалёта Azerbaijan Airlines у Казахстане. У сацыяльных сетках былі апублікаваныя відэа, на якіх на хваставой частцы лайнера прыкметныя сляды, падобныя да слядоў ад паражальных элементаў СПА. Высветлілася, што самалёт змяніў курс у перыяд атакі беспілотнікаў на поўдні Расіі.