У Дудутках усё ж пройдзе купальскі фестываль «Свята Сонца», супраць якога выступала прарасійская прапагандыстка Вольга Бондарава. Першапачаткова ён быў запланаваны на 21 чэрвеня, але цяпер дату перанеслі.

Як паведамілі ў сацсетках фестывалю, прысвечанае Купаллю свята пачнецца, а 10-й раніцы 14 чэрвеня і скончыцца, а 2-й ночы 15 чэрвеня, яно пройдзе ў музейным комплексе «Дудуткі».
Гасцям абяцаюць відовішчнае двухгадзіннае фаер-шоу сусветнага ўзроўню, 10-гадзінны канцэрт фолк- і рок-гуртоў, кірмаш рамёстваў, больш за 30 інтэрактыўных лакацый, фотазоны, этна-пляцоўкі, купальскі квэст і шасцікіламетровую паласу перашкодаў.
Нагадаем, раней Вольга Бондарава адрапартавала, што яна і яе аднадумцы «адбілі чарговую атаку супраць хрысціянскіх асноваў нашага народа», дабіўшыся адмены фестывалю. Прапагандыстка расказала, што пасведчанне на права арганізацыі і правядзення мерапрыемства, выдадзенае Пухавіцкаму раённаму цэнтру культуры, было ануляванае. Відавочна, арганізатарам удалося атрымаць новае.
Бондарава перакананая, што фальклорны фестываль, прысвечаны старажытнаму славянскаму святу Купалле, мае мэтай «насаджэнне неапаганства, рамантызацыю акультызму», а ў выніку «разбурэнне праваслаўя». А сярод беларусаў ён нібыта насаджае «першабытна-абшчынную жорсткасць і крыважэрнасць».
Фестываль «Свята Сонца» праводзіцца ў музейным комплексе «Дудуткі» з 2016 года.