Ва Украіне «Правы сектар» даўно страціў папулярнасць, але справа яго, здаецца, жыве. У жніўні 2022-га расійская ФСБ паведаміла пра затрыманне расіяніна, якога назвалі прыхільнікам гэтай арганізацыі і які нібыта рыхтаваў тэрарыстычныя напады ў Карачаева-Чаркескай рэспубліцы. Днямі сілавікі з РФ расказвалі пра аналагічныя планы «Правага сектара» па здзяйсненні тэракту ў гандлёвым цэнтры ў Курску. Расказваем, як з’явілася гэтая арганізацыя, якую ролю адыграла ў гісторыі і чаму, стаўшы жупелам расійскай прапаганды яшчэ ў 2014 годзе, застаецца ім дагэтуль.
Лідар: служба ў Беларусі і падрыў помніка Сталіну

Гісторыю «Правага сектара» варта пачынаць з біяграфіі яго стваральніка — Дзмітрыя Яраша.
«Я нарадзіўся ў 1971 годзе ў Днепрадзяржынску <…>, вырас у рускамоўнай сям'і, да 1996 года сам гаварыў па-руску. З 16 гадоў, пасля заканчэння 10 класа, пайшоў працаваць слесарам-рамонтнікам па металургічным абсталяванні на Дняпроўскі металургічны завод. Таму замяняць чалавечую мову рускім матам я навучыўся даўно і „якасна“. Але жыццё ўносіла свае карэктывы, я не хацеў быць быдлам і таму вырашыў украінізавацца, перавесці на ўкраінскую [мову] сям’ю, па-ўкраінску паўплываць на сваё асяроддзе. Амаль адмовіўся ад рускага мату!» — успамінаў ён у Facebook.
Да ўкраінскага нацыянальнага руху Яраш, з яго ж словаў, далучыўся яшчэ ў часы заняпаду Савецкага Саюза. «З восені 1988-га змагаюся за незалежнасць Украіны», — дзяліўся ён успамінамі ў сацыяльных сетках. Тады ён стаў адным з заснавальнікаў гарадской арганізацыі Народнага руху Украіны (нацыянальна арыентаванай арганізацыі, падобнай да беларускага БНФ), якая выступала за незалежнасць краіны. Па яго словах, за гэта — а, магчыма, і проста па ўзросце — савецкія ўлады адправілі Дзмітрыя ў армію. Ён служыў у ракетных войсках у Беларусі, потым яго перавялі пад расійскі Іркуцк. У 1991-м Украіна абвясціла незалежнасць. Яраш запатрабаваў пераводу ў створаную ўкраінскую армію і нават абвясціў галадоўку. Але яго просьбы адхілілі.
На радзіму будучы палітык вярнуўся толькі ў 1994-м і неўзабаве ўступіў у правую арганізацыю «Трызуб імя Сцяпана Бандэры», названую ў гонар знакамітага і неадназначнага ўкраінскага нацыяналіста. Яе заснавальнікам быў літаратар Васіль Іванішын — сын удзельніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), якую ўзначальваў сам Бандэра. Иванішын працаваў дацэнтам у Драгобыцкім педуніверсітэце — менавіта там атрымаў вышэйшую адукацыю Яраш. «Ён вельмі шмат для майго фарміравання зрабіў», — прызнаваўся лідар «Правага сектара».
«Увогуле „Трызуб“ — гэта вузкафункцыянальная арганізацыя ордэнскага тыпу. У нас тры канкрэтныя задачы: прапаганда ідэалогіі ўкраінскага нацыяналізму ў інтэрпрэтацыі Сцяпана Бандэры; выхаванне ўкраінскай моладзі ў духу патрыятызму; і нацыянальная абарончая дзейнасць, гэта значыць абарона гонару і годнасці ўкраінскай нацыі ў любых умовах усімі даступнымі метадамі і сродкамі», — расказваў у інтэрв'ю Яраш.
Ён кіраваў гэтай арганізацыяй у 1996−1999 гадах, затым быў галоўным інспектарам «Трызуба», зноў узначальваў яе (2005−2010), пасля чаго перадаў паўнамоцтвы галоўнага камандзіра свайму пераемніку Андрэю Стэмпіцкаму.
Усе гэтыя гады ўдзельнікі «Трызуба» праводзілі актыўныя трэніроўкі «ў лагерах усёй Украіны: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Крывы Рог, Паўлаград і гэтак далей». «Хлопцы збіраюцца, у іх там свой план дзейнасці на месяц, на паўгода, на год. Яны праводзяць вучэнні, заняткі. Праводзяць розныя мерапрыемствы па дэкамунізацыі і дэкаланізацыі Украіны», — расказваў Яраш.
У 2010-м пра «Трызуб» даведаліся ва ўсёй Украіне. У Запарожжы мясцовыя камуністы ўсталявалі на тэрыторыі свайго офіса помнік савецкаму дыктатару Іосіфу Сталіну. 28 снежня бюсту адрэзалі галаву, а ў навагоднюю ноч помнік узарвалі. Адказнасць узяў на сябе «Трызуб». Пасля гэтага ўсё кіраўніцтва арганізацыі, уключаючы Яраша і Стэмпіцкага, арыштавалі. Пазней іх адпусцілі. Непасрэдных выканаўцаў асудзілі на 2−3 гады калоніі з адтэрміноўкай. Пазней актывісты арганізацыі сталі асновай «Правага сектара»
Дзеянні падчас Майдана і з’яўленне «Правага сектара»

Увесь гэты час Яраш і яго паплечнікі заставаліся невядомымі шырокай публіцы. Сітуацыя рэзка змянілася ў канцы 2013 года. У лістападзе на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам: ён хацеў працягнуць перамовы з ЕС толькі пры ўдзеле ў іх Расіі. Перад падпісаннем палітык не падаў рукі сваім калегам, у тым ліку Ангеле Меркель, з якой праводзіў перамовы напярэдадні. Адмову падпісаць дакументы растлумачыў тым, што палічыў умовы ЕС па вылучэнні Украіне фінансавай дапамогі «зневажальнымі». А ўжо ў снежні Украіна атрымала крэдыт у тры мільярды даляраў ад Расіі. Гэтыя грошы пазней назавуць хабарам Януковічу за адмову падпісаць пагадненне.
Дзеянні палітыка выклікалі самыя буйныя пратэсты ў гісторыі Украіны, якія сёння называюць «Еўрамайданам» або «рэвалюцыяй годнасці». Першапачаткова на плошчу Незалежнасці ў Кіеве выйшла толькі моладзь — 24−25 лістапада ў Кіеве прайшла буйная акцыя. У цэнтры сталіцы разбілі намётавае мястэчка, але ў ноч з 29 на 30 лістапада яго жорстка разагналі байцы спецпадраздзялення «Беркут». Кадры разгону ўзмацнілі антыўрадавыя настроі, і пратэст разгарэўся яшчэ больш.
«Наогул „Трызуб“ не з’яўляецца актыўным прыхільнікам якіх-кольвек інтэграцыйных працэсаў, але мы абвясцілі, што ствараем „Правы сектар“ як пляцоўку для каардынацыі дзеянняў розных рэвалюцыйна настроеных груп. <…> Канчаткова „Правы сектар“ узнік ужо пасля падзей 30 лістапада [2013], калі мы адышлі на Міхайлаўскую плошчу. Там мы і пачалі рыхтавацца да абароны і трэніравацца. Потым мы ўвесь час знаходзіліся на Майдане і ўвайшлі ў склад самаабароны Майдана. Таксама ў „Правы сектар“ увайшлі „Трызуб“, УНА-УНСА (Украінская Нацыянальная Асамблея — Украінская Народная Самаабарона — палітычная партыя праварадыкальнага кшталту. — Заўв. рэд.) і „Карпацкая сеч“ з Закарпацця», — тлумачыў Яраш.
«Спачатку гэта была пляцоўка для аб’яднання патрыятычна настроенай моладзі з розных арганізацый і людзей, якія ні да якіх арганізацый не належалі, а што да назвы, то гэта ініцыятыва знізу: маладыя хлопцы, футбольныя фанаты, такі варыянт прапанавалі, і ён аказаўся ўдалы», — удакладняў палітык.
У снежні «Правы сектар» пачаў супраціўляцца сілавікам. Напрыклад, яго актывісты ўдзельнічалі ў сутыкненнях каля Адміністрацыі прэзідэнта, якія адбыліся 1 снежня. Пазней, у студзені 2014-га, яны ўзялі актыўны ўдзел у супрацьстаянні на вуліцы Грушэўскага. Увесь гэты час «Правы сектар» адказваў за ахову Майдана.
Паступова сярод удзельнікаў пратэсту наспеў своеасаблівы раскол. Прадстаўленая ў парламенце партыйная апазіцыя (партыі «Бацькаўшчына», «УДАР» і «Свабода») спрабавалі дамовіцца з Януковічам. Але 16 студзеня 2014-га той праціснуў праз парламент прыняцце пакета дакументаў, якія апазіцыя хутка назвала «законамі аб дыктатуры». Пры іх рэалізацыі ў краіне ўсталёўваўся б рэжым, аналагічны беларускаму таго часу — з фактычнай забаронай на пратэсты.
У сваю чаргу Яраш выступіў за працяг пратэстаў і 28 студзеня ўзяў на сябе адказнасць за рэвалюцыю. «Апошнія падзеі ва Украіне даказалі безальтэрнатыўнасць рэвалюцыйнага шляху заваёвы свабоды, справядлівасці, дабрабыту для ўкраінскага народа, — заявіў ён. — На гэтым фоне невыразнасць пазіцыі лідараў парламенцкіх апазіцыйных партый і іх боязь праводзіць рэвалюцыю, абавязвае мяне ўзяць на сябе адказнасць за рэвалюцыйны працэс і ход далейшых падзей, у прыватнасці за тое, што адбывалася ва Украіне, што адбываецца цяпер, і, галоўнае, за будучыню нашай Дзяржавы».
Кіраўнік «Правага сектара» запатрабаваў поўнай перазагрузкі ўлады, вызвалення ўсіх затрыманых, роспуску і забароны антыдзяржаўных партый і груповак, а таксама кардынальнага рэфармавання юстыцыі, праваахоўных органаў, спецслужбаў, прыняцця новай Канстытуцыі.
Пратэсты працягваліся. 20 лютага 2014-га ў Кіеве ў выніку прымянення агнястрэльнай зброі загінула 49 пратэстоўцаў і 4 сілавікі. 21 лютага Януковіч, а таксама лідары апазіцыі Арсеній Яцанюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок падпісалі пагадненне аб урэгуляванні палітычнага крызісу. Яно прадугледжвала пераход да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання, фарміраванне «ўрада нацыянальнага даверу», канстытуцыйную рэформу і правядзенне датэрміновых выбараў прэзідэнта да канца 2014 года.
Але «Правы сектар» у асобе Яраша выступіў супраць. «Хтосьці там хоча спыніць народнае паўстанне шляхам абвяшчэння фальшывага перамір'я. Афіцыйна заяўляю: „Правы сектар“ не падпісваў ніякіх пагадненняў, ні з кім ні пра што не дамаўляўся», — напісаў ён у Facebook. Пратэсты працягнуліся.
У той жа дзень, 21 лютага, Януковіч пакінуў Кіеў, а праз суткі заявіў, што ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот. У ноч з 22 на 23 лютага ён збег у Расію. У выніку дзеянні «Правага сектара» дапамаглі змяніць уладу ў краіне.
Стварэнне партыі і параза на прэзідэнцкіх выбарах

Пасля ўцёкаў Януковіча ва Украіне абвясцілі новыя прэзідэнцкія выбары. У іх вырашыў узяць удзел і Яраш, які падаў дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Для яго падтрымкі ў сакавіку 2014-га «Правы сектар» стварыў аднайменную партыю, якая падтрымала вылучэнне свайго лідара. Зрэшты, фармальна ён выступаў як самавылучэнец.
Фаварытам гонкі палітык не лічыўся: у яго не было важкага палітычнага досведу, а таксама сур’ёзных поспехаў за межамі Майдана. Паводле дэкларацыі, пададзенай у ЦВК, яго сям’я — жонка, дзве дачкі і сын — зарабіла за год усяго 803 грыўны (паводле тагачаснага курсу — каля 100 даляраў). Пазней Яраш растлумачыў, што не меў легальных даходаў, жыў на дапамогу ад неабыякавых людзей, а задэклараваная сума была стыпендыяй яго старэйшай дачкі.
Тым не менш ён відавочна спадзяваўся на такі поспех, які дазволіў бы яму заставацца на галоўных ролях ва ўкраінскай палітыцы. У перадвыбарнай праграме ён называў сваёй «першараднай задачай» адпор «расійскай агрэсіі». Для гэтага прапаноўваў у тры разы павысіць выдаткі на войска, правесці яго пераўзбраенне і поўную мабілізацыю, аднавіць ядзерны статус Украіны, забараніць трансляцыю антыўкраінскіх СМІ. Таксама Яраш хацеў дазволіць нашэнне агнястрэльнай зброі, правесці люстрацыю, прыцягнуць рэлігійныя канфесіі да духоўнага выхавання моладзі. Падчас дэбатаў ён заклікаў вярнуць Крым у склад Украіны з дапамогай партызанскай вайны.
Яшчэ падчас Майдана «Правы сектар» стаў жупелам расійскай прапаганды: яго актывісты супраціўляліся пракрамлёўскай адміністрацыі Януковіча сілай, іх ідэалогія ўяўляла сабой класічны прыклад нацыяналізму. Заявы Яраша падчас перадвыбарнай гонкі толькі ўмацавалі такое ўспрыманне. Не ўсе ўкраінцы былі гатовыя да такой радыкальнай пазіцыі, а ўплыў расійскага інфармацыйнага поля заставаўся яшчэ вельмі моцным.
Што расказвалі і расказваюць пра «Правы сектар» у Расіі
Адным з яскравых прыкладаў асвятлення тэмы «Правага сектара» ў расійскіх СМІ стала гісторыя з «візітоўкай Яраша». 20 красавіка 2014 года пад Славянскам адбыўся бой паміж удзельнікамі арганізацыі і сепаратыстамі. У аднаго з забітых сябраў «Правага сектара» сярод асабістых рэчаў нібыта знайшлі візітоўку Яраша — гэтым пацвярджаўся ўдзел аб’яднання ў баях. У адказ у інтэрнэце пачалі распаўсюджвацца жарты пра яе: візітоўку «знаходзілі» ў самых розных месцах — ад Антарктыды да кішэні Пуціна. Два гады праз Яраш прызнаў, што візітоўка сапраўды існавала.
Аднак значная частка інфармацыі пра арганізацыю ў расійскіх СМІ відавочна прыхарошаная або перабольшаная. «Правы сектар» сапраўды ставіўся да Расіі як да агрэсара (час пацвердзіў справядлівасць такога стаўлення), аднак у РФ арганізацыю выстаўлялі адкрыта тэрарыстычнай і ксенафобскай. У расійскіх СМІ іх абвінавачвалі ва ўтрымліванні ў палоне людзей, якія мелі дачыненне да расстрэлу ўдзельнікаў «Еўрамайдана», закліках да генацыду рускамоўнага насельніцтва і многім іншым — часцей за ўсё без сур’ёзных доказаў. Цяпер «Правы сектар» абвінаваючаюць у падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі РФ. Арганізацыя стала адной са «страшылак», з дапамогай якіх усю Украіну ў Расіі прадстаўляюць краінай, якую ахапіў радыкальны нацыяналізм.
На прэзідэнцкіх выбарах 2014 года ўжо ў першым туры перамогу святкаваў Пётр Парашэнка. Яраш жа атрымаў усяго 0,7% галасоў, заняўшы 11-е месца, але ўсё ж змог застацца ў палітыцы. У кастрычніку таго ж 2014-га ён перамог на выбарах у Вярхоўную Раду ў аднамандатнай акрузе па Днепрапятроўшчыне, атрымаўшы больш за 30% галасоў. У парламенце палітык стаў намеснікам кіраўніка Камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі. А вось «Правы сектар» выбары праваліў — партыя так і не пераадолела пяціпрацэнтны бар’ер. Акрамя Яраша дэпутатамі сталі два яго паплечнікі, якія ўваходзілі ў рух, але не ў партыю.
У той момант ключавым пытаннем была тэрытарыяльная цэласнасць краіны: на ўсходзе дзейнічалі сепаратысты, якія абвясцілі Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі. У ліпені 2014-га Яраш абвясціў аб стварэнні «Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса» ў складзе «Правага сектара» — яго асновай стаў сілавы блок арганізацыі. Праўда, у склад добраахвотнікаў прымалі і актывістаў іншых аб’яднанняў. У падраздзяленнях корпуса палітык ваяваў на ўсходзе Украіны.
Паступова адносіны паміж «Правым сектарам» і ўладай пачалі абвастрацца. Першыя памяталі пра досвед «рэвалюцыі годнасці» — іх дзеянні выгадна кантраставалі са згодніцкай пазіцыяй шэрагу чыноўнікаў і дазволілі пераламаць сітуацыю. Таму актывісты не хацелі падпарадкоўвацца карумпаванай у іх разуменні вярхушцы. «На тое было шмат прычын, і адна з іх — недавер нашых байцоў і камандзіраў камандаванню — як Узброеных сіл, так і Нацгвардыі. Самая галоўная прычына недаверу — гэта тое, як генералітэт дапусціў ілавайскую трагедыю (акружэнне УСУ пад Ілавайскам у 2014-м. — Заўв. рэд.)», — прызнаваўся ў інтэрв'ю Яраш.
Улады ж хацелі пакласці канец «партызанскай вольніцы» і цалкам кантраляваць усе вайсковыя падраздзяленні. На канец красавіка 2015-га ўсяго два з іх — батальёны Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і «Правага сектара» — заставаліся непадкантрольнымі сілавым ведамствам і адмаўляліся ўваходзіць у склад УСУ. Праўда, напрыклад, колькасць «Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса» была адносна невялікай: улетку 2015-га — да 2 тысяч чалавек, з іх на фронце — да 700. Усё скончылася тым, што прыхільнікаў Яраша вывелі з фронту, а потым іх базу заблакавалі сілы УСУ.
Неўзабаве здарыўся яшчэ адзін эпізод з удзелам байцоў «Правага сектара». 11 ліпеня 2015-га ў заходнеўкраінскі Мукачаве адбылася страляніна паміж імі і людзьмі з атачэння мясцовага народнага дэпутата. У выніку ўзброенага сутыкнення былі параненыя і загінулыя. Парламенцкая камісія ўсклала адказнасць за эпізод на прадстаўнікоў праваахоўных органаў, але папулярнасці Ярашу гэты эпізод не дадаў.
Сыход з «Правага сектара» і далейшая барацьба

Канфлікты ўнутры арганізацыі і рознае разуменне далейшых перспектываў прывялі да таго, што ў сярэдзіне лістапада 2015-га палітык выйшаў з «Правага сектара» і ініцыяваў стварэнне новага грамадска-палітычнага руху «Дзяржаўная ініцыятыва Яраша». У пачатку наступнага года ён прызнаўся ў інтэрв'ю, што «пераацаніў арганізацыйныя магчымасці» «Правага сектара»: «Большасць часу я быў на фронце і не меў усёй інфармацыі пра стан нашых палітычных ячэек у рэгіёнах». У апошніх словах можна знайсці жаданне зняць з сябе адказнасць за гісторыю ў Мукачаве.
«Мы хочам аб’яднаць людзей, якія яшчэ не былі ў палітыцы, якія з’яўляюцца патрыётамі, але яны неабавязкова нацыяналісты, як было ў „Правым сектары“. Хочам аб’яднаць патрыятычна настроеных нацыяналістаў, нацыянал-дэмакратаў, лібералаў і іншых. „Правы сектар“ — гэта чыста нацыяналістычная арганізацыя, а цяперашняя сітуацыя ва Украіне, якую я ўсё ж схільны маляваць чорнымі тонамі, патрабуе ўсеагульнага аб’яднання патрыётаў розных ідэалагічных поглядаў. Бо далейшая палітычная сепарацыя грамадства, а менавіта гэты працэс мы назіраем, выракае нас на паразу. У тым ліку і ў вайне», — казаў у тым інтэрв'ю Яраш.
Але яго ідэя не спрацавала. «Гэта значыць, што вы размываеце электарат і становіцеся ў адзін шэраг з вялікай колькасцю такіх самых „агульнапатрыятычных“ партый», — казаў Ярашу яго суразмоўца. Так у выніку і атрымалася. Новы рух так і не зрабіўся папулярным. Не стаў запатрабаваным і «Правы сектар». Пераемнікам Яраша быў Андрэй Тарасенка, які не стаў пазнавальнай асобай. Вярнуўся ў партыю і згаданы вышэй Андрэй Стэмпіцкі, які выходзіў адтуль у 2015-м — але ён таксама застаўся вядомы вузкаму колу людзей.
У выніку прайгралі і тыя, і тыя. У снежні 2015-га Яраш паспрабаваў стварыць на базе «Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса» Украінскае добраахвотніцкае войска. Але ў кастрычніку 2018-га іх вывелі з перадавой. Праз год палітык балатаваўся ў парламент ад праварадыкальнай партыі «Свабода», але гэтае палітычнае аб’яднанне не атрымала шырокай падтрымкі. Няўдача спадарожнічала і «Правага сектару». У цэлым кааліцыя нацыяналістычных і правых партый змагла набраць толькі 2,15% галасоў, наогул не прайшоўшы ў парламент. «Свабода» атрымала ў парламенце толькі адно месца па мажарытарнай акрузе.
«Правы сектар» працягнуў сваю дзейнасць, але сышоў з першых палосаў СМІ. Нейкі час не з’яўляўся там і Яраш.
Але праз два гады пытанне магчымай расійскай агрэсіі зноў з’явілася на парадку дня. Паслугі палітыка аказаліся запатрабаванымі. У лістападзе 2021-га ён заявіў, што прызначаны дарадцам галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага. 26 лютага 2022-га, праз два дні пасля пачатку расійскай агрэсіі, Яраш напісаў у сацыяльных сетках, што падраздзяленні Украінскай добраахвотніцкай арміі разгорнутыя і актыўна ўдзельнічаюць у адбіцці атакі. З таго часу ён курыруе дзеянні добраахвотнікаў і актыўна размяшчае інфармацыю пра іх у Facebook. На фронце ваююць і добраахвотнікі «Правага сектара».
«У мяне ёсць свая мара. Як толькі мы пераможам Маскоўскую Арду, я адыду ад любой ваенна-палітычнай дзейнасці. Збіраюся даглядаць сад і стрыгчы траву. Вядома, унукам буду расказваць украінскія ваенныя байкі. Буду любіць сваіх дзяцей яшчэ больш. Буду любіць сваю жонку яшчэ больш! І шмат сяброў запрашу да сябе дадому — тры дні будзем святкаваць перамогу», — напісаў Яраш 11 ліпеня ў Facebook.
Пакуль да рэалізацыі гэтай мары далёка — хоць нашмат бліжэй, чым у лютым 2022-га. Ды і калі ведаць біяграфію Яраша, у ціхі лёс пенсіянера верыцца з цяжкасцю. Зрэшты, сваю ролю ў гісторыі ён адыграў. Асобныя палажэнні яго праграмы, якія здаваліся ў 2014-м радыкальнымі (накшталт мабілізацыі і пераўзбраення), цяпер успрымаюцца ва ўкраінскім грамадстве як аксіёма. А вось запыт на вырашэнне праблем неканстытуцыйнымі метадамі сыходзіць з парадку дня.
Пакуль жа справа «Правага сектара» жыве. У снежні 2021-га Зяленскі прысвоіў званне Героя Украіны добраахвотніку гэтай арганізацыі. Пра затрыманне расіяніна, «прыхільніка» «Правага сектара», мы ўжо расказвалі ў пачатку гэтага тэксту. Калі б гэтай арганізацыі не існавала, і Маскве, і Кіеву варта было б яе прыдумаць.
Чытайце таксама


