Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў апублікаваў відэа з самымі сучаснымі (і самымі неадназначнымі) танкамі Расіі — Т-14 «Армата». Ён намякнуў, што гэтыя баявыя машыны адпраўляюцца на фронт ва Украіну. Расказваем гісторыю гэтага распіяранага танка і тлумачым, ці зможа ён паўплываць на ход вайны.
Што здарылася
Салаўёў заявіў, што з’ездзіў «на перадавую» і бачыў там на адным з палігонаў найноўшыя расійскія танкі Т-14 «Армата». Паводле яго словаў, машыны ўжо праходзяць баявое зладжванне (то-бок вучацца дзейнічаць не ў адзіночку, а ў складзе падраздзялення). «Армата ідзе на Захад», напісаў Салаўёў, мабыць, маючы на ўвазе хуткую адпраўку машын у зону баявых дзеянняў. На публікацыю звярнуў увагу ўкраінскі партал «Мілітарны».
На відэа, якое апублікаваў прапагандыст, відаць усяго дзве машыны. Пазней у тэлеграме пачаў распаўсюджвацца яшчэ адзін ролік, дзе відаць ужо чатыры «Арматы» — пазначана, што зладжванне яны праходзяць у складзе батальёна. Дзе канкрэтна знаходзіцца палігон, невядома.
Дзіўная гісторыя танка «Армата»
Нягледзячы на тое, што ў Расіі Т-14 называюць звышсучасным танкам, які не мае аналагаў, распрацоўка машыны, як і абсалютна ўсіх цяперашніх расійскіх танкаў, пачалася ў СССР. Стварыўшы ў 60-х гадах сапраўды прарыўны Т-64 (цяпер гэта асноўны баявы танк УСУ), савецкія канструктары задумаліся пра тое, каб зрабіць машыну цалкам новага пакалення, якая нашмат пераўзыходзіла б любую мадэль у свеце.
Працы актывізаваліся ў 80-х гадах XX стагоддзя — у гэты час у краінах NATO з’явіліся новыя цяжкія танкі «Абрамс», «Леапард 2» і іншыя, і перспектыўныя савецкія машыны мусілі пераўзысці іх (у Т-72 і Т-80, якія паступілі да таго часу на ўзбраенне ў СССР, асаблівых пераваг перад заходняй тэхнікай не было). Таму перад інжынерамі Саюза паставілі задачу стварыць «танк двухтысячнага года» — такую сабе машыну Суднага дня, перад якой машыны Паўночнаатлантычнага альянсу былі б бездапаможныя.
У працу над танкам будучыні ўцягнулі ўсе асноўныя канструктарскія бюро СССР. Адным з першых прататыпаў, створаных у рамках праекта «двухтысячнага года», стаў зроблены ў Харкаве «Аб'ект 477», ён жа «Молат». Гэты танк быў мала падобны да ўсяго, што стваралася да яго. У пераважнай большасці танкаў свету гармата мае калібр 120−125 мм, знаходзіцца ў вежы, тамсама размешчаны экіпаж, а часцяком і боекамплект.
«Молат» меў велічэзную 152-мм гармату (самая магутная танкавая гармата ў свеце) у маленькай вежы, дзе не было ніводнага чалавека — танкісты размяшчаліся ў браніраваным корпусе. Іншы варыянт машыны будучыні з 1990 года распрацоўвалі ўральскія інжынеры — праграма стварэння называлася «Удасканаленне-88», і праз два з лішнім дзесяцігоддзі яе развіццём і стане «Армата».
А потым скончылася халодная вайна, распаўся СССР, і танкабудаўнікам былой імперыі стала не да новых праектаў — не было ні фінансавання, ні тэрміновай неабходнасці нападаць на NATO або абараняцца ад яго. Усё змянілася ў канцы XX стагоддзя: хоць «танк двухтысячнага года» так і не быў пабудаваны, Расія зноў вырашыла паспрабаваць стварыць машыну будучыні.
За распрацоўку ўзялося Уральскае канструктарскае бюро, якое стварыла ў свой час знакаміты Т-90 (па сутнасці, глыбокую мадэрнізацыю Т-72 — на сёння гэта самы сучасны з серыйных танкаў, якія ваююць ва Украіне, а частка машын ужо затрафееная УСУ). Да канца 2000-х гадоў работы былі ў цэлым скончаныя, і вынікам стаў танк Т-14 «Армата».
У гэты перыяд асноўным новым танкам расійскай арміі быў Т-90, аднак у пачатку дзясятых расійскія вайскоўцы ад яго адмовіліся. У 2011 годзе на той момант галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі РФ Аляксандр Поснікаў няўхвальна адазваўся пра Т-90, заявіўшы, што за яго кошт (тады 118 млн расійскіх рублёў, або амаль чатыры мільёны даляраў) можна купіць «тры „Леапарды“». А праз два гады намеснік міністра абароны Расіі Юрый Барысаў заявіў, што армія мусіць перайсці на новыя танкі:
«Усё ад Т-72 і Т-90, мы ўсё вычарпалі. Там няма ўжо магчымасці для далейшай мадэрнізацыі, патрэбны якасны скачок. Вось задача стварэння гэтай платформы (і мы яе абавязкова створым да 15-га года, мы нават абвясцілі гэта ў сябе на сайце) — гэта атрыманне якаснага скачка для развіцця гэтага кірунку», — сказаў ён.
Хоць Барысаў заявіў, што магчымасці Т-72 вычарпаныя, з таго часу якраз «семдзесятдвойкі» сталі найбольш масавымі танкамі Расіі — закупкі Т-90 у 2011 годзе спыніліся, вайскоўцы чакалі новай машыны, а пакуль здавольваліся мадэрнізацыяй Т-72Б3, амаль адзінай перавагай якога была таннасць.
У 2015 годзе Т-14 «Армата» нарэшце наважыліся паказаць шырокай публіцы на парадзе Перамогі 9 траўня ў Маскве. На адной з рэпетыцый мерапрыемства танк заглух — аднак, мяркуючы па ўсім, у расійскіх вярхах навінку ацанілі.
Ужо ў верасні 2015 года Алег Сіенка, гендырэктар «Уралвагонзавода», дзе вырабляецца мадэль, паабяцаў да 2020-га паставіць у войска Расіі 2300 танкаў і цяжкіх бронемашын на базе платформы «Армата».
Праз год гэтая лічба крыху ўсохла — да 2000 (яе агучыў той жа Сіенка, але ўжо без канкрэтных тэрмінаў). А ў далейшым на ідэю пераўзброіцца на «Армату» пачалі патроху забывацца. Т-14 па-ранейшаму ўсхвалялі ў прэсе як «танк, што апярэдзіў свой час» — аднак ужо згаданы Юрый Барысаў (ён да таго часу стаў віцэ-прэм'ерам і адказным за АПК) скардзіўся на дарагоўлю навінкі і заяўляў: «Ці варта „навадняць“ „Арматамі“ ці „Бумерангамі“ войска, калі ў нас танк Т-72 карыстаецца вялікім попытам на рынку, яго бяруць усе».
Склалася трохі парадаксальная сітуацыя: спачатку дзеля пераўзбраення на «танк будучыні» спынілі закупкі «састарэлага» Т-90, а потым праз тое, што Т-14 аказаўся занадта дарагі, вырашылі аддаць перавагу яшчэ больш састарэлым і менш магутным Т-72Б3. Пры гэтым армія ўжо ў 2017 годзе вырашыла зноў закупаць Т-90, а потым да іх дадалася чарговая мадэрнізацыя Т-80. Парадаксальным чынам паўтаралася сітуацыя, якая склалася ў познім СССР: у Саюзе былі тры асноўныя танкі (Т-64, Т-72, Т-80), у Расіі — таксама тры (Т-72Б3, Т-80БВМ, Т-90М). «Найноўшай» «Армаце», якая «не мае аналагаў», у гэтым гурце савецкіх машын месца не знайшлося.
У апошнія гады навіны пра Т-14 «Армата» толькі зрэдку фігуруюць у СМІ. У 2020 годзе з’явілася інфармацыя, што «цуд-машына» з’ездзіла на вайну ў Сірыю. Журналісты «Радыё Свабода» засумняваліся ў гэтым, адзначыўшы, што выпрабоўваць у баявых умовах танк, які не прайшоў нават звычайных выпрабаванняў у вайсковых частках, наўрад ці мае сэнс.
У жніўні 2021 года намеснік міністра абароны Расіі Аляксей Крываручка паабяцаў да канца года перадаць у расійскія войскі партыю з 20 танкаў (за тры гады да таго ён жа гаварыў пра пастаўкі да канца 2021 года 132 машын і БМП на шасі «Арматы»).
Пасля таго як Расія ўварвалася ва Украіну 24 лютага, Т-14 у ліку расійскіх танкаў, якія масава гарэлі на ўкраінскіх палях і дарогах, не было. Расія ваявала мадэрнізацыямі савецкіх танкаў і ўмоўна «постсавецкімі» Т-90. Ужо ў лістападзе 2022 года на палігоне ў Казані заўважылі некалькі «Армат», на якіх, відаць, адпрацоўвалі кіраванне курсанты ваенных ВНУ. Наступнай навіной пра мадэль сталі нядаўнія паведамленні Салаўёва.
У чым асаблівасць танка «Армата»
Як і самыя першыя эксперыментальныя машыны, створаныя ў рамках праграм «танка двухтысячнага года», Т-14 вельмі моцна адрозніваецца ад савецкіх машын. У ім рэалізаваная канцэпцыя дыстанцыйна кіраванай незаселенай вежы — экіпаж знаходзіцца не ў ёй, а ў асобнай бронекапсуле, аддзелены і ад узбраення, і ад боекамплекта. Тэарэтычна гэта можа даць танкістам трохі большую жывучасць у параўнанні з Т-72 або Т-90, якім б’юць акурат у тонкі дах вежы ракетамі таго ж «Джавеліна» (іх спрабуюць абараніць ад удараў зверху кратамі — «мангаламі» і нават «супрацьтанкавымі вёдрамі», але іх эфектыўнасць наўрад ці вялікая).
Каб танк пражыў даўжэй на полі бою, ён абсталёўваецца сістэмай актыўнай абароны «Афганіт» — яна адсочвае выпушчаныя па машыне снарады і ракеты, і пры іх падлёце выпускаецца ахоўны боепрыпас, які знішчае пагрозу.
Т-14 абсталёўваецца новай гарматай 2А82. Праўда, ад савецкіх ідэй усталявання манструознай 152-міліметровай гарматы адмовіліся — гармата «Арматы» выкананая ў стандартным для савецкіх і постсавецкіх танкаў 125-міліметровым калібры. Затое, наколькі вядома, гармата камплектуецца новым аўтаматам зараджання (АЗ). У савецкіх танкаў раздзельнае зараджанне, што не дае выкарыстоўваць доўгія падкаліберныя снарады, і супраць сучасных заходніх танкаў яны бездапаможныя. Т-14, тэарэтычна, можа выкарыстоўваць снарады большай даўжыні, што тэарэтычна робіць яго больш грозным супернікам на поле бою. Аднак вытворца афіцыйна пра гэта не паведамляў.
Таксама «Армата» абсталёўваецца прасунутай сістэмай кіравання тактычным звяном, то-бок можа служыць гэткім камандным пунктам, які дазваляе кіраваць боем, дзяліцца інфармацыяй і аддаваць загады іншым машынам.
Ці можа «Армата» паўплываць на становішча на фронце?
Гэта вельмі-вельмі малаімаверна. Колькасць «безаналагавых» танкаў у расійскай арміі толкам не вядомая, але, хутчэй за ўсё, іх вельмі мала. Заявы другой паловы дзясятых гадоў пра тысячы новых машын засталіся проста словамі. Цяпер у расійскіх войсках эксплуатуюцца ў найлепшым выпадку дзясяткі Т-14 (мяркуючы з паведамленняў пра тое, што яны праходзяць зладжванне ў складзе батальёна, іх можа быць каля 30 штук — менавіта такі «батальённы камплект» танкаў).
Разгортванне ў ваенных умовах буйнасерыйнай вытворчасці амаль немагчымае: «Армату» не заказвалі масава да 2022 года, калі супраць Расіі яшчэ не дзейнічалі жорсткія санкцыі, што замінаюць пастаўкам складанага абсталявання і камплектавальнікаў. Наколькі электроніка «Арматы» залежыць ад імпарту, дакладна не вядома — але Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны яшчэ ў красавіку адзначала, што вытворчасць Т-14 на «Уралвагонзаводзе» спынілася. Цалкам магчыма, што пасля пачатку вайны танкі будуць вырабляць па спрошчанай тэхналогіі без складанай электронікі.
Т-14 не запушчаны ў серыю, толкам нічога не вядома пра вынікі яго выпрабаванняў у арміі (акрамя туманных вестак пра тое, што ён нібыта ваяваў у Сірыі), і па стане на 11-ы месяц вайны ніякіх прыкмет яго прысутнасці на фронце не было. Выкарыстоўваць «Арматы» як камандную машыну дзякуючы наяўнасці сістэмы кіравання тактычным звяном не так і проста: для гэтага трэба мець шмат танкаў, на якіх стаіць тая ж сістэма. На сённяшні дзень, акрамя ўласна «Армат», ёю тэарэтычна абсталёўваюцца хіба што Т-90М «Прарыў» (сем такіх ужо страчаныя ва Украіне), але пакуль ніякіх звестак пра асаблівую эфектыўнасць гэтых машын у баі не паступала.
Разам з тым, калі Т-14 усё ж кінуць у бой, танк мае немалы шанец дастацца УСУ ў якасці трафея — і, адпаведна, усе сакрэты машыны перастануць быць сакрэтамі. Ці наважыцца на гэта расійскае вайсковае кіраўніцтва і ці кіне на фронт свае вельмі «сырыя» машыны — пытанне адкрытае.
Чытайце таксама


