Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Для нашых продкаў, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, жывёлы былі важнай часткай рацыёну, ледзь не адзіным даступным транспартам, сродкам «механізацыі» цяжкай сялянскай працы і асновай ваеннай бяспекі дзяржавы. Расказваем, чаму конь стаў сапраўдным сімвалам ВКЛ, якія пароды сабак любілі трымаць простыя людзі і арыстакратыя, чыё мяса было самым папулярным і чаму Статут ВКЛ загадваў засоўваць ката ў мяшок.

Дзікія жывёлы ў ВКЛ

У эпоху існавання Вялікага Княства Літоўскага адносіны продкаў беларусаў з жывёльным светам былі прыкметна цяснейшымі, чым у большасці сучасных гараджан. Да канца XVIII стагоддзя, калі ВКЛ пасля падзелаў Рэчы Паспалітай амаль цалкам трапіла ў склад Расійскай імперыі, у сельскай мясцовасці жыло каля 96,5% насельніцтва нашай краіны. Практычна ўсе яны так ці інакш былі ўцягнутыя ў вядзенне сельскай гаспадаркі — а значыць, цесна ўзаемадзейнічалі з разнастайнымі жывёламі.

Хоць рэлігійныя беларусы мінулых часоў воляй-няволяй рэгулярна рабіліся часовымі вегетарыянцамі ў перыяды хрысціянскага посту, жывёл пастаянна выкарыстоўвалі для самых утылітарных задач: як крыніцу ежы, а таксама як матэрыял для адзення. Вядома, у гэтай якасці можна было выкарыстоўваць не толькі хатніх жывёл, але і дзікіх. Аднак ужо ў Сярэднявеччы людзі сутыкнуліся з праблемай вычарпальнасці прыродных рэсурсаў. Разумеючы, што на ўсіх паляўнічых дзікіх звяроў проста не хопіць, улады ВКЛ, як і іншых еўрапейскіх краін таго часу, прымалі меры для іх захавання.

Фото: Дмитрий Важник, instagram.com/dimid_by
Зубры. Фота: Дзмітрый Важнік, instagram.com/dimid_by

Усе тры рэдакцыі тагачаснай Канстытуцыі — Статута ВКЛ — утрымліваюць падрабязныя раздзелы пра адказнасць за шкоду жывёльнаму свету ў чужых (прыватных і дзяржаўных) пушчах. Так, згодна са Статутам 1588 года, сам факт палявання ў чужым лесе абыходзіўся паляўнічаму ці таму, хто яго ў гэты лес адправіў, у велізарную суму — 1200 грошаў (срэбных манет вагой каля 2,5 грама — то-бок прыкладна ў 3 кг срэбра). Акрамя гэтага, асобны штраф трэба было заплаціць за кожную забітую жывёліну:

  • 1200 грошаў за зубра;
  • 600 грошаў за лася, аленя ці лань;
  • 300 грошаў за мядзведзя і рысь;
  • 300 грошаў за дзікага ляснога каня тарпана (на жаль, тарпанам гэтая мера абароны не дапамагла — іх цалкам вынішчылі да пачатку XIX стагоддзя);
  • 240 грошаў за чорнага бабра і 120 грошаў за бурага бабра;
  • 200 грошаў за собаля (цяпер гэтая жывёліна таксама не сустракаецца ў Беларусі — хоць ацалела на поўначы Азіі);
  • 100 грошаў за дзіка;
  • 60 грошаў за казулю;
  • 30 грошаў за куніцу.

Такія «расцэнкі» на браканьерскае паляванне былі абсалютна непад’ёмнымі для звычайных вясковых жыхароў таго часу. Для параўнання, капа (то-бок каля 56 кг) жыта ці пшаніцы каштавала ў той час каля 20 грошаў. Пры гэтым нічыйнай зямлі і нічыйных лясоў на тэрыторыі Беларусі ў эпоху ВКЛ не было: практычна ўсе ўгоддзі абавязкова камусьці належалі: манарху (дзяржаве), магнатам, царкве, гораду. А таму асноўнымі крыніцамі мяса на сталах большасці людзей таго часу, як і цяпер, былі хатнія жывёлы (хоць простыя людзі захавалі права лавіць у лясах усякую «дробязь» накшталт зайцоў і птушак з дапамогай петляў, сілаў, капканаў і іншых пастак).

Сельскагаспадарчыя жывёлы ў ВКЛ

У панскіх фальварках і асабістых гаспадарках сялян ВКЛ гадавалі ў асноўным быдла, авечак, свіней і (у невялікай колькасці) коз.

Жывёлагадоўля традыцыйна грунтавалася на мясцовых пародах. Для быдла гэта была старадаўняя непатрабавальная «чырвоная» парода кароваў, якая не вылучалася высокімі надоямі. У дадатак, у адрозненне ад нашага часу, значную частку статка складалі не толькі каровы, але і валы — кастраваныя быкі, якія выкарыстоўваліся ў якасці цяглавай сілы падчас узворвання зямель і як запражныя жывёлы для транспартавання грузаў. У гэтай жывёльнай «механізацыі» існавалі прыкметныя рэгіянальныя адрозненні: валоў выкарыстоўвалі сяляне і панскія гаспадаркі на захадзе і поўдні ВКЛ, а на паўночным усходзе ў якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся ў асноўным коні.

«Пахота в Ниверне», 1885 год. На картине французской художницы запечатлена пахота на волах. Автор: Роза Бонёр. Thesupermat, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
«Ворыва ў Нівернэ», 1885 год. На карціне французскай мастачкі выяўленае ворыва на валах, шырока распаўсюджанае на захадзе і поўдні ВКЛ. Аўтарка: Роза Банёр. Thesupermat, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Самым распаўсюджаным мясам у нашых продкаў была свініна. Прыкметна менш (але больш, чым цяпер) яны елі бараніны, яшчэ менш — ялавічыны. Свіней забівалі звычайна з лістапада да студзеня і вясной, але часцей за ўсё — перад Калядамі (гэта старажытная традыцыя, яшчэ з паганскіх часоў).

У першай палове XVII і ў другой палове XVIII стагоддзя ў буйныя панскія гаспадаркі завозілі высокапрадуктыўныя пароды жывёлы з Заходняй Еўропы: галандскія і галштынскія пароды кароваў, танкарунных авечак. Улетку сельскагаспадарчых жывёл пасвілі на пашах, а зімой трымалі ў стойлах.

Разводзілі нашыя продкі з «кулінарнымі» мэтамі і птушак — у асноўным гусей, курэй, качак і (з XVI стагоддзя) індыкоў. Іх у асноўным трымалі для атрымання яек, мяса птушак у рацыёне было рэдкасцю. Яго ўжывалі пераважна як дыетычнае харчаванне пры хваробах, а таксама прадавалі на рынках і аддавалі ў якасці натуральнай даніны. Выключэнне — гусі, якіх было прынята забіваць на мяса ў пачатку лістапада (у адпаведнасці з агульнаеўрапейскім звычаем, на Дзень святога Марціна — 11 лістапада). З іх таксама вытоплівалі далікатэсны гусіны тлушч.

Галоўны сімвал Вялікага Княства — конь

Асобнай галіной жывёлагадоўлі ў перыяд існавання ВКЛ (ды і пазней) была конегадоўля. Развядзенне коней, з аднаго боку, было неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі — бо гэтыя жывёлы да вынаходства трактароў былі галоўнымі памочнікамі людзей у полі. З іншага боку, тагачасную конегадоўлю можна параўнаць з такімі галінамі сучаснай прамысловасці, як аўтамабілебудаванне і вытворчасць ваеннай тэхнікі. Коні стагоддзямі былі для продкаў беларусаў асноўным транспартным сродкам і эфектыўным узбраеннем, выкарыстанне якога ў разы павялічвала баявыя магчымасці ваяра-вершніка.

Слева — герб ВКЛ, справа — герб БНР. Фото: wikipedia.org
Злева — герб Вялікага Княства Літоўскага, справа — герб Беларускай Народнай Рэспублікі. Фота: wikipedia.org

Падобную ролю коні адыгрывалі і ў іншых кутках Еўропы — але ў ВКЛ іх статус усё ж быў асаблівым. На гербе гэтай дзяржавы, як і на ўсіх яго грашах, пачынаючы з XIV стагоддзя выяўлены рыцар верхам на магутным кані. Такое стаўленне продкаў да баявых коней не засталося незаўважаным класікамі беларускай літаратуры.

Які след баявыя коні часоў ВКЛ пакінулі ў беларускай літаратуры: «Пагоня» Багдановіча і таямнічыя дрыкганты Караткевіча

Так, у 1916 годзе, у разгар Першай сусветнай вайны, якая вогненным катком прайшлася па беларускай зямлі, сваю «Пагоню» напісаў Максім Багдановіч. Баявыя коні выступаюць галоўнымі героямі ў гэтым вершы-гімне:

«Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах,

Успомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!»

У 2020 годзе песня «Пагоня» на вершы Багдановіча стала адным з сімвалаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і самавольства ўладаў.

Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Караткевіча напэўна памятаюць таямнічых коней «Дзікага палявання караля Стаха», якіх пісьменнік апісваў так:

«Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, зь белымі ноздрамі і вачамі, якія адлівалі ўглыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэткая парода вызначаецца дзіўнай трывалай, машыстай інахадзьдзю і падчас намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Ня дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхныя скачкі».

Яшчэ раз Караткевіч згадаў дрыкганта ў «Каласах пад сярпом тваім», калі апісваў каня са стайні дзеда Вежы:

«Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты… Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных плямах і смугах, як леапард».

У сучасных аповедах пра дрыкгантаў звесткі пра іх вельмі адрывістыя і звычайна зводзяцца да таго, што гэта вымерлая беларуска-польская парода коней-іншаходцаў белай, радзей чорнай масці, у палосы і плямы, з ружовай храпай (пярэдняй часткай галавы). Некаторыя даследчыкі наогул лічаць «палескіх дрыкгантаў» літаратурнай містыфікацыяй альбо памылкай Караткевіча, які мог палічыць назвай пароды слова, якім у часы ВКЛ на польскі манер называлі жарабцоў. Але слова «дрыкгант» у розных напісаннях часта сустракаецца ў тэкстах таго часу на старабеларускай мове — у тым ліку і ў адным сказе з «жарабцом». Што выглядала б даволі дзіўна, калі б яны былі сінонімамі (…а коли жъ еще ляхъ какъ жеребецъ ржетъ коло дѣвокъ какъ дрыгантъ коло кобылъ…)

Былі дрыкганты асаблівай пародай беларускіх баявых коней ці сапраўды Уладзімір Караткевіч дапусціў памылку ў сваіх творах — незразумела. Але факт застаецца фактам: некалькі стагоддзяў коні былі адным са слупоў баявой моцы войска ВКЛ і займалі велізарнае месца ў жыцці дзяржавы і грамадства.

У адрозненне ад большасці іншых еўрапейскіх армій, у якіх самым шматлікім родам войскаў была пяхота, у ВКЛ цягам большай часткі яго гісторыі пераважала кавалерыя. Так, у сабраным у 1567 годзе паспалітым рушэнні (так у ВКЛ называлася мабілізацыя шляхты ў дзейную армію) налічвалася больш за 27,5 тысячы конных ваяроў — і ўсяго 6 тысяч пешых. Пяхота ў войску ВКЛ адыгрывала дапаможную ролю — яна складала гарнізоны гарадоў, брала ў аблогу крэпасці, ахоўвала абозы. Такая сітуацыя захавалася і пасля аб’яднання з Польшчай у Рэч Паспалітую, калі пяхотныя падраздзяленні часта набіраліся з замежных наймітаў (для мясцовых служба «драбамі», то-бок у пяхоце, лічылася непрэстыжнай).

Атака хоругви крылатых гусар в битве при Клушине. Картина Шимона Богушовича (1610). Фото: commons.wikimedia.org
Атака харугвы крылатых гусар у бітве пры Клушыне. Карціна Шымана Багушовіча (1610). Фота: commons.wikimedia.org

Асаблівае стаўленне нашых продкаў да баявых чацвераногіх таварышаў адбілася ў творы «Гіпіка, або Кніга пра коней» палкаводца і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, вялікага маршалка літоўскага Крыштафа Мікалая Манвіда-Дарагастайскага (сына полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага). Гэта сапраўдная энцыклапедыя конегадоўлі таго часу, упершыню выдадзеная ў Кракаве ў 1603 годзе.

«Гіпіка» Дарагастайскага складаецца з чатырох частак-кніг. У першай расказваецца пра гісторыю коней і верхавой язды, пра масці і прыкметы, пра падбор коней-рэпрадуктараў і гадаванне племяннога маладняку. Другая кніга прысвечаная прывучэнню і асновам выездкі маладых жарабцоў, трэцяя падрабязна расказвае пра конскую збрую, яе складовыя часткі і разнавіднасці, а чацвёртая, «Гіпіятрыя», уяўляе сабой ветэрынарны лячэбнік з рэцэптамі ад розных конскіх пошасцяў.

Тэкст «Гіпікі» абапіраецца на працы сучаснікаў і антычных аўтараў, але змяшчае і шматлікія спасылкі на асабісты досвед аўтара, рука якога прывыкла трымаць як шаблю, так і пяро, пэндзаль і медыцынскі скальпель. У чацвёртай частцы Дарагастайскі, напрыклад, апісвае свой ветэрынарны досвед, атрыманы ў стасаванні з коньмі: «А чытача прашу з гэтага не кпіць, бо я сам, калі хочаш ведаць, некалькі разоў гэта спрабаваў, і заўсёды ўдала, і ратаваў коней ад шматлікіх хваробаў, што не паддаюцца лячэнню».

«Гіпіка» стваралася ў жорсткі час безупынных войнаў і рэлігійных канфліктаў, калі нават чалавечае жыццё цанілася не надта высока. Аднак яе аўтар заклікаў ставіцца да коней, галоўных памочнікаў людзей, гуманна і справядліва. Так, Дарагастайскі рэкамендаваў клапаціцца пра старых коней, якія добра служылі людзям у маладыя гады, як пра заслужаных салдат — аж да іх смерці.

Иллюстрация к труду «Гиппика, или книга о лошадях» Криштофа Дорогостайского. Автор: Томаш Маковский. www.wilanow-palac.art.pl, Общественное достояние, commons.wikimedia.org
Ілюстрацыя да працы «Гіпіка, або Кніга пра коней» Крыштафа Дарагастайскага. Аўтар: Томаш Макоўскі. www. wilanow-palac.art.pl, commons.wikimedia.org

У цэлым жа твор Дарагастайскага прасякнуты любоўю і павагай да коней. На яго думку, менавіта яны з усіх жывёл маюць больш за ўсё кемлівасці, памяці, паслушэнства і працавітасці — пасля разумнага чалавека. А па смеласці і сіле пераўзыходзяць і людзей, бо, добра выдрэсіраваныя, не баяцца аленяў, ласёў, зуброў, мядзведзяў, львоў і нават цмокаў. Тут аўтар у якасці прыкладу прыводзіць легенду пра Аляксандра Македонскага, які перамог на сваім кані Буцэфале грознага васіліска.

Дзякуючы Дарагастайскаму, які разводзіў пародзістых коней у радавым маёнтку Мураваная Ашмянка, Ашмяншчына стала адным з найважнейшых цэнтраў конегадоўлі Рэчы Паспалітай. Яшчэ адным знакавым месцам за часамі ВКЛ стала Зэльва. З 1720 года ў мястэчку, якое належала Сапегам, праводзіўся адзін з найбуйнейшых у Еўропе конных кірмашоў — Аненскі.

Дамавы брахун, курч, хорт, узлайнік: сабакі Вялікага Княства

Сабачыя косткі знаходзяць на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў пахаваннях культуры пскоўскіх доўгіх курганоў VI-VII стагоддзяў, носьбітаў якой розныя даследчыкі лічаць балтамі, славяна-балтамі, угра-фінамі альбо прамымі продкамі племені крывічоў. Гэта значыць, што жыхары беларускіх зямель заводзілі сабак яшчэ ў дахрысціянскую эпоху.

Пра сабак у ВКЛ на світанку існавання гэтай дзяржавы, то-бок у XIII-XIV стагоддзях, вядома даволі мала. Так, у гарадзішчы Кярнаве, якое ў сучаснай Літве лічаць першай сталіцай Вялікага Княства, сабачыя косткі складаюць усяго 1,07% ад знойдзеных рэшткаў людзей і жывёл. Яшчэ менш іх у культурным пласце вільнюскага Ніжняга замка XIV-XV стагоддзяў.

Рост Великого Княжества Литовского до 1462 года. Изображение: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org
Рост Вялікага Княства Літоўскага да 1462 года. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org

На думку навукоўцаў, гэта не значыць, што сабак у раннім ВКЛ трымалі мала, бо паміраць яны маглі і за межамі гарадскіх сцен. Але адназначна сведчыць пра тое, што нават у тыя часы продкі сучасных літоўцаў і беларусаў не ўжывалі сабак у ежу — як рабілі і робяць гэта прадстаўнікі некаторых іншых культур.

Хутчэй за ўсё, гэтыя чацвераногія ў XIII-XIV стагоддзях былі паляўнічымі і вартавымі жывёламі. Вядома таксама, што на пахаванні вялікага князя літоўскага Кейстута (бацькі Вітаўта) разам з ім паводле старадаўняга паганскага звычаю спалілі яго зброю, коней і найлепшых сабак.

А якія пароды былі распаўсюджаныя?

Ужо згаданы вышэй Статут ВКЛ у яго трэцяй рэдакцыі (1588 года) вылучае наступныя пароды сабак (і вызначае цэны на іх):

  • пёс дамавы брахун, ці кобел дамавы (вартавы сабака, шырока распаўсюджаны ў шляхецкіх і сялянскіх гаспадарках) — 180 грошаў;
  • наследнік звярыны, ці следнік (сабака-знайда для пераследу звера па крывяным следзе — папярэднік басэтаў і ганчакоў святога Хуберта) — 300 грошаў;
  • набрэшнік звярыны (сабака для палявання на дробных жывёл накшталт ліс і зайцоў) — 300 грошаў;
  • бабровы пёс (сабака для палявання на баброў) — 300 грошаў;
  • курч (цяпер зніклая парода сабак мясцовага паходжання, з якой у ВКЛ палявалі на буйных жывёл — у тым ліку мядзведзяў) — 180 грошаў;
  • хорт — 180 грошаў (сабака для палявання на адкрытых месцах);
  • выжлец, ці выжал заечы (сабака для палявання на зайцоў, а таксама для сакалінага палявання) — 120 грошаў;
  • узлайнік звярыны (паляўнічая лайка для палявання на буйнога звера) — 180 грошаў;
  • шчая, ці ішчая (лягавая для сакалінага палявання) — 90 грошаў;
  • падстрэлчы, ці падстрэлы пёс (сабака для палявання на птушак, лягавая) — 180 грошаў;
  • пёс абсочны, ці абточны (буйны сабака для затрымання, цкавання звера і заганяння яго ў сеткі) — 300 грошаў;
  • медэльянскі пёс (медыяланскі, то-бок міланскі сабака — цяпер зніклая парода сабак кшталту малоса з вялікай галавой, што нагадвае галаву бульдога, і гладкай поўсцю; выкарыстоўвалася для цкавання звера) — 300 грошаў;
  • хорт падсакаліны (сабака для сакалінага палявання на адкрытых месцах) — 300 грошаў.

Акрамя таго, у іншых крыніцах сустракаюцца такія пароды сабак, якіх трымалі нашыя продкі:

  • ласявы (сабака для палявання на ласёў і, імаверна, аленяў);
  • огар (мясцовы ганчак);
  • брэтан, ці брэтон (буйны паляўнічы сабака для палявання на аленяў, дзікоў і ваўкоў; магчыма, продкавая форма брэтонскага грыфона).

Варта адзначыць, што цэны на пародзістых паляўнічых сабак з часам падалі. У пачатку XVI стагоддзя (у першай рэдакцыі Статута) кошт сабак вялікіх пародаў, з якімі палявалі на буйнога звера, складала 600−1200 грошаў, а харты каштавалі 300−600 грошаў. Вартавы дамавы брахун каштаваў у той перыяд 300 грошаў. Для параўнання: рабочы конь тады ацэньваўся ў 600 грошаў, а кабыла — у 300 грошаў.

Дарагія паляўнічыя сабакі былі своеасаблівым паказчыкам багацця і магутнасці свайго гаспадара. Іх колькасць у манархаў ВКЛ ішла на дзясяткі. Вядома, што ў псярнях Ягайлы было не менш за 100 гэтых жывёл, як і ў яго ўнука Аляксандра Ягелончыка. А Жыгімонт Аўгуст трымаў каля 140 сабак. У дварах кіраўнікоў ВКЛ іх даглядалі спецыяльныя прыдворныя слугі-сабакары. Яны дрэсіравалі сабак, а таксама лавілі лясных звяроў для звярынцаў. Напрыклад, у 1577 годзе сабакары на загад Стэфана Баторыя злавілі ў Белавежскай пушчы 8 зубранят і 10 ласянят.

Вялікакняскіх сабак купалі, прычэсвалі, лячылі. Найвялікшым улюбёнцам куплялі багатыя ланцугі, медныя міскі для ежы, пакрывалы з лісіных хвастоў. Для шчанюкоў улюбёнай харціцы вялікага князя Жыгімонта III Вазы Сібілы, якіх манарх падарыў прускаму герцагу, пашылі спецыяльныя кажушкі. Сабак прыбіралі ў аксэсуары, якія адпавядалі ўборам гаспадароў. Напрыклад, у 1569 годзе для сабак, атрыманых ад імператара Святой Рымскай імперыі, замовілі аксамітныя чорныя нашыйнікі з пазалочаным срэбным цісненнем, шаўковыя жоўта-чорныя ланцужкі і скураныя наморднікі з пазалочанымі ланцужкамі. У вялікакняскіх псярнях былі спецыяльныя кухні для сабак, памяшканні для лячэння, а ў адной з іх — нават сажалка для іх купання.

Портрет принца Сигизмунда. Автор: Johan Baptista van Uther, 1568 год. Фото: Edmund Kizik (2001). Wesele, kilka chrztów i pogrzebów: uroczystości rodzinne w mieście hanzeatyckim od XVI do XVIII wieku. Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego. ISBN 83-90548-68-2
Партрэт прынца Жыгімонта, будучага караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы. Аўтар: Johan Baptista van Uther, 1568 год. Фота: Edmund Kizik (2001), Грамадскі набытак, commons.wikimedia.org

У канцы XIV стагоддзя сабак у ВКЛ кармілі ў асноўным ежай жывёльнага паходжання, але пазней асновай іх рацыёну сталі злакі — авёс і жыта. Высушаны авёс пяклі да карычневага колеру і малолі, часам дадаючы шостую частку жыта (лічылася, што з ім сабака хутчэй набярэ вагу). Усё гэта змешвалася з тлушчамі і рознымі мяснымі абрэзкамі, крывёю, скваркамі і соллю. Атрыманую масу прапарвалі і астуджалі (вядома, такія рэцэпты характэрныя для сабак-шчасліўчыкаў з багатых дамоў). Часам сабакі атрымлівалі і мяса. У цэлым рацыён жывёл з велікакняжацкіх псярняў быў добра збалансаваны і не саступаў па якасці дыеце многіх сялян таго часу.

З канца XIV стагоддзя з’яўляецца інфармацыя пра распаўсюджанне ў ВКЛ агульнаеўрапейскіх традыцый трымання прадстаўнікамі элітаў не толькі службовых сабак, але і пакаёвых. Так, сабачку з мянушкай Vyoln, упрыгожаную срэбным ашыйнікам, падарыў у 1407 годзе Ганне, другой жонцы вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, магістр ордэна крыжакоў. У XVI стагоддзі ў крыніцах з’яўляюцца і назвы пародаў сабак. Так, жонка вялікага князя і караля Жыгімонта Старога італьянка Бона Сфорца ў 1534 годзе атрымала ў падарунак ад герцага Мантуі сабачку пароды мальтыйскі бішон, а ў 1549 годзе — маленькага іспанскага сабачку з Прусіі.

Мініяцюрныя сабачкі складалі кампанію высакародным жанчынам і дзецям, а вось у мужчынскай кампаніі пакаёвымі спачатку лічыліся паляўнічыя сабакі небуйных пародаў. Хоць паступова дэкаратыўныя сабачкі заваёўвалі нават суровыя мужчынскія сэрцы кіраўнікоў ВКЛ. На мініяцюрах біскупа Плоцка Эразма Цёлка, прысвечаных каранацыі Аляксандра Ягелончыка (вялікага князя літоўскага з 1492 года і караля польскага з 1501 года), відаць белы пухнаты сабачка, падобны да кітайскага шы-тцу або італьянскага вальпіна (шпіца).

Коронация великого князя Александра Ягеллончика. По правую сторону от монарха видна белая шпицеподобная собачка. Изображение: Zamek w Kórniku. MK 3329., Public Domain, commons.wikimedia.org
Каранацыя вялікага князя Аляксандра Ягелончыка. З правага боку ад манарха відаць белы шпіцападобны сабачка. Выява: Zamek w Kórniku. MK 3329., Public Domain, commons.wikimedia.org

Падобны сабачка ёсць і на партрэце больш ранняга кіраўніка ВКЛ і Польшчы — Казіміра Ягелончыка (кіраваў у 1440−1492 гадах) пэндзля Германа Гана. Праўда, напісаная яна ў 1613 годзе — то-бок гэты сабака мог быць альбо рэальным (калі Ган спісаў карціну з больш ранняга ўзору), альбо сімвалічным — калі мастак змясціў яго на карціну ў адпаведнасці з рэаліямі свайго часу. Маленькі белы сабачка з мянушкай Белік быў і ў вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога (кіраваў у 1506−1548 гадах). Ён суправаджаў манарха падчас афіцыйнага візіту ў Венгрыю, дзе яго глядзеў асобны прыдворны. Жыгімонт нават павучаў свайго пляменніка Людовіка, караля Венгрыі: «Сабак у пакоях не трымаць і да стала не пускаць».

Зрэшты, звычайна мужчыны-ўладары ўсё ж аддавалі перавагу кампаніі паляўнічых сабак. Так, Стэфан Баторый (вялікі князь і кароль у 1575−1686 гадах) трымаў у сваіх пакоях паляўнічых сабак з мянушкамі Шмыга, Абручыца, Харват і Шукай. А вялікі князь і кароль Жыгімонт III Ваза (кіраваў у 1587−1632 гадах) у дзяцінстве меў у якасці гадаванца дэкаратыўнага малога папільёна, але ў сталым узросце палюбіў паляўнічых спаніэляў.

Конный портрет Сигизмунда III Вазы кисти Питера Пауля Рубенса. Фото: Henryk Wisner, Wrocław 1991, commons.wikimedia.org
Конны партрэт Жыгімонта III Вазы пэндзля Пітэра Паўля Рубенса. Фота: Henryk Wisner, Wrocław 1991, commons.wikimedia.org

Акурат з двухколерным нямецкім спаніэлем ён выяўлены на партрэце пэндзля Рубенса. Вядомыя мянушкі двух пастаянных кампаньёнаў Жыгімонта III: Грыф і Сібіла. Уладзіслаў Ваза, які да ўзыходжання на літоўскі і польскі трон у 1632 годзе паспеў два гады пабыць маскоўскім царом, трымаў пры сабе вялізнага брэтона ці медыяланскага (міланскага) сабаку Швана.

Пацешны выпадак звязаны з прыхільнасцю да паляўнічых сабак вялікага князя і караля Аўгуста III Саксонца (кіраваў у Рэчы Паспалітай у 1734−1763 гадах). У 1752 годзе манарх падарожнічаў у Белавежскую пушчу разам са сваім вялікім паляўнічым сабакам. Пакуль кіраўнік спаў у глыбіні карэты, сабака высунуў галаву з акна. Сяляне, што збегліся паглядзець на гаспадара, прынялі сабаку за самога караля — і дзівіліся, як жа Аўгуст падобны да сабакі.

У XVIII стагоддзі гадаванне невялікіх пакаёвых сабачак сярод прадстаўнікоў элітаў Рэчы Паспалітай набыло рысы сапраўднай маніі. Сярод іх прыхільнікаў былі і абодва апошнія кіраўнікі ВКЛ і Польшчы: Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Панятоўскі. Асабліва папулярным быў белы шпіц Панятоўскага, якога звалі Кепек і ў гонар якога ў Гродне нават праходзіла спаборніцтва паэтаў. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які паставіў крыж і на гісторыі ВКЛ, Кепек суправаджаў Панятоўскага ў выгнанні ў Расіі, дзе і памёр неўзабаве пасля смерці гаспадара.

Портрет Станислава Августа Понятовского. Изображение: wikipedia.org
Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Выява: wikipedia.org

Стаўленне да сабак з боку кіраўнікоў ВКЛ выглядае дваістым. Практычна ўсе вялікія князі клапаціліся пра іх, надавалі сабакам ўвагу, трацілі на іх свой час і грошы. З іншага — пры дварах кіраўнікоў Вялікага Княства не адзначана імкнення да ачалавечвання сабак, што было характэрна, напрыклад, для Італіі XV-XVI стагоддзяў. У ВКЛ, у тым ліку на беларускіх землях, не прыжылася традыцыя даваць некаторым гадаванцам чалавечыя імёны. Нават самыя любімыя сабакі атрымлівалі ад манархаў мянушкі кшталту Белік, Плячан або Шукай.

Хоць у творах мастацтва ВКЛ сабакі выступаюць як сімвалы вернасці або радасці, у штодзённым жыцці слова «сабака» часта мела прыніжальнае значэнне, параўнанне з сабакам для чалавека звычайна было абразлівым.

Ды і жорсткае абыходжанне з жывёламі, у тым ліку з сабакамі, на той час было, хутчэй, нормай. З XVI стагоддзя ў ВКЛ у моду ўвайшло публічнае цкаванне дзікіх жывёл. У Вільні ў першай палове XVII стагоддзя такія «прадстаўленні» ладзіліся кожныя некалькі месяцаў. На арэне дзікіх жывёл, напрыклад мядзведзяў, нацкоўвалі адзін на аднаго — альбо напускалі на іх сабак. Вядома, гінулі ў гэтых жорсткіх сутычках і сабакі.

У цэлым стаўленне жыхароў ВКЛ да сабак можна ахарактарызаваць як практычнае. Іх любілі і шанавалі за карысць, якую яны прыносілі, — але пры гэтым не рабілі з іх культу. Зрэшты, часам паміж гаспадаром і сабакам узнікала моцная эмацыйная сувязь, дзякуючы чаму некаторыя сабакі былі ўвекавечаныя ў творах мастацтва.

Лятучая экзотыка

Самымі незвычайнымі для сучаснага беларуса выглядаюць такія хатнія жывёлы жыхароў ВКЛ, як лоўчыя птушкі. Паляванне з імі было цалкам штодзённай справай для заможных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і выйшла з моды па меры ўдасканалення і распаўсюду агнястрэльнай зброі.

“Выезд на охоту с соколом”, 1868 год. Автор: Juliusz Kossak - commons.wikimedia.org
«Выезд на паляванне з сокалам», 1868 год. Аўтар: Juliusz Kossak — commons.wikimedia.org

Пра тое, якія з паляўнічых птушак былі распаўсюджаныя і больш за ўсё шанаваліся ў Беларусі канца XVI стагоддзя, можна меркаваць усё з таго ж Статута 1588 года. Згодна з ім, такія гадаванцы маглі каштаваць даражэй за добрых паляўнічых сабак — і тым больш рабочых коней:

  • чырвоны крэчат — 600 грошаў;
  • белы крэчат — 500 грошаў;
  • шэры крэчат — 300 грошаў;
  • сокал (сапсан) — 300 грошаў;
  • ястраб вялікі (хутчэй за ўсё, ястраб-куратнік) — 120 грошаў;
  • рарог (сокал-балабан) — 120 грошаў;
  • рабец (палявы лунь) — 50 грошаў;
  • кракгулец (ястраб-перапёлачнік) — 50 грошаў;
  • дрэмлюг (адна з дробных птушак сямейства сакаліных — імаверна, пустальга) — 30 грошаў.

А як жа коцікі?

А вось з імі ў ВКЛ усё было складана. Да канца XIV стагоддзя слядоў хатніх катоў у ВКЛ наогул выявіць не ўдаецца. На тэрыторыі Беларусі ў той час жыў дзікі лясны кот, вонкава падобны да буйнога паласатага хатняга («барсікі» такой расфарбоўкі і цяпер шырока сустракаюцца ў нашых вёсках). Да пачатку XX стагоддзя спрадвечных беларускіх лясных катоў вынішчылі (апошняга забілі ў 1927 годзе ў Барысаўскім раёне). Зрэшты, падобна, што гэтыя жывёлы вяртаюцца ў нашую краіну — у 2017 годзе ката, вельмі падобнага да ляснога, злавіла ў кадр фотапастка ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

Аж да XV стагоддзя хатні кот ва Усходняй Еўропе заставаўся экзатычнай жывёлінай, якую маглі прывезці з іншых краін, напрыклад, купцы або вандроўнікі. Кошт такога гадаванца ў той час быў супастаўны з коштам вала. Каты згадваюцца ў старажытнарускім «Митрополичьем правосудии» XIII стагоддзя. Гэты дакумент прадпісваў за забойства жывёліны — выпадковае ці зламыснае — выплаціць яе гаспадару грыўню (205 грамаў) срэбра.

Акрамя дарагоўлі распаўсюд катоў у сярэднявечнай Еўропе стрымліваўся і забабонамі: людзей з ніжніх саслоўяў, якія трымалі іх дома, часта абвінавачвалі ў вядзьмарстве. У XIII-XIV стагоддзях па Еўропе пракацілася некалькі «антыкаціных» кампаній. Адной з першых афіцыйных нападак на катоў стала пасланне Vox in Rama папы Грыгорыя ІХ ад 1233 года, які апісваў рытуал стварэння супольнасці ерэтыкоў, падчас якога статую чорнага ката нібыта цалавалі пад хвост.

Кошки и другие животные на картине голландского художника Яна ван Кесселя Старшего “Аллегория ночи”, написанной между 1646 и 1679 годами. Автор: Jan van Kessel the Elder, Public Domain, commons.wikimedia.org
Каты і іншыя жывёлы на карціне галандскага мастака Яна ван Кесэля Старэйшага «Алегорыя ночы», напісанай паміж 1646 і 1679 гадамі. Аўтар: Jan van Kessel the Elder, Public Domain, commons.wikimedia.org

А сам д’ябал паказваўся ў абліччы паўчалавека-паўката. З таго моманту катоў, асабліва чорных, паўсюдна тапілі, спальвалі, кідалі з вежаў і вешалі. А інквізіцыя вельмі часта абвінавачвала ў вядзьмарстве жанчын разам з іх катамі — як правіла, такія працэсы заканчваліся смерцю для абаіх. Нарэшце, у 1344 годзе падчас псіхічнай эпідэміі «танцавальнай чумы» ў французскім Мецы яе вінаватым «прызначылі» д’ябла ў каціным абліччы. Пасля гэтага жыхары горада некалькі стагоддзяў штогод спальвалі 13 катоў у жалезнай клетцы, каб не дапусціць вяртання эпідэміі.

Пры гэтым варта ўлічваць, што ВКЛ было шматнацыянальнай і шматканфесійнай дзяржавай. У сувязі з гэтым «катафобія», якая час ад часу накрывала Заходнюю Еўропу, беларускія землі закранала толькі часткова. Напрыклад, у праваслаўі кот лічыцца «чыстай» жывёлінай і адзіным зверам, якому дазволена заходзіць у храм. Права заходзіць у мячэць маюць каты і ў мусульман, мноства якіх пасялілася ў Беларусі яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта.

Мяркуючы з усяго, да канца XVI стагоддзя каты сталі значна больш звыклымі хатнімі жывёламі — але не такімі важнымі, як сабакі і коні. Іх «юрыдычны след» у Статуце ВКЛ 1588 года значна меншы і зводзіцца да ўдзелу ў страшным пакаранні для людзей, якія наўмысна забілі свайго бацьку ці маці:

«А такою карностью, смертью ганебною маеть каранъ быти: по рынку возечи, клещами тело торгати, а потомъ в мехъ скуреный всадивши, до него пса, кура, ужа, котку и тое все посполу в мехъ всадивши, и зашить и где наглубей до воды утопити».

То-бок бацьказабойцаў належала вазіць па плошчы і рваць абцугамі іх цела, потым зашываць у мяшок разам з сабакам, курыцай, змяёй і катом — і разам з усёй гэтай кампаніяй тапіць.

У ВКЛ не было «катаманіі», падобнай да той, якая ахапіла сучасны свет. У адрозненне ад коней і сабак, якіх вельмі часта выяўлялі жывапісцы і скульптары тых гадоў, катоў практычна немагчыма знайсці на карцінах або ў скульптурах гэтага перыяду беларускай гісторыі. Стаўленне нашых продкаў да катоў было яшчэ больш практычным, чым стаўленне да сабак. Будучы ўмелымі паляўнічымі, гэтыя жывёлы дапамагалі зберагчы выгадаваны з вялікай цяжкасцю ўраджай ад мышэй і пацукоў. Але на ролю жывёл-кампаньёнаў забяспечаныя жыхары ВКЛ выбіралі сабак.

Чытайце таксама