У Англіі пара купіла латарэйны білет і выйграла адзін мільён фунтаў. Пасля гэтага дзяўчына рассталася з хлопцам і хоча забраць усе грошы сабе, піша BILD.
39-гадовы Майкл Картлідж і яго дзяўчына, 37-гадовая Шарлота Кокс з невялікага гарадка Сполдынг у Англіі разам рабілі пакупкі ў супермаркеце. На той момант Майкл і Шарлота сустракаліся каля трох месяцаў.
Майкл сцвярджае, што менавіта ён прапанаваў сваёй дзяўчыне купіць латарэйны білет.
«Шарлота сказала, што ў яе не засталося грошай на латарэйны білет, але я адказаў, што перавяду грошы ёй», — расказаў ён.
Паколькі ў Майкла не было з сабой банкаўскай карткі, пакупкі аплаціла Шарлота. Пры гэтым ён сцвярджае, што перавёў ёй грошы за білет проста на месцы, ля касы супермаркета. Гэты момант трапіў на кадры камеры відэаназірання.
Ужо дома яны праверылі латарэйныя білеты і высветлілі, што іх выйгрыш склаў адзін мільён фунтаў — прыкладна 1,2 млн еўра.
«Мы не маглі ў гэта паверыць. Мы гаварылі пра куплю новага дома. Шарлота хацела новую машыну, нічога дарагога — KIA ці нешта такое», — успамінае Майкл.
Аднак раптам Шарлота расталася з ім і знікла, забраўшы ўвесь выйгрыш па латарэйным білеце.
«Я ведаю, што яна заплаціла за гэта праз свой банкаўскі рахунак, але з маральных меркаванняў суму варта падзяліць папалам», — настойвае мужчына.
Шарлота ж кажа, што сама купіла латарэйны білет, а Майкл нібыта не пераводзіў ёй за яго ніякіх грошай. Латарэйная кампанія правяла ўласнае расследаванне і прыйшла да высновы, што права на прыз мае толькі той чалавек, які аплаціў білет, то-бок Шарлота.
«Гэта значыць, што прыз можа быць выплачаны толькі аднаму чалавеку, і менавіта так пра гэта заўсёды паведамлялася», — сказаў прадстаўнік кампаніі.