Памерлы тры гады таму пісьменнік Юры Станкевіч атрымаў прэмію «Гліняны Вялес» за 2023 год. Так быў адзначаны ягоны ўнёсак у беларускую літаратуру. Пра гэта арганізатары прэміі паведамілі ў сацыяльных сетках.
«Раней ніколі прэмія „Гліняны Вялес“ не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць выключэньне і ўшанаваць блізкага нам па творчых, маральных і жыцьцёвых перакананьнях празаіка Юрыя Станкевіча. Пісьменьніка не стала ў 2021 годзе. Двойчы яго кнігі намінаваліся на Вялеса. Яго творы заўсёды былі з намі побач. Гэтым разам мы хочам выправіць ранейшую прыкрую памылку і ўшанаваць прэміяй ТВЛ (Таварыства вольных літаратараў. — Заўв. рэд.) Юрыя Станкевіча. Добрыя пісьменьнікі ніколі не паміраюць, бо жывуць у сваіх творах і кнігах. І нам вельмі хацелася б, каб імя Юрыя Станкевіча было ў шэрагу нашых лаўрэатаў», — напісалі арганізатары.
Сапраўднае імя пісьменніка — Георгій Харытановіч. Нарадзіўся ў Барысаве. Ягоны бацька ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны і накіраваны ў папраўча-працоўны лагер.
Найважнейшыя кнігі Юрыя Станкевіча — «Любіць ноч — права пацукоў» (2000 год), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «Піяўка» (2010). Яго творы перакладзены на некалькі моў.
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч раней, распавядаючы пра тое, якая сучасная беларуская літаратура ёй па душы, прызналася, што ёй падабаецца проза барысаўскага пісьменніка Юрыя Станкевіча. «Мне спадабалася аповесць Станкевіча „Любіць ноч — права пацукоў“, канцоўка толькі — не зусім, заблытаная нейкая, а так — вельмі добра. Мне ён падабаецца», — казала яна.