Былую супрацоўніцу дзяржаўных школ у акрузе Тыптан штата Тэнэсі асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі па шэрагу абвінавачанняў у згвалтаванні малагадовых. Ад адной з ахвяраў яна зацяжарала і нарадзіла дзіця, паведамляе RTVi.
Дзеянні 38-гадовай Алісы Мак-Коман, якая працавала з вучнямі 4-га і 5-га класаў у дзвюх школах у прыгарадзе Мемфіса Ковінгтан, расследавалі з 2021 года. Яе арыштавалі ў верасні мінулага года пасля скаргаў адной з маці дзяцей.
Агулам ахвярамі настаўніцы, паводле звестак следчых, маглі стаць больш за 20 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Маці пяцярых пацярпелых далі паказанні супраць яе ў судзе.
Хлопчыку, якому Мак-Коман паведаміла пра сваю цяжарнасцю і пагражала забіць сябе, калі той перапыніць зносіны, на момант згвалтавання было 12 гадоў. Яго маці прызналася, што «любіла жанчыну як сваячку і адчыняла ёй дзверы свайго дома».
«Ты забрала нявіннасць майго сына да палавога выспявання, адабрала тое, што мусіла стаць цудоўным досведам, і запляміла. Ты хворая і ненармальная, калі ўзбуджаешся, гледзячы на дзіця», — заявіла маці пацярпелага ў судзе.
Жанчына паведаміла следчым, што Мак-Коман тэлефанавала яе сыну больш за 200 разоў, гуляла з ім у відэагульні і дасылала паведамленні непрыстойнага зместу.
Як адзначае WREG, вынашанае настаўніцай немаўля перадалі на выхаванне маці школьніка. Яго бацькоўства пацвердзіў ДНК-тэст. Бабуля адзначыла, што «дзіця будуць любіць і яно вырасце ўдалечыні ад уплыву» сваёй біялагічнай маці.
«Няма такога пакарання, якое табе можна прызначыць, каб яно параўналася з тым, як цябе пакарае Бог. Ты згарыш у пекле», — заявіла жанчына ў судзе.
У рамках угоды пра прызнанне віны суддзя прызначыў Мак-Коман 25 гадоў турмы за згвалтаванне, па 8 гадоў за два іншыя выпадкі, якія падпадаюць пад палажэнне пра «статутнае» згвалтаванне (г. зн. сэкс з няпоўнагадовымі незалежна ад згоды), і яшчэ па 2 гады па некалькіх іншых пунктах.
Жанчына будзе адбываць пакаранне без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Па заканчэнні тэрміну ёй трэба будзе зарэгістравацца ў рэестры сэксуальных злачынцаў і пажыццёва адзначацца ў наглядных органах.
Выданне Law & Crime адзначае, што падчас нядоўгага вызвалення пад заклад летась Мак-Коман тут жа звязалася з адной з ахвяраў, выкарыстаўшы кодавае слова. Па ім яна высвятляла ў дзяцей, ці не сочыць хтосьці за іх перапіскай, перш чым перасылаць непрыстойныя здымкі. Пасля гэтага інцыдэнту жанчыну зноў арыштавалі і не адпускалі да суда.