Сярод гучных кадравых перастановак мінулага тыдня прайшло незаўважаным прызначэнне гендырэктара «Кераміна». Лукашэнка даў гэтую пасаду Алегу Панасюку, які ў 2020-м узначальваў выбаркам на адным з участкаў у Белаазёрску, дзе паводзіў сябе дзіўна. Характэрна, што да яго на гэтай пасадзе працаваў Дзмітрый Пятруша, які ў 2020 годзе вырваў правады на пульце «дыджэяў перамен».

Алег Панасюк у 2020 годзе працаваў начальнікам планава-эканамічнага аддзела Белаазёрскай ДРЭС, што ў Брэсцкай вобласці. Летам узначаліў выбарчую ўчастковую камісію № 13. Яна знаходзілася ў белаазёрскім Палацы культуры. Яшчэ падчас датэрміновага галасавання Панасюк выклікаў міліцыю на незалежную назіральніцу Ірыну Грышчук, каб выправадзіць яе з участка. Да прыезду сілавікоў ён пагражаў жанчыне крымінальнай справай і забараняў здымаць сябе.
Як пасля расказала сама Ірына парталу «Першы Рэгіён», падчас датэрміновага галасавання яна знайшла не запламбаваны пакой, сумежны з участкам. Жанчына напісала скаргу. Пасля гэтага Алег Панасюк заявіў, што назіральніцу пазбавілі акрэдытацыі і яна не мае права знаходзіцца ў ДК. Калі беларуска запатрабавала рашэнне пра гэта і адмовілася сыходзіць, кіраўнік камісіі выклікаў на яе міліцыю. У выніку на Ірыну склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне службовай асобе (24.3 КаАП).
Пасля закрыцця ўчастка 9 жніўня 2020 года да Палаца культуры Белаазёрска прыйшлі мясцовыя жыхары ў чаканні вынікаў, пісаў рэгіянальны тэлеграм-канал «Белое и черное». Між тым сам Алег Панасюк і іншыя сябры выбарчай камісіі ўцякалі з участку праз чорны ход. Пасля да будынка прыехаў АМАП.
У 2021 годзе Алег Панаюск пераехаў у Бярозу і ўладкаваўся намеснікам генеральнага дырэктара па развіцці ААТ «Бярозабудматэрыялы». Мяркуючы з усяго, там ён быў на добрым рахунку. Так, у 2021 годзе мужчына расказваў пра поспехі прадпрыемства падчас санкцый. А ў кастрычніку 2023-га — прымаў узнагароду для прадпрыемства за «найлепшы будаўнічы прадукт года» на конкурсе «Лідары ў будаўніцтве Рэспублікі Беларусь — 2023». Пасля Панасюк перайшоў у кіраўніцтва «Кераміна»: спачатку як намеснік генеральнага дырэктара па развіцці, а з сакавіка 2025 года стаў выканаўцам абавязкаў гендырэктара.
Папярэднік Панасюка Дзмітрый Пятруша стаў вядомы летам 2020 года. 6 жніўня на праўладным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы Мінска дыджэі Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі нечакана ўключылі песню Віктара Цоя «Перемен». На той момант кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Пятруша паспрабаваў усё гэта спыніць, падышоў да калонак і пачаў выдзіраць з іх правады. Пасля ён выклікаў міліцыю, і дыджэяў хутка затрымалі.
У канцы ліпеня 2021 года Дзмітрыя Пятрушу прызначылі дырэктарам «Кераміна». Ён прапрацаваў да студзеня 2025-га. Тады мужчына пайшоў на павышэнне: яго прызначылі намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Цяпер чыноўнік курыруе будаўніцтва і ЖКГ.
Чытайце таксама