Да 2030 года на фоне развіцця тэхналогій і штучнага інтэлекту, а таксама ў цэлым змяненняў у сусветнай эканоміцы могуць цалкам або часткова знікнуць некаторыя прафесіі. Пад пагрозай у тым ліку касіры, сакратары, прыбіральшчыкі, бухгалтары, дызайнеры і нават банкаўскія супрацоўнікі. Такая выснова зробленая ў дакладзе Сусветнага эканамічнага форуму «Будучыня працоўных месцаў — 2025».

Выснова пра прафесіі, якія знікаюць, у дакладзе заснаваныя на меркаваннях «больш чым 1000 найбуйнейшых сусветных працадаўцаў, якія ў сукупнасці прадстаўляюць больш за 14 млн работнікаў у 55 эканоміках па ўсім свеце».
У каго самая вялікая рызыка страціць працу
На фоне імклівага развіцця тэхналогій, шырокага распаўсюду штучнага інтэлекту, а таксама дэмаграфічных і эканамічных зменаў многія з нас нават не падазраюць, як будзе выглядаць нашая прафесія да 2030 года. Як вынікае з дакладу Сусветнага эканамічнага форуму, да таго часу чакаецца знікненне каля 92 млн працоўных месцаў па ўсім свеце. Гэта прыкладна 8% ад агульнай колькасці занятых.
Чакаецца, што самыя вялікія страты будуць сярод касіраў. Таксама стане менш запатрабаванай праца адміністрацыйных памочнікаў і сакратароў. Пад пагрозай таксама такая група работнікаў, як наглядчыкі будынкаў, прыбіральшчыкі, ахоўнікі і пакаёўкі, а таксама тыя, хто працуе на складах.
Як прагназуецца, да 2030-га знізіцца попыт на работнікаў паліграфіі і сумежных прафесій, спецыялістаў з бухгалтэрыі і аўдытараў. Моцна знізіцца патрэба ў правадніках і кандуктарах. У спісе прафесій, якія «выміраюць», таксама некаторыя работнікі банкаў, якія ўзаемадзейнічаюць з кліентамі (тыя ж касіры) і супрацоўнікі службаў кліенцкай падтрымкі, а таксама аператары базаў дадзеных.
З творчых прафесій у групе рызыкі — графічныя дызайнеры. Скарачэнні таксама закрануць, як прагназуецца, некаторых менеджэраў па бізнес-паслугах і адміністраванні, а таксама асобных страхавых работнікаў.

Што будзе з прадстаўнікамі гэтых прафесій?
Многім (і не толькі тым, хто заняты ў прыведзеных галінах) трэба будзе вучыцца і засвойваць новыя навыкі. У тым самым дакладзе гаворыцца, што дзякуючы развіццю тэхналогій і эканамічнай трансфармацыі ў гэтым дзесяцігоддзі будзе створана каля 170 млн новых працоўных месцаў. Гэта істотна больш, чым колькасць скарочаных.
Такім чынам, нягледзячы на рост тэхналагічных рашэнняў, застануцца запатрабаванымі фермеры. Гэта звязана з ростам папулярнасці зялёнай эканомікі, скарачэннем выкідаў вугляроду і адаптацыяй да кліматычнага крызісу. Аўтары даследавання лічаць, што да пачатку трэцяга дзесяцігоддзя гэтага стагоддзя ў сельскай гаспадарцы ў свеце з’явіцца 34 млн дадатковых рабочых.
У пяцёрцы лідараў па патэнцыяльным росце колькасці спецыялістаў — кіроўцы-экспедытары, распрацоўшчыкі праграмнага забяспечання, будаўнікі і гандлёвыя прадстаўнікі.
Як чакаецца, праз павелічэнне працягласці жыцця ў многіх краінах і старэнне насельніцтва значна вырасце попыт на работнікаў у сферы догляду. У топе — таксама работнікі харчовай прамысловасці.
Чытайце таксама