Прапанову Расіі весці перамовы ў Беларусі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расцаніў як зацягванне працэсу. Пра гэта палітык заявіў на сустрэчы з журналістамі 27 траўня.

«Як вам сказаць, да чаго гэта падобна? Калі не хочуць, мне здаецца, людзі павінныя сказаць: „Мы цяпер не гатовыя. Ці не хочам заканчваць вайну“. Бо гэта несур’ёзна. Беларусь для нас на сёння — краіна, з якой паляцелі ракеты, і, адпаведна, яна саюзнік краіны, якая на нас напала. І войскі заходзілі з Беларусі. Гэта проста немагчыма ў дачыненні да Беларусі», — прыводзіць выказванне Зяленскага «Інтэрфакс-Украіна».
На яго думку, найбольш рэалістычнымі месцамі для перамоваў застаюцца Турцыя, Ватыкан і Швейцарыя. Зяленскі дадаў, што Афрыка і Мальта таксама прапануюць свае пляцоўкі, аднак РФ на ўвесь гэты спектр унесла сваю прапанову — Беларусь.
Нагадаем, у Крамлі неаднаразова заяўлялі, што афіцыйны Мінск мусіць быць удзельнікам перамоваў па Украіне. Пра гэта заяўляў і сам Аляксандр Лукашэнка. Аднак яго кандыдатуру ва Украіне і на Захадзе адпрэчваюць, Лукашэнка абвінавачваў апазіцыю.
«Яны ўсё робяць з падачы нашых вар’ятаў „збеглых“, гэтых латушак, якія сядзяць за мяжой для таго, каб не дапусціць Беларусь да вырашэння пытанняў», — заяўляў ён.