Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забараніць банкам прымаць плацяжы фізічных асобаў на карысць замежных арганізатараў азартных гульняў. Такое даручэнне ён даў 29 траўня на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна.

Адной з тэмаў нарады стаў ігральны бізнес. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне далікатнае, гаворка пра этычнасць і бяспечнасць.
«Па-першае, пры наяўнасці віртуальных установаў патрабуецца страхоўка, каб не дапусціць удзелу ў гульні дзяцей і недзеяздольных грамадзян. Па-другое, такія забавы мусяць быць даступныя толькі плацежаздольным людзям. Словам, мы ж не ўпершыню ўжо сутыкаемся з гэтым пытаннем, а ў Беларусі ўсё гэта квітнее. Цвіце і пахне, як у народзе кажуць. Ёсць досвед нашай працы па ігральным бізнесе, і, зыходзячы з гэтага досведу, давайце адрэгулюем канчаткова ўсе правілы, — сказаў палітык. — Колькі мы ведаем прыкладаў, калі, дапусцім, [лудаман] не можа спыніцца і бар’ераў для яго няма. Набірае даўгі, крэдыты, прадае маёмасць».
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць увесці ў ігральных установах мараторый на гульню ў доўг.
«А можа, і даць права членам сям'і ўводзіць забарону на гульню чалавеку залежнаму. Тым больш што грошы ад прайграных кватэр і машын ідуць замежным арганізатарам азартных гульняў, а вось гэта ўжо прынцыповае пытанне. Хацелася б ведаць, як прапануецца вырашыць гэтае пытанне, — падкрэсліў ён. — Увогуле, трэба забараніць для пачатку банкам ажыццяўляць такія пераводы за межы краіны. Грошы, заробленыя тут, павінныя інвеставацца ў краіну. Гэта датычыь усіх напрамкаў работы. Прашу далажыць, як у падрыхтаваным праекце ўказа ўлічваюцца гэтыя адчувальныя пытанні».