Турнэ сілавікоў па прадпрыемствах працягваецца, але на змену першым асобам ведамстваў прыйшлі іх намеснікі. Сёння, 16 лістапада, падчас сустрэчы з супрацоўнікамі прадпрыемстваў у Бабруйску першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сяргей Церабаў заявіў, што беларускім уладам вядомыя нібыта планы апазіцыі.
На яго думку, становішча ў Беларусі цяпер стабільнае, але фіксуецца «нарастанне знешняй пагрозы інтэрвенцыі з тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны».
«Збеглыя ўжо не бачаць магчымасці так званых мірных пераменаў і актыўна распрацоўваюць сцэнар сілавой змены канстытуцыйнага ладу. Палітэмігранцкія цэнтры працягваюць дзейнасць па развіцці свайго так званага палітычнага праекта — аб’яднанага пераходнага кабінета — і забеспячэння яго прызнання і фінансавання Захадам у якасці ўрада ў выгнанні. Мэта тут адна: пазбаўленне легітымнасці дзейнай улады і апраўданне тэрактаў і дыверсій», — заявіў Церабаў.
Ён адзначыў, што цяпер ідзе актывізацыя працы «дваровых супольнасцяў і сеткавых аб’яднанняў».
«Адміністрацыі так званых дваровых тэлеграм-каналаў ставяць сваім падпісчыкам задачы па абсталяванні сховішчаў для інструментаў, будаўнічай і іншай спецыяльнай тэхнікі, якая можа быць выкарыстаная ў масавых беспарадках і дыверсійных мэтах», — заявіў прадстаўнік КДБ.
Ён лічыць найбольш радыкальнымі акаўнты, якія зарэгістраваныя за мяжой, і заявіў, што «гэта падраздзяленні цэнтра спецыяльных інфармацыйных аперацый Украіны і збеглыя беларусы, якія хаваюцца ад правасуддзя за мяжой».
«Гэтай зімой збеглыя збіраюцца пачаць раскачку студэнцкага і выкладчыцкага асяроддзя шляхам укідаў інфармацыі пра неабгрунтаванае павышэнне кошту навучання, нізкі ўзровень адукацыі і гэтак далей. Тэма раскачкі індывідуальных выкладчыкаў скончылася нічым для нашых апанентаў, але на гэтым яны не спыняцца. Наступны заход будзе ў студзені 2023 года. З пытаннем цэнаўтварэння ў іх нічога не атрымалася, таму яны будуць раскачваць тэму падаткаабкладання», — сказаў ён.
Нагадаем, раней яго кіраўніцтва, кіраўнік КДБ Іван Церцель, заявіў пра тое, што «краіны Захаду» збіраюцца не толькі зладзіць серыю тэрактаў на нашай тэрыторыі, але і разглядаюць варыянт выкарыстання ядзернай зброі супраць Беларусі. Ён таксама расказаў, што з тэрыторыі Украіны ў Беларусь могуць уварвацца найміты, якія захопяць адзін з беларускіх гарадоў, а потым, атрымаўшы падмацаванне, рушаць на Мінск.
Распечатано с портала ZERKALO.IO