Беларускі комік Ваня Усовіч разам з расійскім калегам Багданам Лісеўскім прыехалі ў Беларусь адпачыць у загарадным комплексе на Нарачы. Відэа з імі з’явілася ў Instagram комплексу. Ролік убачылі сілавікі і прыгразілі Усовічу «адпачынкам» на 5 гадоў.

У відэа, апублікаваным 26 траўня, комікі падзяліліся ўражаннямі ад адпачынку ў загарадным комплексе.
Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал на гэта заявіў, што Усовіч нібыта «ў 2020 заклікаў да беспарадкаў і незаконнага перавароту, але цяпер прыехаў адпачываць у Беларусь на Нарач як нічога ніякага».
«А ведь можно ответить за свои слова и „отдохнуть“ лет 5 либо повторить судьбу Комиссаренки. Хотя, всегда есть выбор сделать новое заявление. Может быть, он что-то понял, спустя столько времени? Он еще в Беларуси и в этот раз — у него есть время подумать», — напісалі сілавікі.
У якасці пацверджання выказванняў Усовіча пра выбары 2020 года сілавікі прыклалі нарэзкі з некалькіх яго інтэрв'ю пяцігадовай даўніны.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Усовіч працягваў працаваць у Расіі. Яшчэ ў 2023 годзе ў яго быў вялікі канцэртны тур па краіне. А ўжо ў кастрычніку 2024 ён трапіў у чорны спіс артыстаў, якіх не варта запрашаць на мерапрыемствы і ў рэкламныя кампаніі.