Жыхарка Слуцка Алена Платонава-Федзякова звярнулася праз TikTok да генпракурора Беларусі Андрэя Шведа. Яна папрасіла расследаваць абставіны, звязаныя са смерцю бацькі, — мяркуе, што падчас лячэння мужчыны, які пакутаваў на анкалагічнае захворванне, былі дапушчаныя парушэнні. Створаная камісія, якая прааналізуе сітуацыю і дасць адказ, паведаміла «Мінская праўда» са спасылкай на галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

Жанчына расказала, што яе 64-гадовы бацька Сяргей Скрундзік памёр 5 траўня ў стацыянары слуцкай бальніцы «пры абставінах, якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы ў законнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі».
Тэрміновай пракурорскай рэакцыі, на думку случчанкі, патрабуе тое, што 11 красавіка падчас абледавання брушной поласці яе бацькі быў выяўлены моцны рост бактэрый полірэзістэнтнага штаму, характэрнага для ўнутрыбальнічных інфекцый (УБІ). Паводле яе слоў, гэты вынік быў уключаны ў выпіску фармальна і «не быў кваліфікаваны як УБІ, не зарэгістраваны ў вызначаным парадку, не расследаваны і не адбіўся ў эпідэміялагічнай дакументацыі».
Беларуска лічыць, што былі парушаныя патрабаванні закона пра ахову здароўя, кіраўніцтва па інфекцыйным кантролі ў стацыянарах, а таксама «пастановы Міністэрства аховы здароўя 73 і 107» — відаць, гаворка пра санітарныя нормы і правілы і інструкцыю пра парадак аказання медыцынска-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі.
@lena_platonovaf @Первые новости @prostopervy @Пресс-центр Дома Прессы @Советская Белоруссия @ONT LIFE #открытоеобращение #мвд #прокуратура #прокурор #президент #беларусь #папаясмогу #ПравдаДолжнаВыйтиНаружу #ЯНеМолчу #ИсторияПациента #ГолосПравды #МедицинскаяИстория #ПравдаОЗдравоохранении #СправедливостьСуществует #БольНеМолчит #ПациентыНеЦифры #ЗаЖизнь #ЧеловеческаяЖизньВажна #БольКотораяГоворит #Беларусь #Семья #Медицина #ЖенскийГолос #СильнаяЖенщина #ИсторияИзЖизни #Общество #МояИстория #СоциальныйКонтент #РазговорПоСуществу #Поддержка #Несправедливость #втренде #новости #реальныеистории #вирусныйконтент #влог #трудныйразговор #важно #документально #фактвлицо #покажуДокументы #бумагиНеМолчат ♬ оригинальный звук — Лена Платонова
На думку Алены, у выпадку заражэння полірэзістэнтным штамам бактэрыі пацыента неабходна было ізаляваць. Акрамя таго, мусіла быць праведзенае эпідрасследаванне, праінфармаваныя сваякі, праведзенае спецыяльнае лячэнне, «аднак з усяго вышэйпералічанага быў прызначаны толькі адзін антыбіётык — мерапенем, без праверкі адчувальнасці [бактэрыі да прэпарату]».
Яна сцвярджае, што ў Беларусі афіцыйная рэгістрацыя выпадкаў УБІ «моцна адрозніваецца ад рэальнай сітуацыі, што стварае пагрозу жыццю і здароўю пацыентаў па ўсёй краіне». Паводле яе, выпадак з УБІ — не адзінае парушэнне падчас лячэння яе бацькі, таксама ёсць памылкі ў дыягностыцы і лячэнні, «парушэнні ў заканадаўстве» падчас правядзення вакцынацыі і гематрансфузіі. Случчанка лічыць, што ўсё гэта можна кваліфікаваць як неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам (арт. 162 КК) і службовую халатнасць (арт. 428 КК).
Беларуска папрасіла Шведа правесці праверку «па факце ўтойвання УБІ ў майго бацькі, праверыць, паводле чыйго рашэння выяўленая бактэрыя не была зарэгістраваная як ўнутрыбальнічная інфекцыя і былі праігнараваныя патрабаванні Міністэрства аховы здароўя і заканадаўства, даць прававую ацэнку дзеянням ці бяздзейнасці службовых асоб установы аховы здароўя, прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб у выпадку пацверджання фактаў парушэння заканадаўства». Яна адзначае, што мае афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць усе выкладзеныя факты. Жанчына звярнулася праз TikTok, «бо гэта самы кароткі спосаб дастукацца».
«У катэгарычным тоне случчанка спасылаецца на артыкулы заканадаўства ў сферы аховы здароўя, якія, на яе думку, былі парушаныя падчас лячэння», — адзначыла праўладнае выданне «Мінская праўда».
Сітуацыю пракаментавалі ў галоўным упраўленні па ахове здароўя Мінаблвыканкама:
«Зварот узяты на кантроль Галоўным упраўленнем па ахове здароўя Мінаблвыканкама. Створаная камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты навукова-практычных цэнтраў, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікі абласных структур аховы здароўя, якія прааналізуюць сітуацыю і дадуць адказ заяўніку».
Зварот набраў больш за 280 тысяч праглядаў за два дні і звыш 200 каментароў, сярод іх такія:
- «Лена, мілая, змагайцеся, у вас мусіць усё атрымацца, бязмежжа поўнае, у 2023 годзе ў мяне памёр зяць 39 гадоў — стала кепска, выклікалі хуткую, а хуткую адправілі замест вуліцы Васільковая ў вёску Васількова. 45 хвілін чакалі, 15 разоў паўторна тэлефанавалі — адказ быў адзін — „паехала“, а калі прыехала, яго ўжо не стала, і ў выніку нікому нічога».
- «Калі памёр мой тата, яму было 44 гады, лёг у бальніцу з радыкулітам, выйшаў наперад нагамі, тромб адарваўся (паводле заключэння). Ускрыцця не рабілі, з прычыны — морг тады ў Мазыры не працаваў. І раку не было. І ніхто нічога не зразумеў, як такое можа быць».
- «У цяжкую вайну вы ўвязаліся. Але шчыра жадаю вам перамогі над абыякавасцю да людзей медыкаў. Праўда, не ўсіх. Хоць… прыкладаў не ўспомніла. Выратавалі пляменніка пасля аварыі і праз тыдзень адключылі ад апаратаў у рэанімацыі. Калі б не своечасовы прыход сястры маёй туды карміць яго — Макса б з намі не было. Проста апарат патрэбны быў іншаму, вышэйшаму рангам».
- «Аказалася сама ў такой сітуацыі, пасля кесарава была УБІ і такі самы штам, тыдзень рэанімацыі. У выпісцы ні слова пра гэта, на зварот далі адпіску. З доказаў фота з гісторыі хваробы. Нічога не даказалі. А цяпер гады аднаўлення».
- «Я прапаную платную медыцыну ў РБ, і рэзка ўпадуць скаргі».
- «Малайчына, дзяўчына — змагарка за праўду! Народ назірае і з нецярпеннем чакае вынікаў расследавання. Вінаватыя мусяць быць пакараныя. Гэты выпадак не адзінкавы».
- «Няма парадку ў медыцыне. Няма ад слова зусім. Хто не сутыкнуўся з гэтым, той можа абараняць нашых медыкаў. Я ў Оршы сутыкнулася. Бяздзейнасць, абыякавасць, і ўсё спісваецца на недахоп кадраў».