Жыхарка Заслаўя паскардзілася ў TikTok на велізарную лужыну ў раёне вакзала — на вуліцы Зялёнай. Са словаў жанчыны, цяпер праз яе ляжыць адзіная дарога да чыгуначнай станцыі, пакуль у цэнтры горада рыхтуюцца да «Дажынак» і абнаўляюць ходнікі. У адказ раённая газета «Прысталічча» выпусціла рэпартаж пра абстаноўку з ходнікамі і лужынай, дзе сцвярджаецца, што «жанчына заклікала ўвесь інтэрнэт змагацца з праблемай — з лужынай на вуліцы Зялёнай».

Беларуска зняла ролік пра велізарную лужыну, якая, з яе словаў, «цалкам перакрывае праход пешаходаў да чыгуначнага вакзала горада Заслаўя па вуліцы Зялёная, 4». Яна адзначыла, што ў горадзе цяпер актыўна рыхтуюцца да абласных «Дажынак», і ходнікі паабапал цэнтральнай вуліцы Савецкай разабраныя. Прайсці да вакзала можна толькі праз вуліцу Зялёную, але «падчас дажджу праход там не ўяўляецца магчымым, а ў службе 115 ужо перасталі прымаць ад жыхароў горада заяўкі на яе (вялізнай лужыны. — Заўв. рэд.) ліквідацыю».
@ninaricci80 Жители #заславль нуждаются в помощи! #беларусь🇧 #115 #заявкинепринимают #лужа #какпройти #минсксейчас #минскмир #жителизаславля #крикопомощи #дожинки #подготовкакдожинкам #анамчтоделать #минскийрайон🇧 #минскаяобласть #всябеларусь🇧 #потопвзаславле #противпешеходов #стБеларусь ♬ оригинальный звук — ninaricci80
Раённая дзяржгазета «Прысталічча» адрэагавала на гэта відэа з крыху больш за 1300 праглядаў. Журналістка Анастасія Фігурына палічыла, што заслаўчанка вінаваціць «рамонтныя работы ў Заслаўі і бяздзейнасць улады», а яшчэ што «жанчына заклікала ўвесь інтэрнэт змагацца з праблемай — з лужынай на вуліцы Зялёнай».
У матэрыяле гаворыцца, што на вакзал можна прайсці і Савецкай вуліцай: «Так, пад нагамі пясок, дзе-нідзе лужыны. Але цярпіма».

На вуліцы Зялёнай сапраўды аказалася велізарная лужына. Там сустрэўся мужчына, які «сумна акідваў яе позіркам».
«Лужына тут заўсёды была, але каб такая вялікая… Не памятаю такога», — расказаў ён.
Гараджанін дадаў таксама, што яму сапраўды прасцей дабірацца да вакзала менавіта вуліцай Зялёнай.
«У тое, што дарога праз Савецкую чысцейшая, мужчына верыў неахвотна», — адзначыла аўтарка раёнкі.
Яны разам выправіліся праз цэнтр, дзе высветлілася, што ісці так даўжэй, але там «усяго толькі некалькі метраў пяску, праз якія можна прайсці, не страціўшы ні годнасці, ні абутку».

У канцы артыкула прапануецца скарыстацца транспартам, «калі раптам убачыць элементарнае не ўдаецца».
«Рамонт — гэта часова. Лужыны — перасыхаюць. А вось звычка знайсці праблему там, дзе яе няма, надзіва жывучая», — лічыць Анастасія Фігурына.
Заслаўская ціктокерка адрэагавала на гэты матэрыял — відэа набрала ўжо больш за 5500 праглядаў. Жанчына лічыць, што «навінавы партал зноў аблажаўся» і «грош цана навінам, якія былі злізаныя ў падобных да сябе». На яе думку, журналістам «мазгоў не хапае прыдумаць нешта новае, падгледзець, сабраць матэрыял».
@ninaricci80 ♬ оригинальный звук — ninaricci80
Жанчына кажа, што амаль тыдзень у Беларусі не спыняюцца дажджы і лужына стала велізарнай, таму яна звярнулася да людзей і на партал 115.бел «для таго, каб заяўкі грамадзян прымаліся, каб мадэратар іх не адхіляў».
«Я не абвінавачвала ўлады. Я канстатавала факт — у горадзе вядуцца падрыхтоўчыя работы да „Дажынак-2025“, і таму цэнтральная вуліца паабапал перакапаная. Я не знаходжу праблем там, дзе іх няма. Я, як светлячок, падсвятляю праблему там, дзе яна патрабуе нашага ўмяшання і нейкіх рашэнняў», — патлумачыла жыхарка Заслаўя.
На думку гараджанкі, «дзяўчыне Насці» не хапае экспертнасці, ёй яна пажадала «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца».