Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі Сяргей Тоўсцікаў быў папулярным акторам, здымаўся ў кіно і кліпах гурта J: Мoрс, а за мяжой быў вымушаны збіраць дзюралюмініевыя канструкцыі. Блог «Людзі» паразмаўляў з ім пра пераезд праз здымкі ў серыяле, экспрэс-вывучэнне літоўскай мовы, заняткі кікбоксінгам і сучасным пяцібор'ем, зарплату ў 14 даляраў, тры месяцы жыцця ў беларускім тэатры і бясплатны «Тытанік». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Сяргей Тоўсцікаў нарадзіўся ў 1977 годзе ў Магілёве. Скончыў Магілёўскі каледж мастацтваў і сталічную Акадэмію мастацтваў. Быў акторам Коласаўскага тэатра ў Віцебску (1997−1998), сталічнага тэатра «Дзе-Я?» (пазней пераўтвораны ў Новы драматычны, 1998−2020), быў заняты ў праектах Сучаснага мастацкага тэатра і Тэатра Ч. Здымаўся ў кіно (серыял «Акрэсціна» і «Party-zan фільм» Андрэя Курэйчыка, «Рыярыта» Пятра Тадароўскага, «Алхімікі» Дзмітрыя Астрахана і іншыя), у кліпах гурта J: Moрс («Мамонов», «Мы станем» і «Принцесса»). З 2022 года жыве ў Літве.

«З'явіўся бэкстэйдж серыяла. „Маланка“, якая яго рабіла, мяне незнарок засвяціла»

— У кулуарах расказваюць, што вы пераехалі ў Літву праз здымкі ў серыяле «Акрэсціна» Андрэя Курэйчыка.

— На той час працы ў Беларусі ў мяне ўжо не было, усё было абарванае. У 2020-м мы з калегамі па Новым драматычным тэатры паспрабавалі арганізаваць страйк. Былі вымушаныя сысці, трапілі ў чорныя спісы. Былі разавыя акцыі кшталту спектакля з сімвалічнай назвай «Застацца нельга з’ехаць». Але было зразумела, што раней ці пазней гэта ўсё скончыцца.

Узнік варыянт з Кіевам — мяне запрашалі ў «Тэатр на левым беразе Дняпра». У пачатку 2022 года я мусіў зняцца ў «Акрэсціна», потым вярнуцца ў Мінск, чыпаваць сваю котку і рушыць у Кіеў. Але з’явіўся бэкстэйдж серыяла (відэа працэсаў, які адбываюцца за кадрам. — Заўв. рэд.). «Маланка», якая яго рабіла, мяне незнарок засвяціла. Адзін знаёмы, які мае дачыненне да сілавых структураў, сказаў: «Серы, у цябе шансы 50 на 50. Ты засвяціўся канкрэтна. Калі вернешся, можаш потым выехаць, можаш сесці». Узважыў усе за і супраць і вырашыў, што трэба заставацца.

Сергей Толстиков. Фото: личный архив героя
Сяргей Тоўсцікаў. Фота: асабісты архіў героя

Я разумеў, што ў Беларусі ў мяне перспектываў асаблівых няма. Але ў сітуацыі, калі прыехаў з заплечнікам, і ў цябе там швэдар, трусы і шкарпэткі… Дзякуй Пашу Марынічу (прадзюсар карціны і кіраўнік праекта «Маланка медыя». — Заўв. рэд.), які на паўтара месяца падоўжыў мне жыллё ў гатэлі. Для мяне гэта быў жахлівы люты. Добра, што сонца позна ўзыходзіла і рана сядала. Кожны дзень я ўставаў, ішоў на сняданак, а потым уключаў нейкі нямецкі канал і да бясконцасці яго глядзеў — тады яшчэ ішла зімовая Алімпіяда. Такая вось форма самаабароны. Хоць калі б я дзейнічаў па плане, то вярнуўся б у пачатку лютага ў Беларусь, недзе ў сярэдзіне месяца паехаў бы Кіеў. А там неўзабаве вайна пачалася.

— У вас галоўная роля ў серыяле?

— Па сюжэце дзеянне адбываецца ў камеры. Я адзін з шасці зняволеных. Гэта раўназначныя ролі. А вось з сілавікамі прасцей: у іх актор Алег Сідорчык галоўны (усміхаецца).

— Чыталі пра суд паміж Курэйчыкам і Марынічам?

— Не хачу. Я перыядычна пытаю то ў Пашы, то ў Андрэя, калі выйдзе серыял. Пакуль нічога не кажуць.

Гарадскі суд Вільнюса разглядае справу пра аўтарскія правы на серыял «Акрэсціна». У ёй фігуруюць сцэнарыст і рэжысёр серыяла Андрэй Курэйчык, а таксама «Маланка медыя», якой кіруе Павел Марыніч.

— Калі засталіся ў Літве, то кім пайшлі працаваць?

— Зборшчыкам дзюралюмініевых канструкцый — збіралі і разбіралі іх то на Літэкспа (там у Вільнюсе праводзяцца кірмашы. — Заўв. рэд.), то на Лукішках (Лукішская плошча, адна з цэнтральных у Вільнюсе. — Заўв. рэд.), то на іншых пляцоўках. Тады, у 2022-м, праца магла быць нават кожны дзень. У асноўным усё ж у Вільнюсе, але маглі быць нейкія вандроўкі — у Каўнас, Шаўляй, нават у Польшчу ў Аўгустаў. Гэта літоўская кампанія, але часцей там працавалі замежнікі. Фізічна гэта не самая лёгкая праца, плацілі на ёй за дзень ад 50 да 80 еўра (у залежнасці ад аб’ёму) — не кожны літовец пагодзіцца працаваць на такіх умовах.

— Быў на вашых спектаклях — у вас забінтаваныя рукі.

— Гэта артрыт. Яшчэ ў Беларусі дактары казалі, што не ведаюць прычыны хваробы — можа быць і абмен рэчываў, і нервы — усё што хочаш. У эміграцыі я зразумеў, што прычына ў нервах — усё вельмі абвастрылася. Дзякуй Богу, тут добра працуюць бальніцы і паліклінікі. Усё, што магчыма, дактары робяць. Яшчэ ўзніклі праблемы з суставамі, таму са зборкай давялося развітацца. Асноўны занятак цяпер — тэатр: граю ў спектаклях «Ціхары», «Цесля». Зразумела, што ў гэтым няма стабільнасці. Сёння спектакль ёсць, заўтра няма.

Сяргей Тоўсцікаў у спектаклі «Цесля». Фота: Deutsche Welle
Сяргей Тоўсцікаў у спектаклі «Цесля». Фота: Deutsche Welle

— Што ў вас з літоўскай мовай?

— Паўгода давялося працаваць на зборцы выключна з літоўскай брыгадай, і гэты час даў мне больш, чым любы рэпетытар. Насамрэч мне яго знайшлі. Нам давалі практыкаванні і казалі: «На наступны тыдзень у вас будуць наступныя восем заданняў. Потым яшчэ восем і гэтак далей». Я папрасіў, каб іх правяралі: «Мы ж беларусы. Мы мусім быць упэўненыя, што зрабілі сваю працу» (усміхаецца). А выкладчыца ў адказ: «Гэта не мая справа. Ідзём далей». Але калі прапускаеш пару-тройку практыкаванняў, то далей ужо незразумела. Карацей, не склалася.

А калі працаваў з літоўцамі, то даводзілася «прыклеіць вуха», каб штосьці зразумець. Ратавала, што мо 25 працэнтаў словаў аднакарэнныя з беларускімі. Недзе бачыў нешта асацыятыўнае па складах і родах. Таму калі працаваў з літоўцамі, то ў асноўным усё разумеў.

— Як цяпер?

— Аднойчы мы з маёй жонкай (цяпер ужо былой) — акторкай і драматургам Вольгай Каралёнак (яна напісала п’есу «Цесля», якую цяпер граем у Літве) паляцелі ў Грэцыю. Яна паслухала мяне і кажа: «Ты размаўляеш па-англійску прыкладна як туркмены ў Маскве па-руску». Сапраўды, база ў тры тысячы словаў ёсць. Я выдаю іх, але без правілаў, не з тым часам, з іншымі прыназоўнікамі. Хоць у школе ў нас былі цудоўныя выкладчыкі і дзевяць гадзін на тыдзень англійскай. Хочаш, не хочаш — вывучыш. У дзясятым класе мы лёгка чыталі Джэка Лондана ў арыгінале. А цяпер хто можа, той мяне зразумее. З літоўскай прынцып той самы, хоць яе я, натуральна, ведаю горш.

— Як вам працаваць з былой жонкай у адным спектаклі? Ці як прафесіянала вас гэта не кранае?

— Мы разышліся ў 2016 годзе, але працягвалі працаваць у адным тэатры, Новым драматычным. У першыя некалькі гадоў я нават падыходзіў да рэжысёра і прасіў: «Не стаўце граць разам, бо якія б прафесіяналы мы ні былі, біяграфія вылазіць нейкім бокам». Але потым, праз чатыры гады, у 2020-м, мы страйканулі, і нас гэта аб’яднала. Цяпер я жыву ў Вільнюсе, яна — у Варшаве, але магу спакойна прыехаць да яе, яна можа мяне прыняць, пакінуць ключы ад кватэры. У нас сяброўскія адносіны, і я вельмі гэтаму рады.

«Што за паталогія! Толькі вось нейкі нармалёвы студэнт наклёўваецца, дык адразу алкаголік»

— У адным з інтэрв'ю вы расказвалі, што займаліся кікбоксінгам і сучасным пяцібор'ем.

— У адзінаццатым класе нават стаў чэмпіёнам Беларусі па кікбоксінгу сярод юнакоў у вазе да 75 кг. Наогул, калі толькі ішоў у школу, то быў па фактуры крыху тлуставатым. «Серы, трэба спортам займацца. Што з цябе будзе, калі ты ўжо ў восем гадоў такі», — сказаў мне старэйшы брат і адвёў на воднае пола, на якое сам хадзіў. Але нешта не пайшло, і я перайшоў на сучаснае пяцібор'е. Там акурат мой характар і выгартаваўся. А ўжо пасля парады трэнера пераключыўся на кікбоксінг.

Але ўзніклі праблемы са здароўем. Мяне заўжды здзіўляюць людзі, якія пытаюць, ці трапляла мне па галаве. А вы ўяўляеце, як можна займацца кікбоксінгам, каб абысціся без такіх удараў? Былі праблемы з сятчаткай, частковае кровазліццё. Пачалі лячыць у Мінску, але тады было абсталяванне, а дактары не ведалі, як ім карыстацца. Давялося рабіць аперацыю ў Піцеры — бацькі на мяне патраціліся. Як сказаў доктар, да 50 гадоў эфекту хопіць. Цяпер мне 48, спадзяюся на большы тэрмін (усміхаецца).

Сергей Толстиков. Фото: личный архив героя
Сяргей Тоўсцікаў. Фота: асабісты архіў героя

— Вы хацелі стаць прафесійным спартоўцам?

— Не. Цяпер крыху шкадую, што не працягнуў займацца сучасным пяцібор'ем. У гэтым відзе спорту росквіт пасля 30 гадоў. Наогул шмат чаго ў маім жыцці адбываецца не так, як я хачу, а так, як чамусьці яно адбываецца. Я і акторам не асабліва хацеў быць. Вучылішча культуры знаходзілася за два прыпынкі ад дому. Гэта быў самы галоўны матыў у выбары (усміхаецца). У школе я ніколі не займаўся тэатральнай самадзейнасцю. Проста гуманітарый. У сярэдзіне дзевяностых я цудоўна разумеў, што буду працаваць у мінус і без асаблівых перспектываў. Але тэатр — гэта сапраўды заразна. Як, зрэшты, і спорт. Але для мяне было істотна, што ў секцыю мы пайшлі з аднакласнікамі. Хтосьці адколваўся, а мне было прынцыпова давесці справу да нейкага лагічнага канца.

— Як вы тады трапілі ў тэатр?

— Калі яшчэ займаўся ў вучылішчы, выходзіў у асобных спектаклях Магілёўскага тэатра. Але нешта мы не сышліся характарамі з Віктарам Куржалавым (тады дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра. — Заўв. рэд.). Ён мне прапанаваў папрацаваць светавіком і мантавальнікам. Падзякаваў, але адмовіўся і вырашыў паступаць у Акадэмію мастацтваў. Тады толькі ўвялі дзесяцібальную сістэму. Былі тры туры: сцэнарная мова, майстэрства актора і пластыка. Я атрымаў 10, 9, 10 і вырашыў, што ўжо паступіў. А там Купалле… Карацей, мы з хлопцамі вельмі добра адзначылі. А чацвёртым турам ішло сумоўе. Відаць, на маім твары ўсё было відаць. Лідзія Манакова (вядомы тэатральны педагог. — Заўв. рэд.) кажа: «Малады чалавек, падыдзіце бліжнэй». Я ёй: «Я вас і так добра бачу». Яна ў адказ: «Ну добра, тады я сама падыйду». Падышла і дадала: «Я вельмі спадзяюся, што я вас больш у гэтай ВНУ ніколі не пабачу», — і выгнала з аўдыторыі.

— Што было далей?

— За мной у калідор выскачыў дэкан тэатральнага факультэта Уладзімір Мішчанчук і кажа: «Што за паталогія! Толькі вось нейкі нармалёвы студэнт наклёўваецца, дык адразу алкаголік» (смяецца). Ён узяў у мяне тэлефон і паабяцаў патэлефанаваць. Праз пэўны час прапанаваў пайсці на тэатразнаўства адразу на другі курс ці ў Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа акторам. Навучання ўжо наеўся ў вучылішчы, таму згадзіўся на Коласаўскі.

Мая першая зарплата складала 14 даляраў, а арэнда нават не кватэры, а пакоя каштавала 20−30. Жыць не было дзе, і мяне пасялілі ў тэатры. Так я стаў дамавіком (смяецца). У маім распараджэнні было складское памяшканне з кратамі на вокнах. Кожную гадзіну біў гадзіннік на ратушы, што была побач з тэатрам. Так я пражыў тры месяцы і ўвесь гэты час вучыў ролю Рыжыка для спектакля «Жыла-была сыраежка». І штодзень пытаў, калі ўжо на сцэну. Віталь Баркоўскі, які кіраваў Коласаўскім, усё раіў не спяшацца: вось будзе нейкі выезд, тады і выйдзеш на сцэну. І вось у раскладзе з’явіўся выступ у Багушэўску (пасёлак у Віцебскай вобласці. — Заўв. рэд.) Мне дазволі парэпетаваць разам з астатнімі. Дайшлі да сярэдзіны, і Баркоўскі кажа: «Усё, нармальна, можна ехаць». Кажу: «Дайце хоць да канца дайсці, тры месяцы чакаў». «Нармальна, у Багушэўску зарыентуешся», — адказаў ён.

Сергей Толстиков. Фото: личный архив героя
Сяргей Тоўсцікаў. Фота: асабісты архіў героя

Прыкладна ў той час актор Алесь Лабанок мне і кажа: «Малы, бачу, што табе у тэатры жыць не дужа салодка. Калі хочаш, давай да мяне». У яго была аднапакаёвая кватэра. Але бацька мне прывёз складное крэсла. Так я да канца сезона і пражыў.

А тут рэжысёру Мікалаю Трухану ў яго мінскі тэатр «Дзе-Я?» спатрэбіўся актор — тыпаж «малады герой». Я герой так сабе, шчыра кажучы. Але Баркоўскі і Трухан былі аднакурснікамі, сябравалі. Баркоўскі мне кажа: «Ты згібееш у гэтым Віцебску. Ёсць варыянт: у ТЮГ (Тэатр юнага гледача. — Заўв. рэд.) ці ў „Дзею“». Я думаў, што за «Дзея» такая? А ТЮГ гучыць прыгожа. Ён мне тады сказаў, я ніколі не забуду: «Сярожа, ты што, хочаш усё жыццё вожыкаў і зайцоў іграць?» Я кажу, што не хачу. — «Ну, тады да Трухана». Так і зрабіў і ніколі не пашкадаваў. Зусім невялікая была трупа. За першы сезон у мяне было восем вялікіх уводаў у спектаклі. І мне ролі ў п’есах Шэкспіра і Аляхновіча (беларускі драматург Францішак Аляхновіч. — Заўв. рэд.) вельмі шмат далі.

— Дык, а што з Акадэміяй мастацтваў?

— Наступным разам, калі я паступаў, у мяне не ўзялі дакументы. Потым прапусцілі толькі на адзін тур. І толькі калі набіралі завочны курс да Зоі Белахвосцік, мяне са скрыгатам узялі на платнае аддзяленне. Так і паступіў з чацвёртага разу.

«Я цэлы дзень цягаў дачку Пугача то на плячах, то на руках — заплацілі 50 даляраў»

— У цяперашнім Новым драматычным нешта засталося ад «Дзеі»? Ці гэта былі два розныя калектывы?

— Засталася, мабыць, толькі нашая старая камерная пляцоўка. Калі я прыйшоў у памяшканне на вуліцы Лізы Чайкінай, то мы паралельна суіснавалі з кінатэатрам «Радзіма». Дамовіліся: кіно ў сем вечара яны не паказваюць, бо ў нас паралельна спектакль. Калі я прыехаў, акурат ішоў «Тытанік». Таму слухалі падчас рэпетыцыі, як Селін Дыён спявае.

— Бясплатна на паказы пускалі?

— Вядома. Але асабліва не карысталіся — не да таго было. Але на «Тытанік», памятаю, схадзіў. Зняўся яшчэ ў фільме «Алхімікі» ў Дзмітрыя Астрахана і зайшоў на сябе паглядзець. А потым кінатэатр закрылі, супрацоўнікаў размеркавалі па іншых установах, і пачаўся вельмі доўгі рамонт, пасля якога ўвесь будынак дастаўся нам.

— «Дзея-Я» была элітарным і беларускамоўным калектывам. Быў шанец яе захаваць і не пераўтвараць ў Новы драматычны?

— Не, гэта была спланаваная акцыя. Мікалай Трухан памёр у 1999 годзе, калі мы былі на фестывалі ў Маладзечне. Ён сумяшчаў і мастацкае кіраўніцтва, і дырэктарства. Тэатр, можна сказаць, сваімі рукамі выбудаваў. І незадоўга да гэтага нам прызначаюць дырэктарам Васіля Марцецкага, які прыехаў з Расіі — у 2020-м ён нас і звальняў. Яму быў не патрэбны беларускі нацыянальны тэатр. Калі б Трухан не памёр, усё роўна паступова б да гэтага прыйшло.

— Пасля смерці Трухана мастацкім кіраўніком стала Тамара Міронава, якая пасля 2020-га засталася ў Купалаўскім.

— Тамара Васільеўна падумала, што ў яе ўсяліўся дух Трухана (усміхаецца). Але гэта было не так. Яна сябе не найлепшым чынам паводзіла з нядаўнімі калегамі. І трупа сказала: «Не, Тома, не трэба».

— Калі б вас папрасілі назваць тры вашыя ролі-візітоўкі, згадаеце працу з J: Moрс?

— Здымкі ў кліпах былі хутчэй дапамогай сябрам. Напрыклад, у кліпе «Мы станем» я цэлы дзень цягаў дачку Пугача Волю то на плячах, то на руках — заплацілі 50 даляраў.

Таму ролі-візітоўкі іншыя. Колька ў спектаклі «Тры пары і адзін лёс» Новага драматычнага. Там мне рэжысёр Аляксандр Гарцуеў даў прастору для імправізацыі — заўжды чакаў новага паказу. Галоўная роля ў спектаклі «Што рабіць з тыграм?» — яна дапамагла мне паверыць у сябе. Тады да нас у Новы драматычны прыйшоў новы галоўны рэжысёр, Сяргей Кулікоўскі, і стаў мне даваць ролі кшталту «прынясі-падай». Пытаю яго чаму. Ён мне: «Сярожа, хтосьці ж мусіць піяніна цягаць». Але не ўвесь жа час! Дай мне штосьці вялікае, але не. Трэцяя роля — Кухар у антываенным спектаклі «Матухна Кураж». Была думка сыграць яго ў 2022-м, калі пачалася вайна. Але ніхто б нам гэтага, натуральна, не дазволіў.