Беларус, які мае пастаянны від на жыхарства ў Польшчы, вырашыў з’ездзіць на радзіму, каб атрымаць новы пашпарт. Купіў білет, сеў у міжнародны аўтобус — і стаў міжвольным фігурантам крымінальнай справы. Падрабязнасці расказвае Ex-press.live.

Як стала вядома выданню, на мяжы ў аўтобусе, які ехаў з Польшчы ў Беларусь, як мяркуецца, знайшлі наркотыкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі Памежнага камітэта і міліцыі перапісалі звесткі ўсіх пасажыраў. Кожны з іх цяпер праходзіць у якасці сведкі і адначасова падазраванага па крымінальнай справе.
Мужчына, з якім размаўлялі журналісты (яго імя не называецца), дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі і не можа вярнуцца ў Польшчу.
— Не ведаю, ці былі ў аўтобусе наркотыкі насамрэч. Але мяркуючы з таго, што адбываецца, допыты і «прэвентыўныя меры» мне амаль гарантаваныя, — расказаў ён.
Паводле яго, падставай для паездкі стала заканчэнне тэрміну дзеяння беларускага пашпарта, які неабходны для выканання шэрагу бюракратычных працэдур у Польшчы.
Афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт на мяжы пакуль не было. У сярэдзіне красавіка памежнікі паведамлялі пра затрыманне гродзенкі, якая ехала з Польшчы ў Беларусь на аўтобусе з рэшткамі марыхуаны ў кішэні.
Нагадаем, раней кіраўнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў, што сілавікі пачалі выкарыстоўваць новую тактыку ў дачыненні да былых удзельнікаў пратэстаў, якія прыязджаюць з-за мяжы ў Беларусь: на іх заводзяць крымінальныя справы і не дазваляюць зноў пакінуць краіну.