Опубликовано 25 кастрычнiка 2022 у 10.07
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-page.space/news/life/23736.html    

«З міністэрства паступіла ўводная: на першай паласе пісаць пра Лукашэнку». Супрацоўніца дзяржСМІ — пра ўнутраную кухню рэдакцыі

За апошнія два гады рыторыка беларускай прапаганды зрабілася больш жорсткай. Цяпер, напрыклад, вядоўца на дзяржаўным тэлеканале можа ўсур'ёз вымавіць «разнясём Кіеў ядзернымі ракетамі» або «Уладзімір Уладзіміравіч, родненькі — страляй жа!». Мы пагаварылі з журналісткай, якая працуе ў адным з такіх СМІ пры міністэрстве, пра тое, як там цяпер ідуць справы.

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

«Паступіла ўводная: на першых палосах пісаць пра дзейнасць Лукашэнкі»

У сваё выданне Ангеліна (імя змененае) прыйшла па размеркаванні. У канцы навучальнага года яна так і не вызначылася з месцам, і газета падвярнулася практычна выпадкова. Выданне ведамаснае, але праблем з працай у дзяўчыны няма: яна называе свой выпадак даволі ўдалым варыянтам размеркавання.

— Чаканні і рэальнасць сышліся. Атмасфера ў калектыве добрая, не лічачы асобных людзей старой загартоўкі, якія спрабуюць навязаць свае правілы і парадкі. Напрыклад, ты прапануеш новую вёрстку або арыгінальныя тэмы, а ўсё гэта забракоўваецца. А калі пытаеш, чым замяніць, адказу няма, — расказвае суразмоўніца. — Але ў цэлым тут працаваць камфортна. Гэта не тое выданне, якое выпускаецца кожны дзень, дзе пастаянна тысяча заданняў. У нас усё размеркавана, хіба што за некалькі дзён перад выпускам нумару нагрузкі больш. Але мне падабаецца, што ад мяне не патрабуюць шматзадачнасці, працы па-за офісам.

Калі Ангеліна ўладкоўвалася на працу, асаблівай праверкі не было. Запытвалі характарыстыку з універсітэта, але і тут усё прайшло гладка. Хоць прысутнасць ідэалогіі дзяўчына заўважае, асабліва апошнім часам.

— Паколькі мы ведамаснае выданне, ёсць вялікі ўплыў міністэрства. У пачатку жніўня адтуль паступіла ўводная: на першых палосах трэба пісаць пра дзейнасць Лукашэнкі, міністэрстваў, міжнародныя падзеі і іншае. Яны палічылі, што мы занадта слаба асвятляем палітычнае жыццё, — расказвае суразмоўніца. — У нас спачатку не было ідэолага, і гэтую задачу выконвалі супрацоўнікі. Не тое каб мне падабалася займацца такім, але я хоць бы магла сама выбіраць, што ставіць. Старалася публікаваць адносна нейтральныя рэчы, не закранаючы ўнутраныя перакананні і не ісці сабе насуперак. Але амаль адразу прыйшоў чалавек, які пачаў адказваць за «правільнасць асвятлення», — мы гэтым не займаемся, і дзякуй богу.

Акция протеста у здания Белтелерадиокомпании, Минск, 17 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Акцыя пратэсту ля будынка на Камуністычнай, 6, дзе знаходзяцца рэдакцыі тэлеканалаў АНТ і СТБ, Мінск, 17 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

Расказваючы пра тэмы, дзяўчына прызнаецца: ёсць цяжкасці з выбарам. Напрыклад, у газеты ёсць свой тэлеграм-канал, і калі там выпадкова з’яўляліся згадкі «не пра тых» людзей — напрыклад, знаходзяцца «не ў тым» аб’яднанні пісьменнікаў або спартоўцаў — з міністэрства наўпрост тэлефанавалі дырэктару з патрабаваннем выдаліць іх.

— З тэкстамі прасцей. Ёсць рэпартажы з мерапрыемстваў, інтэрв'ю. Спрабуюць пісаць праблемныя матэрыялы. Цяпер у нас яшчэ ідзе ўпор на рэгіёны, каб падымаць падпіску. Пішам пра тое, што адбываецца там: падзеі, мерапрыемствы, людзей, — тлумачыць Ангеліна. — Ну і, бывае, прылятаюць задачы з міністэрства: асвятліць нейкую падзею, узяць пэўнае інтэрв'ю.

З крытыкай сваёй галіны ў газеце складана, хоць дзяўчына ўспамінае: некалькі разоў за матэрыялы дырэктару «прылятала» пара ласкавых зверху.

— З узгадненнем у нас спакойна, ніхто мазгі не прамывае. Проста кажуць: «Ну, вы ж усё разумееце, будзьце асцярожныя». Не ведаю, якіх поглядаў прытрымліваецца наш дырэктар. Мне здаецца, ён выдатна разумее, што адбываецца, але з нейкай прычыны працуе ў нас, — кажа дзяўчына. — Газета ў друк ідзе без праверкі ў міністэрстве, але праходзіць кантроль галоўнага рэдактара, намесніка дырэктара і дырэктара. А вось сацсеткі мы вядзём самі, без кантролю кіраўніцтва. Але спрабуем максімальна нейтралізаваць інфармацыю, каб і дырэктару не прылятала, і не ісці насуперак сабе.

Калегі Ангеліны — людзі розных узростаў. Хоць моладзі таксама нямала, але яны імкнуцца трымацца адасоблена. Гэта ідэя кіраўніцтва: даць маладым людзям магчымасць прыдумляць нешта новае без аглядкі на старэйшае пакаленне.

«Голы аклад — каля 700 рублёў»

— Насамрэч тое, што гэта дзяржСМІ, адчуваецца толькі па зарплаце. Яна тут невялікая і залежыць ад таго, колькі ты пішаш. У нас ёсць аўтарскія ганарары, за кошт якіх жыве большасць аўтараў. Голы аклад — каля 700 рублёў, ёсць шмат надбавак і прэмій. У аўтараў, якія актыўна пішуць, часам можа выходзіць 1000 рублёў ганарараў.

Акция протеста у здания Белтелерадиокомпании, Минск, 15 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Акция протеста у здания Белтелерадиокомпании, Минск, 15 августа 2020 года. Фото: TUT.BY

— Але яшчэ ідэалогія адчуваецца, калі адпраўляюць на нейкае мерапрыемства. А там усе гэтыя «шышкі», якія ўвесь час гавораць, што можна, што нельга. У астатнім асабліва ніхто не чапае. Але каб я сядзела ў офісе і думала, як усё кепска, — такога няма. Уяўлялася, што, раз дзяржСМІ, будуць пастаянныя забароны, ціск, спыненне любой ініцыятывы. Але мае тэксты асабліва не рэжуць, а калі і скарачаюць, то тлумачаць чаму. Нават ведаю, што некаторыя ў нас адстойваюць свае тэксты і даказваюць, што праўкі не патрэбныя.

Ангеліна дадае: агулам магла б і далей тут працаваць, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца ці не паменшаць заробкі.

— Мне вельмі пашанцавала. Паводле аповедаў сяброў і знаёмых, у многіх суцэльныя перапрацоўкі, няма графіка, высокія патрабаванні ад кіраўніцтва. Што будзе далей, складана загадваць. Шмат што залежыць ад фінансавага пытання: цяпер такая інфляцыя, што праз нейкі час будзем існаваць, а не жыць.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO