Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  2. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  3. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  4. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  5. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  6. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  7. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  8. «Это недопустимо». Лукашенко в очередной раз потребовал разобраться с вечной проблемой Минска
  9. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  10. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
  11. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  12. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  13. Российские войска перебросили дополнительные части под Торецк и активизировали использование бронетехники — с какой целью
  14. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  15. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  16. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  17. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
Читать по-русски


Хутка месяц, як расіянам уручаюць позвы на «спецыяльную ваенную аперацыю». Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў суседзяў многія беларусы пачалі баяцца, што яна закране і нашу краіну. На думку Уладзіслава, які некалькі гадоў таму служыў у войску, гэта «пытанне часу». Ён цяпер «на валізках» перад ад’ездам у Польшчу, а яшчэ два нашыя суразмоўцы ўжо там. Чаму беларускія мужчыны асцерагаюцца мабілізацыі ў нашай краіне і чаму не гатовыя на яе ісці? Публікуем іх гісторыі.

Родные провожают мобилизованных россиян. 26 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Родныя праводзяць мабілізаваных расіян. 26 верасня 2022 года. Фота: Reuters

Усе суразмоўцы папрасілі змяніць іх імёны з меркаванняў бяспекі.

«Позву проста дасылаюць на працу па факсе, і нікуды ад яе не падзенешся. Падумаў: хопіць»

Яшчэ ў сакавіку 28-гадовы айцішнік Дзмітрый часова выехаў з Беларусі праз вайну ва Украіне — «перачакаць» на ўсялякі выпадак. Праз месяц ён вярнуўся. У пачатку верасня вырашыў усё ж пераехаць у Польшчу.

— Вонкава ўсё быццам было спакойна ў Беларусі, але абстаноўка ўсё абвастралася і абвастралася, а потым калегу выклікалі на зборы, — расказвае малады чалавек. — Я сам на іх таксама быў год таму, ды і да гэтага сутыкаўся з сітуацыяй, калі позву проста дасылаюць на працу па факсе, і нікуды ад яе не падзенешся. І падумаў: усё, хопіць. У жніўні зрабіў запыт на працы, і на верасень прызначылі мой ад’езд. Паспеў аформіць дакументы і працую афіцыйна цяпер тут.

З Польшчы ён яшчэ наведваў бацькоў, збіраўся гэта рабіць і далей. Але калі ў Расіі абвясцілі мабілізацыю, прыехаў дадому, каб «закрыць усе справы» і з’ехаць.

— Многія сябры яшчэ пасля пратэстаў паз’язджалі. Я кожны раз знаходзіў аргументы, каб застацца: родныя тут, мне падабаецца ў Беларусі, маёмасць нейкая ёсць. Ды і ў 2020-м я думаў, што мы пабудуем сабе тут добрую будучыню. Але занадта вялікія страты: могуць сысці замежныя кампаніі — мне давядзецца працаваць не ў IT, а ў нейкай іншай сферы, якая мне не падабаецца. І бяспека важнейшая за ўсё. Які толк, калі мяне адправяць на вайну і я там загіну? У нас яшчэ хоця б ёсць выбар, а ва ўкраінцаў яго няма: да іх прыйшла вайна, у іх асабліва не пыталі.

Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Дзмітрый — афіцэр запасу. Хоць у арміі не служыў — за плячыма ваенная кафедра ў ВНУ. Хлопец палічыў, што можа трапіць пад мабілізацыю, калі ў Беларусі яе абвесцяць следам за Расіяй.

— У нас аэрадромы працуюць, праз нас пастаўлялі тэхніку ва Украіну, праз нашы межы туды прайшлі войскі. Быў бы іншы расклад у пачатку вайны — нас бы таксама маглі ўцягнуць у гэта, — тлумачыць айцішнік, чаму бачыць для сябе такую рызыку. — З гэтай Саюзнай дзяржавай і цяперашнім кіраўніцтвам няма ніякіх гарантый, што мы не будзем уцягнутыя ў вайну. Тое, што цяпер адбываецца, — воля выпадку і жаданне канкрэтных людзей, якія лічаць, што пакуль «усё нармальна» і не трэба гэтага рабіць. У любы момант могуць перадумаць. Або ўпотай зацягваць на зборы — як і «спецыяльная ваенная аперацыя» пачалася. Многія ж, каго ўкраінцы ў сакавіку бралі ў палон, казалі, што проста на зборах былі і не ведалі, што знаходзяцца ва Украіне. Можа, іх навучылі так гаварыць, а можа, так і было насамрэч. Усё гэта прымушае пралічваць шляхі.

На думку суразмоўцы, нягледзячы на заявы ўкраінскіх і беларускіх чыноўнікаў, што наша краіна не будзе накіроўваць свае войскі на дапамогу Расіі, на гэты момант рызыка ўступлення Беларусі ў вайну ўсё ж вельмі высокая. Ён не хоча чакаць і правяраць, ці збудзецца яго прагноз.

— Маё меркаванне — 80%, што гэта адбудзецца. Вось Кац за 10 дзён да пачатку СВА сказаў: «Ой, якая вайна?! Вельмі маленькая рызыка» (словы пра тое, што вайны не будзе, гучалі ў відэа на канале Максіма Каца, напрыклад, 12 лютага. — Заўв. рэд.). А потым: «Ой, прабачце». І вось днямі ён выпусціў відэа пра Беларусь, таму я б сказаў, што можна адлічваць з гэтага моманту дзён дзесяць (смяецца). З сённяшнімі навінамі… вось у аднаго — аперацыя, і ў іншага была аперацыя — чаму не? (гаворка пра Уладзіміра Пуціна, які назваў напад на Украіну спецыяльнай аперацыяй, і пра Аляксандра Лукашэнку, які 14 кастрычніка заяўляў пра пачатак «контртэрарыстычнай аперацыі». — Заўв. рэд.) з кожным днём поспехаў для Расіі ўсё менш, Крымскі мост падарвалі — у расійскага кіраўніцтва трохі «падгарае». Трэба ж неяк апраўдвацца. Мабыць, ракет па мірных гарадах будзе мала, таму такая рызыка цалкам рэальная.

І калі яны сумняваюцца цягам дня, абвяшчаць рэжым контртэрарыстычнай аперацыі ці не, нейкія такія размовы, магчыма, ідуць. Плюс «турнэ» па прадпрыемствах, на зборы людзям позвы прыходзяць… мне не зразумела, як гэтага пазбегнуць нашаму цяперашняму кіраўніцтву, калі яны хочуць застацца ва ўладзе і пры гэтым сябраваць з Расіяй. Таму канчаткова вырашыў з’ехаць. Каб не быць у пастаянным чаканні, што хтосьці нешта там абвесціць. Потым можа стаць ужо занадта позна.

Суразмоўца мяркуе, што, калі будзе загад падтрымаць Расію ў вайне, беларусы ў большасці не пойдуць на гэта і выступяць супраць:

— Думаю, што рызыка пасядзець у турме больш прымальная, чым рызыка памерці. Да таго ж у нас людзі не так масава вераць тэлевізару. Можа, старэйшае пакаленне гэта і падтрымае, але тыя ж вайскоўцы — яны не так добра жывуць. Калі я быў на зборах, хадзілі размовы з серыі «лепш я пайду ў расійскае войска, там лепш плацяць». У войску, па маіх назіраннях, чым вышэйшы кіраўнічы склад, тым больш ён гучыць як тэлевізар. А афіцэры ўзроўню палкоўнікаў — у асноўным адэкватныя людзі. Сустракаюцца рэдкія выключэнні, але з імі можна нармальна размаўляць. Можа, яны былі б радыя, калі б у Беларусі ў 2020-м усё атрымалася.

Резервисты, призванные во время мобилизации, на церемонии отправки на военные базы в Севастополе, Крым, 27 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Рэзервісты, прызваныя падчас мабілізацыі, на цырымоніі адпраўкі на вайсковыя базы ў Севастопалі, Крым, 27 верасня 2022 года. Фота: Reuters

Сам Дзмітрый адназначна не збіраецца ўдзельнічаць у якіх-небудзь ваенных дзеяннях, нават калі яны будуць адбывацца на тэрыторыі Беларусі. На яго думку, у такім выпадку межы на выезд закрыюць і ў людзей, якія засталіся ў краіне, не будзе магчымасці не трапіць пад прызыў.

— Мы ж тут не Радзіму абараняем, а канкрэтных людзей, якія гэта пачалі. Я супраць вайны і не хачу ні за кога ваяваць. Калі б напалі на нас і я б падтрымліваў ідэалы дзяржавы, у якой жыву, ведаў, што мы перамагаем ворага, натуральна, я б пайшоў ваяваць за сваю краіну. Але калі адзін чалавек вырашыў «аднавіць гістарычную справядлівасць», з якой я кардынальна не згодны і праз якую людзі тысячамі гінуць, — не, у гэтым удзельнічаць я не хачу. Таму хай самі разбіраюцца з тым, што прыдумалі. А калі рэальна нападуць на краіну — яе ёсць каму абараніць: нагарадзілі ж штат сілавікоў, кантрактнікаў. Тым больш, калі прытрымлівацца афіцыйных заяваў, да нас пашлюць расійскіх салдат дапамагаць. А мне мая бяспека важнейшая. Я больш цаню асабістыя інтарэсы і людзей, якія ад мяне залежаць, чым нейкую там ідэалогію.

Малады чалавек кажа, што для сябе на найбліжэйшы час дарогу ў Беларусь закрыў і што рызыкне перасекчы мяжу яшчэ раз толькі ў выпадку крайняй неабходнасці:

— Толькі калі будзе зусім усё дрэнна і межы на ўезд будуць адкрытыя, па экстраных выпадках да родных я прыеду — заб’ю на асабістую бяспеку. Таму што які толк мне ад яе, калі я застануся адзін? А так я сябе ўжо настроіў, што да лета наступнага года дакладна не выязджаю з Польшчы. Калі сітуацыя і потым будзе пагаршацца, напэўна, буду разрываць сувязі з Беларуссю і ўладкоўваць сваё жыццё ў іншай краіне.

Резервист прощается с родственниками и друзьями перед отправкой на военную базу в Севастополе, Крым, 27 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Рэзервіст развітваецца са сваякамі і сябрамі перад адпраўкай на вайсковую базу ў Севастопалі, Крым, 27 верасня 2022 года. Фота: Reuters

«Яны дамовяцца хутчэй нашых адправіць на забой, чым апошнія сілы з Расіі выцягнуць»

Калі ў Расіі абвясцілі мабілізацыю, Ігар з жонкай другі дзень адпачываў за мяжой. Гэтыя навіны мужчыну ўстрывожылі, ён перапыніў адпачынак, вярнуўся ў Беларусь, падрыхтаваў дакументы і праз пару дзён быў ужо ў Польшчы. Ігару 33, калісьці ён «адкасіў» ад войска, але да службы прыдатны, таму падумаў, што вяртацца дадому і заставацца ў краіне яму цяпер небяспечна.

— Даверу ніякага да ўладаў няма, зразумела, у якой сітуацыі знаходзіцца краіна, і ў мяне спрацавала чуйка. А мяркуючы па тым, як мабілізацыя праходзіла ў Расіі, неабавязкова, каб ты служыў, стан здароўя і ўзрост не асабліва ўлічваюць, — выказаў здагадку, што ў нас можа быць тое самае. І вырашыў, што вяртацца няма сэнсу. Сядзець хавацца ў Беларусі ў якой-небудзь вёсцы — несур’ёзна. Што там рабіць, як жыць, як працаваць, калі можна нармальна ўладкавацца ў нармальнай краіне? Спачатку я хацеў наогул дадому не заязджаць, але з Польшчы было б вельмі доўга рабіць даверанасці. Таму ўсё ж прыехаў, разабраўся з усім за адзін дзень і з’ехаў.

Зусім нядаўна Ігар ажаніўся. Пакуль у Беларусі застаюцца яго жонка, бацькі, кот і кватэра. Жонка цяпер робіць дакументы для выезду і хутка прыедзе да яго, а з катом пытанне: пара перажывае, што з жывёлінай будзе складана знайсці жыллё, таму гадаванец пакуль застаецца дома. Сам мужчына ўжо ўладкоўваецца ў Польшчы.

— Я даўно вучыў польскую, проста не было жадання пераязджаць. А пасля падзей 2020-га, цяперашняй сітуацыі ўжо няма сіл. Тым больш працы ў маёй сферы (я будаўнік) станавілася ўсё менш, з’явіліся затрымкі па аплаце, цэны ў крамах растуць, — тлумачыць Ігар, што яго падштурхоўвала да пераезду. — Грошай, што назапасіў, на першы час тут мне хопіць. А так у мяне вышэйшая адукацыя, вялікі досвед, думаю, знайду працу. Калі не па спецыяльнасці — хоць бы часовую нейкую ў іншай сферы, каб не праядаць свае заначкі.

Ігар кажа, што сярод сваіх знаёмых ён адзіны, хто прыдатны да службы ў мірны час, таму і вырашыў з’язджаць проста цяпер. Але многія не зразумелі яго рашэння, хоць ніхто не падтрымлівае вайну:

— Некаторыя казалі: «Ды ўсё спакойна. Чаму ты так хвалюешся? Прыязджай, вайны не будзе». Нейкія знаёмыя з войска кажуць, што ўсё ў парадку, «ніякай мабілізацыі не абвесцяць». Але я чытаю навіны — і гэта набліжаецца і набліжаецца. Контртэрарыстычныя аперацыі нейкія збіраюцца праводзіць — ужо не вельмі добры званочак.

Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Мужчына кажа, што будзе імкнуцца забраць у Польшчу і бацькоў. Ён асцерагаецца, што ў краіне могуць пачацца баявыя дзеянні, і тлумачыць, чаму сам катэгарычна супраць мабілізацыі беларусаў:

— Радзіма — гэта краіна, а не прэзідэнт ці людзі, якія не думаюць галавой і робяць тое, што ім выгадна. Калі б хтосьці напаў на нашу краіну яшчэ да падзей 2020 года, я б, хутчэй за ўсё, нікуды не з’ехаў. Але пасля таго, што ў нас адбывалася, няма жадання ваяваць за такую краіну і такую дзяржаву. А я ўпэўнены, што рызыка ўступлення Беларусі ў вайну — высокая, больш чым 50 на 50. Мяркуючы з таго, што кажа і як сябе паводзіць Лукашэнка, з таго, што ў Расіі відавочныя праблемы з вайскоўцамі, асабліва больш дасведчанымі, ёсць рызыка, што яны дамовяцца хутчэй нашых адправіць на забой, чым апошнія сілы з Расіі выцягнуць.

— Адправяць, думаю, усіх: і тэрміновай службы, і звычайных людзей. І частка нашых пойдзе — асаблівыя, з «прапалошчанай» галавой. Яны ж білі людзей на мітынгах, арыштоўвалі і здзекаваліся з іх. Але менавіта на баявыя дзеянні адразу наўрад ці будуць адпраўляць тых, хто любіць нашу ўладу і больш-менш мае вопыт. АМАП і ГУБАЗіК дакладна не крануць. Упэўнены, Лукашэнку трэба, каб нейкі кантынгент мог тут яго абараніць, а абарона, думаю, яму спатрэбіцца, калі пойдуць чорныя пакеты ў Беларусь. З іншага боку, тыя, хто мог на мітынг выйсці ці нешта больш-менш істотнае зрабіць, ужо даўно з’ехалі з краіны, і засталіся тыя, каго ў прынцыпе ўсё задавальняе…

У найбліжэйшай будучыні Ігар не збіраецца вяртацца дадому і нейкі час збіраецца будаваць сваё жыццё за мяжой:

— Я прыеду толькі калі патрэбная будзе дапамога. Я маю на ўвазе, калі пачнуцца нейкія сур’ёзныя пратэсты і ўлада будзе на мяжы — тады, вядома, вярнуся. Але нават калі зменіцца ўлада, некалькі гадоў я, думаю, усё ж пажыву ў Польшчы, каб скончыць пытанні з дакументамі, якія ўжо пачаў. А потым гатовы вярнуцца. Нават, скажам, ахвяраваць нейкім фінансавым дабрабытам, каб развіваць сваю краіну.

«Калі Лукашэнка кажа, што чагосьці не будзе, значыць, наадварот, гэта здарыцца»

Уладзіславу 26 гадоў, у яго сяржанцкія пагоны пасля службы ў войску і маленькая дачка. Мабілізацыі ў нашай краіне ён чакаў яшчэ з канца лютага, але потым «усё прыціхла». А калі ў сярэдзіне верасня яе абвясцілі ў суседзяў, вырашыў з’ехаць з Беларусі і пачаў рабіць візу. Малады чалавек лічыць, што пачаць прызываць мужчын могуць і ў нас:

— Я служыў ва ўнутраных войсках, не ва ўзброеных сілах. Стрэльбы ў нас часта былі, таму досвед нейкі ў мяне ёсць і тое, што я сяржант, павялічвае шанцы трапіць пад прызыў у першых шэрагах. Я прывык словы Лукашэнкі люстраваць, нічога праўдзівага ў іх не бывае, таму мабілізацыя — гэта проста справа часу. Калі ён кажа, што чагосьці не будзе, значыць, наадварот, гэта здарыцца. І калі адразу пасля пачатку вайны мы таксама думалі з’ехаць, але не было магчымасці, то цяпер я спачатку пераеду сам, а потым перавязу сям’ю.

Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Улад таксама лічыць, што імавернасць уступлення Беларусі ў вайну ва Украіне — высокая. Гэтыя высновы ён робіць у тым ліку са свайго вопыту зносін з людзьмі з войска.

— Кантрактнікаў, тэрміновай службы адназначна першымі забяруць, іх ніхто і пытаць не будзе, — разважае ён. — Хоць увесь арсенал Беларусі вычэрпваць нявыгадна, менавіта таму, думаю, Лукашэнка і баіцца ваеннага сцэнару: мы і так маленькія, а страчваць войска ў краіне яму не вельмі хочацца. Але калі ў войсках людзі будуць заканчвацца — будуць мабілізаваць дадаткова людзей. Спачатку, магчыма, будзе прыхаваная мабілізацыя, а можа, яна ўжо і ідзе. Трывожныя ноткі кожны дзень паступаюць, у нашым так званым урадзе то адно кажуць, то іншае, і мне здаецца, гэта нейкае бяссілле, страх перад выкананнем абавязанняў, на якія Лукашэнка, магчыма, пайшоў перад Расіяй за захаванне свайго «трона».

Я не хачу верыць, што мы будзем ваяваць на баку Расіі, але разумею, што ў нашых войсках і міліцыі шмат людзей, якія не да канца разумеюць сітуацыю. Ідэалагічная праца ім моцна засланяе розум. Ідэалогія ў войску была ўвесь час, але я яе прапускаў міма вушэй. А вельмі многія з глыбінкі лічаць, што палітыка «нас не тычыцца» і што «тэлевізару трэба давяраць». Ёсць людзі з думкай «А што я магу зрабіць?! Скажуць — пайду». Хочацца верыць, што гэта толькі старэйшае пакаленне, якое мроіць пра Савецкі Саюз, але, думаю, знойдуцца такія і сярод моладзі — праз недасведчанасць, нежаданне разбірацца і звычку «есці тое, што даюць». І гэта катастрофа для нашых узаемаадносін з украінцамі. Яны і так не на найлепшым узроўні, а калі мы ўступім у вайну, гэта будзе поўны крах на многія пакаленні наперад.

Напад Украіны на Беларусь Улад лічыць нерэалістычным — кажа, што ніводная ракета з 24 лютага ў нашай краіне не ўпала, украінцам трэба цяпер абараняць сваю краіну. Яшчэ хлопец мяркуе, што суседні ўрад разумее ўзровень рэпрэсій і аддзяляе ўладу ад беларускага народа:

— Лукашэнка вельмі перабольшвае нашу значнасць. Для мяне гэта абсурд. І абарона Радзімы — гэта адно. А тут іншае — калі цябе, не пытаючыся, адправяць на пуцінскую вайну. Калі б мяне прызвалі па мабілізацыі, недзе схапілі, я б нізашто не пайшоў ва Украіну — лепш адседзець у турме. Такая імавернасць пакуль застаецца, таму што я яшчэ не атрымаў візу. Але буду рабіць усё, каб гэтага не адбылося. Яшчэ я думаю, што ў нас могуць абвясціць мабілізацыю, каб да канца выціснуць з краіны апазіцыйна настроеных людзей. З Расіі ж у асноўным з’ехалі тыя, хто не падтрымлівае гэта. Гэта людзі, якія патэнцыйна маглі выйсці на мітынгі. Таму ўлады там і не закрывалі межы: «Сваіх дурняў мы і так набяром».

(Межы ў Расіі сапраўды не закрывалі, але многія мужчыны сутыкаліся з праблемамі падчас выезду і не змаглі пакінуць краіну. Пра некалькі такіх выпадкаў можна пачытаць зут, тут і тут. — Заўв. рэд.)

Родныя і сябры Улада ў рашэнні з’ехаць падтрымалі, а на працы ён у падрабязнасці звальнення не ўдаваўся, таму не ведае, як адрэагавалі б калегі, «не зацікаўленыя палітыкай». Варыянт збегчы дзесьці ў глуш у Беларусі і хавацца маладая сям’я не разглядала:

— У мяне праца не дыстанцыйная, а ўзровень заробку цяпер не той, каб пайсці і свабодна купіць ноўтбук, аплаціць нейкія курсы і схавацца. Ды і дзіця трэба было б глядзець, калі жонку адправіць на працу. Таму жыць дзесьці не дома, не па прапісцы мне не падыходзіць. А наогул, я не хачу з’язджаць са сваёй краіны. Мы з жонкай вучым дачку беларускім словам, яна ўжо добра паўтарае «я цябе кахаю». Вы не ўяўляеце, які я шчаслівы, калі чую яе дзіцячы голас і беларускую мову — проста выбух эмоцый унутры! Але, на жаль, менавіта праз страх за сям’ю і яе дабрабыт я і вымушаны з’ехаць.

Фото: TUT.BY
Ваенны білет у руках у салдата. 20 лістапада 2015 года. Фота: TUT.BY

Фінансава пераезд сям'і Улада таксама даецца нялёгка: грашыма дапамаглі бацькі. Калі ўладкуецца на працу пасля пераезду, хлопец збіраецца вярнуць іх блізкім. Цяпер ён настройваецца на тое, што спачатку будзе шмат працаваць, ну і спадзяецца на лепшае жыццё ў іншай краіне:

— Многія мае знаёмыя ўжо з’ехалі, і ўсе пагалоўна кажуць, што на заводзе або складзе ў той жа Польшчы, Германіі да людзей ставяцца лепш, чым у нас, па заслугах можна атрымліваць узнагароды. А тут за пяць гадоў працы я на сваім месцы не заўважыў перспектыў кар’ернага росту, хоць на працу не скуплюся, усё раблю якасна. Стараешся, стараешся, а рукі апускаюцца.

Насамрэч маё жыццё з 2020 года перавярнулася. Хочацца не глядзець на цэны ў краме, не купляць на зніжках, а я стаў вельмі эканоміць. Мяне напружвае, што ў 26 гадоў мне трэба перажываць, а раптам заўтра ядзерная вайна або мабілізацыя. Я ніколі не думаў, што буду разважаць пра такія рэчы. Хочацца не перажываць, банальна, як памперсы ў цане ўзляцелі, і канцэнтравацца на сям'і. А яно ўсё горш і горш.

Калі будзе магчымасць, Улад збіраецца вярнуцца дадому. Пакуль сам імкнецца перайсці на беларускую мову і будуе планы на тое, як яго сям’я будзе жыць у Беларусі. Але не загадвае канкрэтныя тэрміны, калі гэта здарыцца.

— Лепш зарабляць грошы ў іншай краіне, чым ісці забіваць. Так, мы з жонкай будзем сумаваць адно па адным, але пратрымаемся. Яно таго вартае. Хоць у мяне нейкі песімістычны настрой, я ўсё роўна веру, што Беларусь будзе свабоднай і Украіна пераможа ў гэтай вайне. Хоць вакол у людзей я і не бачу такой жа веры, — заключае суразмоўца.