Пасля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах сілавікі пачалі прыходзіць да людзей, у якіх ёсць дроны. Пасля выхаду гэтай навіны ўладальнікі беспілотнікаў звязаліся з «Люстэркам» і расказалі, як гэта адбывалася і што яны думаюць пра сітуацыю на аэрадроме.
З меркаванняў бяспекі імёны суразмоўцаў змененыя. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі.
Віталь жыве ў Мінску і гадоў пяць захапляецца дронамі. Увечары 27 лютага яму ў дамафон пачалі настойліва званіць. Гэта былі двое мужчын у цывільным адзенні, якія прадставіліся: «Міліцыя».
— Яны спыталі, ці ёсць у мяне дрон, папрасілі паказаць. Удакладнілі, дзе я яго купляў, запісалі рэгістрацыйны нумар, — апісвае тое, што адбывалася, Віталь. — Акрамя таго, яны пацікавіліся, ці не замаўляў я нейкія дадатковыя аксэсуары да беспілотніка. А мне сёлета акурат прыйшла пасылка з AliExpress. У ёй была сумка і прапелеры. Пра пасылку яны ведалі.
Паводле словаў Віталя, дрон у яго маленькі, «нават тэлефон не падыме». Убачыўшы гэта, сілавікі шмат пытанняў не задавалі. Агулам, кажа, размова доўжылася хвілін дзесяць.
— Удакладнілі, калі я апошні раз лётаў і як далёка можа заляцець мой дрон, — успамінае суразмоўца. — Паводзілі яны сябе тактоўна. Папярэдзілі, што, калі ўзнікнуць пытанні, са мной звяжуцца.
Чаму сілавікі прыйшлі менавіта да яго, Віталь не ведае. Кажа, ён — сябра Беларускай асацыяцыі беспілотнай авіяцыі. Але з іншымі яго знаёмымі пілотамі дронаў пакуль ніхто не звязваўся.
— Можа, таму, што я не так даўно атрымліваў пасылку? — разважае ён. — Сам я ў іх не пытаў. Чуў пра тое, што адбылося ў Мачулішчах, таму вырашыў: прычына ў гэтым, і дадатковых пытанняў не задаваў.
У той жа вечар «шэсць чалавек у цывільным» прыходзілі і яшчэ да аднаго мінчука — Дзмітрыя, які з лістапада жыве ў Літве.
— Яны прыйшлі каля васьмі вечара. Званілі ў дзверы, але ім ніхто не адчыніў. Сусед, які ў той час выйшаў на пляцоўку, патлумачыў, што я не ў краіне, і яны сышлі, — расказвае Дзмітрый. — Навошта я ім спатрэбіўся, ён не спытаў, але мы думаем, гэта праз дрон.
Да пераезду Дзмітрый працаваў у БДУ. Мужчыну двойчы затрымлівалі. Першы раз — у 2021-м, перад прыездам у ВНУ Аляксандра Лукашэнкі. Другі — у траўні 2022-га. Тады на суткі яго павезлі з працы. Па дарозе, успамінае суразмоўца, супрацоўнікі ГУБАЗіКа глядзелі ягоны тэлефон і звярнулі ўвагу, што там усталяваныя дзве праграмы для кіравання дронамі.
— Яны мне тады казалі: «О, у цябе дрон! Зараз паведамім начальству. Расказвай, што здымаеш», — апісвае тую размову Дзмітрый. — У ГУБАЗіКу я ім шчыра патлумачыў: займаюся даследаваннямі і выкарыстоўваю дроны з навуковымі мэтамі. Пасля гэтага яны, у прынцыпе, адсталі. Адседзеўшы 15 сутак, я выйшаў, але ўпэўнены, у іх базе пазнака пра беспілотнік засталася.
Вучыцца кіраваць дронам Дзмітрый пачаў у 2017-м. Тады ж у БДУ вырашылі зняць з вышыні навучальныя корпусы, якія раскіданыя па ўсім Мінску. Здымку праводзілі афіцыйна. Для гэтага папрасілі сем дазволаў. Запыты адсылалі ў тым ліку ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, Мінгарвыканкам, КДБ, Генштаб.
— У каманду ўваходзілі тры чалавекі. Я быў пілотам дрона. Інфармацыя пра гэта была ва ўсіх дакументах, — адзначае Дзмітрый. — У Генштабе для палётаў нам выдалі часовы пазыўны. Лёталі мы ў гадзіны, якія спецыяльна забраніравалі. За 10−15 хвілін да ўзлёту набіралі вайскоўцаў, называлі пазыўны і папярэджвалі: «Збіраемся ўзлятаць». Думаю, у вайскоўцаў таксама ёсць пазнакі з маім прозвішчам.
Пасля гэтага Дзмітрый лётаў ужо без спецыяльных дазволаў. Здымаў «для навукі» і свайго блога пра Беларусь.
«Звычайным DJI-дронам тое, што адбылося ў Мачулішчах, хутчэй за ўсё, не зробіш»
Пачытаўшы навіны з аэрадрома ў Мачулішчах, Дзмітрый лічыць, што зрабіць такую дыверсію «цывільным дронам» немагчыма. Ён кажа, што «беспілотнік са скрынкі» не зможа трапіць у «забароненую зону» — гэта тэрыторыі, над якімі дронам лётаць нельга. Напрыклад, аэрапорты, аэрадромы, некаторыя адміністрацыйныя будынкі.
— У праграме кіравання дронамі DJI (дрон ад вытворцы DJI. — Заўв. рэд.) «зашытыя» зоны, куды беспілотнік фізічна не можа трапіць. Калі вы, напрыклад, даяце прыладзе каманду туды заляцець, яна нібы ўпіраецца ў нябачную сцяну, — максімальна проста тлумачыць суразмоўца і ўспамінае, як калісьці сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй на практыцы.
Гэта было ў 2019 годзе. Разам са студэнтамі ён праводзіў даследаванне атмасферы. Для гэтага ў дуброве недалёка ад мяжы Мінска яны паспрабавалі падняць дрон. Гэта, як пазней зверне ўвагу выкладчык, было кіламетраў за дзесяць ад Мачулішчаў.
— Дрон падымалі невысока, дзесьці на ўзроўні дрэваў. Узляцеўшы, ён пачаў круціцца вакол сваёй восі, хоць мусіў заставацца стабільным, — успамінае Дзмітрый. — На беспілотніку стаіць камера, з якой чалавек, знаходзячыся на зямлі, атрымлівае выяву на пульт. Карцінка, што мне прыходзіла, пачала перарывацца, то-бок ішло глушэнне канала відэасувязі. Хвілін пяць я спрабаваў яго стабілізаваць. І тут дрон як вар’ят стартануў у процілеглы ад Мачулішчаў бок. Я так разумею, у яго адбылася падмена GPS-каардынатаў. Я спрабаваў яго развярнуць, але адзінае, на што ён рэагаваў, — гэта змена вышыні: уверх-уніз.
Дзмітрый паспрабаваў пасадзіць дрон, але не выйшла. Праляцеўшы нейкую адлегласць, беспілотнік паваліўся на зямлю. Пасадка, кажа мужчына, была жорсткай, але дрон застаўся цэлы.
— Хачу сказаць, што звычайным DJI-дронам тое, што адбылося ў Мачулішчах, хутчэй за ўсё, не зробіш. Нават калі ляцець невысока і нейкі час заставацца незаўважаным, пры той абароне, якая ўсталяваная ля аэрадрома, такую дыверсію наўрад ці здзейсніш. У тых, хто гэта зрабіў, была або прылада ўласнай зборкі, або дрон DJI, для якога распрацавалі спецыяльнае праграмнае забяспечанне. Каб гэта зрабіць, трэба быць спецыялістам у гэтай галіне, — дзеліцца меркаваннем Дзмітрый. — Спадзяюся, праз гэтую сітуацыю ў Беларусі не забароняць выкарыстоўваць дроны, бо яны важныя ў тым ліку для навуковых даследаванняў.
Што здарылася?
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах мясцовыя жыхары чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што былі пашкоджаныя расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пасёлка Мачулішчы пісалі пра вялікую колькасць вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверкі машын, абыходы супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў.
Як заявіў кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, выбухі — вынік дыверсіі беларускіх партызан: яны скінулі выбуховыя прылады на расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) А-50, які знаходзіўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле Азарава, самалёт выведзены з ладу. У Мінабароны сітуацыю афіцыйна не каментавалі. У МНС сказалі, што інфармацыі пра выбухі не паступала. Улады дагэтуль ніяк не пракаментавалі надзвычайнае здарэнне.
Пасля інцыдэнту беларусы паведамілі «Люстэрку» пра «татальны кантроль» у беларускім пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай. А праваабаронцы расказалі пра затрыманні ў Мачулішчах, Фаніпалі і Дзяржынску.