Былы баец сіл спецыяльных аперацый Беларусі Максім Зязюльчык, які ваяваў у расійскай ПВК, трапіў ва ўкраінскі палон і быў асуджаны на 10 гадоў за найміцтва, даў інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Уладзіміру Золкіну. У ім беларус расказаў пра пратэсты жніўня 2020 года. Паводле яго, у разгоне мірных дэманстрацый у Беларусі удзельнічаў расійскі АМАП. Але ці сапраўды гэта так? «Люстэрка» спытала ў BELPOL.
У інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Максім Зязюльчык расказвае пра ўдзел расійскага АМАПа ў разгонах мірных пратэстаў без падрабязнасцяў. Ён не называе ні канкрэтных дат, ні абставін, ні прозвішчаў, ні пазыўных расійскіх сілавікоў. Ён кажа толькі, што расійскім амапаўцам выдавалі форму беларускіх калегаў, а «адзінае, чым яны адрозніваліся, — гэта берцы». Аднак з інтэрв'ю незразумела, адкуль у Зязюльчыка інфармацыя пра тое, што расійскія сілавікі надзявалі форму беларускіх. Бачыў ён гэты працэс самі ці яму хтосьці пра гэта расказаў?
Прадстаўнік BELPOL, былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар, адзначае, што такая розніца ў абутку некаторых удзельнікаў разгонаў мірных дэманстрацый у Беларусі ў 2020 годзе наўрад ці можа сведчыць пра датычнасць да іх расійскіх сілавікоў.
— Абмундзіраванне ў так званых праваахоўных органах Беларусі вельмі разнастайнае, і няма ніякага сэнсу прывязвацца да абутку ў гэтым пытанні, — тлумачыць наш суразмоўца. — Не выключана, што тыя ці іншыя падраздзяленні маглі самі сабе купляць частку абмундзіравання зыходзячы выключна з выгоды. Таксама ў спецыялізаваных крамах (такіх як «Шчыт» у Мінску) прадаецца абутак расійскай вытворчасці.
Між тым, паводле Жыгара, BELPOL вядома, што ў 2020-м у разгоне мірных дэманстрацый удзельнічалі не толькі супрацоўнікаў унутраных справаў, але і вайскоўцы.
— Гэта былі ўнутраныя войскі, ваенна-дэсантныя войскі, а таксама сілы спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь, — тлумачыць Уладзімір.
Таксама прадстаўнік BELPOL лічыць, што расказаць пра расійскіх амапаўцаў Зязюльчык мог, бо знаходзіцца ў палоне.
— Ён мог казаць тое, што ад яго хочуць пачуць, тым самым перакладаючы віну на расіян і здымаючы яе з беларускіх сілавікоў, — заключае ён.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO