Праект EU Neighbours East, які даследуе адносіны паміж Еўрасаюзам і краінамі Усходняга партнёрства, правёў сярод жыхароў Беларусі анлайн-апытанне наконт стаўлення да ЕС. Вынікі паказалі, што негатыўна да Еўрасаюза ставяцца толькі 16% беларусаў, а ў 33% стаўленне станоўчае.
У рамках праекта EU Neighbours East апытанні грамадскай думкі праводзяцца ў Беларусі ўжо восем гадоў, апошняе — у лютым 2023-га. У ім удзельнічалі 1000 жыхароў краіны, старэйшыя за 15 гадоў, які жывуць як у гарадах, так і ў вясковай мясцовасці. Рэспандэнтаў адбіралі метадам квотнай выбаркі. Квоты вызначалі з улікам полу і ўзросту для шасці груп.
Рэспандэнтам задавалі пытанні пра іх агульнае стаўленне да Еўрасаюза, іх погляды на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, пра тое, якія СМІ яны глядзяць і дзе даведваюцца навіны пра ЕС.
На пытанне пра стаўленне да Еўрасаюза рэспандэнты адказалі так:
- «вельмі пазітыўна» — 8%;
- «хутчэй пазітыўна» — 25%;
- «нейтральна» — 39%;
- «хутчэй негатыўна» — 10%;
- «вельмі негатыўна» — 6%.
Яшчэ 10% не змаглі адказаць, а 2% заявілі, што наогул ніколі не чулі пра Еўрасаюз.
Дарэчы, год таму суадносіны беларусаў, якія пазітыўна і негатыўна ставіліся да ЕС, былі такія ж: 33% і 16% адпаведна.
Адказы на пытанне, якім міжнародным інстытутам рэспандэнты давяраюць, былі наступнымі:
- ЕС, як і ЕАЭС, давяраюць 38%;
- ААН — 36%;
- АДКБ — 32%;
- NATO — 19%.
Пры гэтым палова беларусаў (50%) Паўночнаатлантычнаму альянсу не давярае. Для параўнання, недавер да АДКБ выказалі 25% апытаных.
Што да адносін паміж ЕС і Беларуссю, то добрымі іх лічаць 12% рэспандэнтаў, а дрэннымі — 42%. Летась гэтыя суадносіны былі такія: 16% да 45% адпаведна.