Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Это недопустимо». Лукашенко в очередной раз потребовал разобраться с вечной проблемой Минска
  2. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  3. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
  4. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  5. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  6. Российские войска перебросили дополнительные части под Торецк и активизировали использование бронетехники — с какой целью
  7. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  8. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  9. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  10. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  11. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  12. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  13. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  14. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  15. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  16. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
  17. В Дроздах третий год продают дом, который принадлежал экс-охраннику Лукашенко (не исключено, что и сейчас). Как выглядит жилье
Читать по-русски


Вандроўніцы з прыгожым псеўданімам Міхаліна Акунь цяпер 42 гады, а за яе плячыма — сотні (калі не тысячы) паездак па ўсёй Беларусі. Наведваць розныя гарады, мястэчкі і вёскі жанчына пачала яшчэ ў 2006 годзе, а перастала — летам 2023-га. Але не па сваім жаданні, а праз увагу Вольгі Бондаравай і інтарэс КДБ. Цяпер Міхаліна ў Варшаве, але марыць вандраваць надалей і вельмі сумуе па радзіме. Пагутарылі з ёй пра гады ў дарозе, пабачаныя краявіды і абрады, сустрэчы з беларусамі і каштоўнасць народнай творчасці.

Фэстываль "Жнівень" у Вялікім Поўсвіжы. Жнівень 2014 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Фестываль «Жнівень» у Вялікім Поўсвіжы. Жнівень 2014 года. Фота з архіва суразмоўніцы

«Адкрыццё Беларусі, якой я яе раней не бачыла»

Міхаліна Акунь нарадзілася ў Маладзечне, а вырасла ў вёсцы побач з горадам. Пасля школы пераехала ў Мінск, дзе атрымлівала вышэйшую эканамічную адукацыю. У той жа час у сталіцы дзяўчына заглыбілася ў беларушчыну: хадзіла на сустрэчы для моладзі на беларускай мове ў касцёл, наведвала тэатры, музеі, розныя суполкі. Пасля выпуску пайшла працаваць ў бюджэтную арганізацыю, але не надта любіла сваю працу — і таму вельмі перажывала, што неяк не так уладкавалася ў жыцці. Менавіта праз гэта, а таксама праз выпадковыя словы суседкі пра аўтаспын у 2005 годзе і пачалася гісторыя яе вандровак.

— Гэтая думка пра аўтаспын і бясплатныя паездкі засела ў мяне ў галаве, — расказвае жанчына. — Я заўсёды была такім закамплексаваным чалавекам, не мела шмат сяброў і толькі зайздросціла, што хтосьці кудысьці паехаў. Да таго ж расла я ў 90-я, у бацькоў грошай асабліва не было, то з вандровак магла хіба ў Маладзечна на кірмаш паехаць. Таму было вялікае жаданне пабачыць свет. І вось тады купіла даведнік па сядзібах Беларусі і кажу сваячцы: паехалі ў вандроўку. Мы селі на цягнік і паехалі ў Багданава, шукаць сядзібу мастака Фердынанда Рушчыца. Ад будынка схадзілі на яго магілу, а потым пайшлі ў суседнюю вёску — там былі могілкі часоў Першай сусветнай вайны. Я была ў шоку ад таго, што такое ёсць у Беларусі! Не памятаю, як вярнуліся, але дакладна доўга-доўга ішлі да станцыі, бо яшчэ баяліся ехаць аўтаспынам. І вось памятаю, ідзеш, а вакол такія простыя краявіды — рэчка, ручаёк. Але яно вельмі прыгожае! Я ўжо была дарослым чалавекам, скончыла ўніверсітэт, але мяне ўсё гэта вельмі закранула. Здарылася нейкае адкрыццё Беларусі, якой я яе раней не бачыла.

Краявіды ў Моталі, на Палессі. Фота з архіваў суразмоўцы
Краявіды ў Моталі, Палессе, 2009 год. У гэтай вёсцы нарадзіўся першы прэзыдэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Фота з архіва суразмоўніцы

Суразмоўніца успамінае: яна доўга не расказвала нікому пра сваю першую вандроўку, а падчас яе саромелася казаць мінакам, куды едзе і што шукае. Гэты страх, што яна робіць нешта несур’ёзнае, застаўся з Міхалінай надоўга. Нават у нашай размове жанчына шмат разоў паўтарала: яна не прафесіяналка, не навукоўца і не даследчыца, ёй проста цікава назіраць за тым, што ёсць у Беларусі.

— Неяк потым мы паехалі ў Камянец, там быў рыцарскі фэст. Але тады ўжо вырашылі ехаць аўтаспынам і ў выніку прабылі ў дарозе ўвесь дзень. Калі прыехалі — ужо амаль усё скончылася. Памятаю, што назад нас вёз немец на фуры. І мы, не ведаючы мовы, з ім неяк размаўлялі, бо і нашая гісторыя была незвычайная, і пра яго было цікава даведацца. Ужо і не памятаю, пра што мы гутарылі, але ён быў вельмі добразычлівы. Нават частаваў нас кавай, а мы тыкалі ў фотачкі з фэста, што мы ж не падманваем, сапраўды там былі! То-бок дзякуючы аўтаспыну адбываецца сутыкненне з людзьмі, з якімі проста так ты б ніколі не сустрэлася. Гэта так экзатычна і авантурна!

Праз нейкі час кампаньёнка Міхаліны «трохі супакоілася», ёй захацелася мець на выходных вольны час. У самой суразмоўніцы ўсё было не так, хаця яна відавочна стамлялася ад сваіх вандровак. Часам нават, калі ездзіла на некалькі дзён, вярталася ў Мінск ледзь жывая. І пры гэтым у жанчыны ніколі не было думкі закінуць падарожжы, яна ўсё адно вельмі чакала выходных, каб кудысьці паехаць.

Старая шклоўская хата з драўляным аздабленнем, 6 жніўня 2017 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Старая шклоўская хата з драўляным аздабленнем, 6 жніўня 2017 года. Фота з архіва суразмоўніцы

— За час вандровак я зразумела, што беларусы табе раскажуць шмат, калі патлумачыш ім, хто ты і чаму прыехала. Таму давялося змагацца са сваёй сарамлівасцю, — кажа суразмоўніца — Бо калі сустракаеш цікавага чалавека, трэба кідаць усё і падстройвацца пад сітуацыю. Напрыклад, прыехала глядзець касцёл і там пазнаёмілася з чалавекам, які кажа: «Ну пайшлі, пакажу табе сваю хату». І канечне трэба ісці! Бо, магчыма, там старая бабуля пакажа вышытае адзенне. Людзі заўсёды найперш і важнейшыя, чым нейкія сядзібы. Я разумела, што многія будынкі разбураюцца, але калі так развівалася сітуацыя, заўсёды абірала людзей. І гэта зрабіла мае вандроўкі яшчэ больш цудоўнымі. Апошнія гады я нават сама пачала пытаць: а можа, вы мне штосьці пакажаце?.. (смяецца) Такіх выпадкаў шмат было, асабліва калі я перастала баяцца людзей і стала больш актыўнай. Напрыклад, неяк ездзіла па Міншчыне і сустрэлася з жанчынай, якая мяне паклікала ў хату, накарміла, звазіла на мясцовыя могілкі. А ў Лыскаве мясцовы бацюшка і царкву паказаў, і на могілкі звадзіў. Прычым не толькі праваслаўныя, яшчэ і на габрэйскія. Я так была здзіўленая, што яму цікава, што мы потым з сяброўкай прыехалі!

Жанчына расказвае: мясцовыя маглі не толькі накарміць, але і даць гасцінцаў з сабой. Напрыклад, некалькі гадоў таму яна прыехала пабачыць стары вятрак у Маладзечанскім раёне і неяк разгаварылася з фермерам. А ён прынёс у падарунак слоік мёду.

— Але больш за ўсё было камунікацыі з людзьмі, якія падвозілі. Усе пыталіся, хто я і чаму еду, усім было цікава. І вось калі расказаць сваю гісторыю, беларусы маглі падвезці куды трэба, нават калі ім было не па дарозе. Так аднойчы чалавек ехаў у Заслаўе, а завёз мяне ў Маладзечна. А неяк я паехала ў Быстрыцу Астравецкага раёна, там касцёл і крыніца. Загаварыла там з мужчынам, дык ён потым паўдня вазіў мяне па раёне і нават завёз у Мінск!

«Людзі заспявалі — і ты душой адчуваеш радасць»

Прыкладна пяць гадоў таму, калі Міхаліне было 36, ёй стала цікава глядзець не толькі на архітэктуру, але і на народныя абрады, рэлігійныя фэсты. Хацелася ехаць у мясціны, дзе штосьці такое адбываецца. Так і пачала рабіць. А калі мерапрыемства не падабалася, жанчына магла пайсці глядзець вёску — старыя дамы і іх упрыгожанні таксама вельмі падабаюцца вандроўніцы.

Традыцыйныя спевы ў вёсцы Пагост, Жыткавічскага раёна. Люты 2017 года. Фота з архіва суразмоўцы
Традыцыйныя спевы ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Люты 2017 года. Фота з архіва суразмоўніцы

— Напэўна, пра першы абрад я пачула, калі даведалася пра вёску Пагост у Жыткавіцкім раёне — там вельмі крута адзначаюць Каляды і Юр’е, — згадвае Міхаліна. — Але нейкі час усё баялася ехаць, камплексавала, што ў мяне няма нейкай задачы, як у фалькларыстаў, напрыклад. Зрэшты, у нейкі момант наважылася, паехала на Юр’е. Было дзіўнае адчуванне чагосьці сапраўды беларускага. Людзі заспявалі — і ты душой адчуваеш радасць. І вось я глядзела на жанчыну: яна працавала ў калгасе, прыходзіла дамоў, там дзеці, каровы, свінні. Але яна сядала і вышывала гэты строй. Чаму яна гэта рабіла? Я б прыйшла і легла спаць. Напэўна, яны ў гэтым шукалі прыгажосць.

Зрабіўшы першы крок, Міхаліна пачала наведваць такія абрады актыўней.

— Адной з першых такіх вандровак стала паездка ў Любанскі раён, які вельмі вядомы сваімі абрадамі. Там нешта ладзіў мясцовы клуб. У сэнс абрадаў я ніколі не паглыблялася, бо сама каталічка і трохі баялася, што гэта ж паганства. І ўсё пераконвала сабе, што проста назіраю за народнымі традыцыямі. Дык вось, я прыехала, а яны спявалі народныя песні пад гармонь. А потым у парку разаслалі тканыя посцілкі, паставілі туды ежу і нас са знаёмай паклікалі. І для мяне ўсё гэта было такім дзівам! Гэтыя народныя стравы, спевы — адчувалася велізарнае задавальненне ад усяго беларускага. Расказваю цяпер — і мне добра ад адных успамінаў. І потым я пачала шукаць штосьці такое, бо ўжо ж шмат ездзіла, і хацелася пабачыць новае і цікавае.

Каб даведацца, калі ў той ці іншай вёсцы будзе ладзіцца традыцыйнае свята, Міхаліна тэлефанала ў райвыканкамы. Казала, што вельмі хоча наведаць іх месца, і пытала, калі там будуць нейкія мерапрыемствы. І хоць сама не мінчанка, хутка зразумела, што прадстаўляцца трэба менавіта як «турыстка з Мінска». Бо вось гэтае «з Мінска» неяк магічна ўплывала на чыноўнікаў, і яны маглі расказаць і падказаць штосьці цікавае.

Рэшткі Гальшанскага замку, сакавік 2018 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Рэшткі Гальшанскага замка, сакавік 2018 года. Фота з архіва суразмоўніцы

— Аднойчы ездзіла на Палессе паглядзець абрад «Ваджэнне куста». Што для чаго там робіцца, я асабліва не пытала, мне было цікава назіраць. («Ваджэнне куста» — адметнасць траецкага свята на Брэстчыне. Дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы, абыходзячы ўсе двары. Удзельнікі спявалі абрадавыя песні, у якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту. — Заўв. рэд.). Часта бачыла народныя танцы, прычым там былі і маладыя беларусы, якім гэта падабалася. Выглядала ўсё вельмі прыгожа, але я сама саромелася танчыць, — прызнаецца Міхаліна. — Таксама пачала больш вандраваць па вёсках, разглядаць іх, фатаграфаваць ліштвы (ліштва — накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. — Заўв. рэд.), хаты. Пачала здымаць беларускія могілкі, габрэйскія мястэчкі. Было так шмат усяго, і ўсё цікавае — я разрывалася, так мне хацелася ехаць. Зразумела, што магу вандраваць і ў мароз, і чакала выходных як збавення.

Праз некалькі гадоў у вандроўніцы быў цэлы сшытак, у якім яна па абласцях запісвала, дзе і якія адбываюцца святы. Глядзела, якое найбліжэйшае, — і ехала туды.

— Я шмат перасякалася з народнымі калектывамі, яны мяне ведалі і ўжо віталі: «О, вы да нас зноў!» І было вельмі прыемна, што цябе пазнаюць, што ты для людзей свая — гэта найлепшае ў вандроўках, — дзеліцца жанчына. — А потым я зразумела, што мае фотаздымкі цікавыя даследчыкам, фалькларыстам. Тады адчула, што гэта важна, і захацела паказаць іншым тое, што знайшла. І я завяла суполку ў фэйсбуку, дзе расказвала пра свае вандроўкі. Мне пісалі: «Разбяры архівы», але ну як я сяду за іх, калі трэба ехаць ізноў. Вандраваць — большае задавальненне, чым сядзець за камп’ютарам. А так ідзеш, здымаеш усё, і будынкі, і ліштвы, і нават коцікаў — і такое прыемнае адчуванне ад таго, што заспела гэтую прыгажосць. І чым больш людзі хвалілі мяне ў фэйсбуку, тым больш з’яўлялася жаданне ехаць і паказваць: «Глядзіце, што я знайшла!»

Касцёл Дзевы Марыі ў Смалянах на фоне вёсцы, 30 лістапада 2019 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Касцёл Панны Марыі ў Смалянах на фоне вёскі, 30 лістапада 2019 года. Фота з архіва суразмоўніцы

«Садзілася ў спыненую машыну і хвалявалася, што гэта будзе міліцыянт»

Падзеі 2020 года спачатку ўскосна, а потым і непасрэдна паўплывалі на вандроўкі Міхаліны. Жанчына тлумачыць, што і да таго лета была ў курсе падзей: з дзяцінства слухала "Радыё Свабода" разам за бацькамі, у дарослым узросце не раз хадзіла на акцыі пратэста. Але за Святланай Ціханоўскай да жніўня 2020-га асабліва не сачыла.

— Гэта была апошняя вандроўка ў 2020 годзе. Я тады ехала ў Маларыцкі раён на фальклорны фэст, і вось нас пасярод дарогі спынілі і развярнулі. А я не магу зразумець, што адбываецца. Выявілася, што ў той дзень Ціханоўская ехала ў Брэст, — кажа суразмоўніца. — І вось потым я нікуды не вандравала, бо гэта падавалася здрадай: ну як можна расказваць пра тое, як у нас усё з культурай, калі такое адбываецца ў краіне? Таму хадзіла па дварах, мо каля трыццаці наведала — гэта быў унікальны час. І я бегала па вечарынах, па маршах, здымала ўсё вакол.

Ужо ў пачатку 2021 года Міхаліна аднавіла свае вандроўкі і змагла паездзіць па Беларусі да чэрвеня гатага года. Але падарожжы былі ўжо іншыя: у краіне змянілася атмасфера.

— Вандроўкі сталі складанейшымі. Пасля 2020-га я пачала баяцца людзей, размаўляць з імі. Расказваць, што думаю пра навіны, пра месцы, куды еду. А я наведвала магілы Вітольда Ашурка, Рамана Бандарэнкі і не толькі, — расказвае жанчына. — Часта садзілася ў спыненую машыну і хвалявалася не за тое, што мужчына пачне чапляцца, а што гэта будзе міліцыянт. Таксама стала страшна тэлефанаваць у выканкамы: ну як я буду нешта пытаць, яшчэ і па-беларуску. Нават баялася даставаць фотаапарат, бо падумаюць, што журналістка ці блогерка — і ўсё, мяне пасадзяць. Бо некалькі разоў пыталі, ці не працую я на нейкі апазіцыйны канал. У выніку было настолькі страшна, што часам я магла нават адмяніць вандроўку.

Абрад "Провады русалкі" ў вёсцы Вялікі Бор, 14 чэрвеня 2020 года. Фота з архіву суразмоўцы
Абрад «Провады русалкі» ў вёсцы Вялікі Бор, 14 чэрвеня 2020 года. Фота з архіва суразмоўніцы

Пры гэтым падарожжы працягваліся, хаця стасункаў з людзьмі ў іх станавілася меньш. Напрыклад, летась Міхаліна больш хадзіла па могілках, шукала беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц.

— Увогуле мне цікава глядзець на пахаванні, і некаторыя мае думкі падзяляюць. Але шмат каментароў, што я, маўляў, нейкая вычварэнка, люблю смерць. Але могілкі ж вельмі розныя, адрозніваюцца па раёнах Беларусі. Цікавая іх форма, на якой мове надпісы і гэтак далей. Напрыклад, на Палессі распаўсюджаныя нарубы, калі на магіле проста ляжыць бервяно (але яны ўжо дагніваюць). І гэта ж цікава!

З 2005 года на рахунку Міхаліны столькі вандровак, што яна збілася з падліку ўжо даўно. Таму і ўсе гісторыі і мясціны часам зліваюцца ў адзін вялікі ўспамін, з якога вельмі складана штосьці вычапіць. Жанчына нават згадвае, што часам магла сесці ў пятніцу і забыць, дзе была ў мінулыя выходныя. Але некалькі эпізодаў за апошнія гады згадваюцца вельмі добра.

— Вось памятаю, летась я вандравала ў Мядзельскім раёне. Ішла па нейкай вёсцы і вельмі хацела есці. Пабачыла яблыню, ужо рукой цягнуся да яблыка — і чую, як гаспадар з хаты ў акно грукае. Думаю: ну ўсё, не пабяжыш жа цяпер. Ён мне махае, і я заходжу ў двор. А там ляжаць яблыкі — дык ён прапанаваў мне іх, а потым паклікаў у хату, пачаставаў супам. І доўга расказваў, што сам з гэтай вёскі, але жыве ў Мінску і сюды прыязджае як на лецішча. А я расказала гэтаму мужчыну, што вандроўніца. Потым ён павёў на мясцовыя могілкі, там паказваў помнікі ахвярам Другой сусветнай.

А сёлета на Каляды была ў Лельчыцкім раёне, і мне падарылі такую вялікую рамку — проста таму, што я сказала, што яна прыгожая. І вось гэтую агромністую рамку я везла аўтаспынам. У нейкі момант спынілася машрутка, каб падвезці мяне да Турава. Кажу, што няма грошай, а кіроўца махае, маўляў, паехалі. Давёз мяне да Жыткавіч, а я ў дарозе пра свае вандроўкі расказвала. Праз некалькі месяцаў я зноў галасавала пад Туравам і бачу — спыняецца маршрутка. Думаю, ладна, заплачу — а кіроўца крычыць: «Гэта ты, я цябе пазнаў! Расказвай пра свае прыгоды». Такіх выпадкаў бывала па 5−10 на год, калі людзі казалі: «А я вас памятаю, я вас падвозіў».

Яўрэйскія могілкі ў Гродна, красавік 2021 года. Фота з архіву суразмоўцы
Габрэйскія могілкі ў Гродне, красавік 2021 года. Фота з архіва суразмоўніцы

«Для мяне галоўнае — месца, якое я сама хацела пабачыць»

Хаця гісторыі Міхаліны пра вандроўкі трошкі сумбурныя, у планаванні саміх маршрутаў і правілах аўтаспыну ніякага сумбуру не было. Да гэтага яна яшчэ студэнткай падыходзіла вельмі адказна.

— У свой час я зразумела, што, нават калі няма машыны, я магу даехаць амаль у любое месца. Дарога можа заняць дзень, ноч, могуць быць прыгоды. Проста калі ехаць аўтаспынам, ты хутчэй за ўсё не прыедзеш у той час, калі пачынаецца мерапрыемства. А таксама праблема — што рабіць, калі ўсё скончыцца? Асабліва зімой, — кажа жанчына. — З самім аўтаспынам я звыклася і не звыклася адначасова. З часам выпрацаваліся правілы пра тое, дзе я павінная стаяць, як сябе паводзіць, што казаць. Людзі чуюць беларускую мову і адразу пытаюць: «А хто вы такая?» І ты расказваеш, што вандроўніца, што едзеш на абрад і табе гэта цікава і важна. Але да апошняга было хваляванне: што пра мяне падумаюць людзі, хто той чалавек, які падвозіць, і гэтак далей. Тым больш што кіроўцы звычайна былі мужчынамі. Магу сказаць, што 99% беларусаў — адэкватныя людзі, але часам былі і пытанні, і пэўныя прапановы. Аднойчы нават выскоквала з машыны.

Што да маршрутаў, то для іх распрацоўкі Міхаліна знаходзіла даведнікі, а таксама заходзіла на сайты radzima.org і «Глобус Беларусі». Глядзела, дзе якая архітэктура: панская сядзіба, касцёл, царква, — і ехала туды.

— Памятаю, выберу сабе вёску, пачытаю пра яе, раздрукую карту і ўсю інфармацыю і еду. Бо спачатку ездзіла па папяровых картах, у мяне не было ні навігатараў, нічога. Потым з’явіліся тэлефоны, але яны хутка разраджаліся, таму ўсё роўна брала карту. І толькі ў апошнія гады пачала карыстацца анлайн-навігатарамі.

Спачатку суразмоўніца са сваячкай ці сяброўкай ездзілі толькі летам, і такіх вандровак магло быць каля 10 за тры месяцы. А потым, гадоў сем таму, яна вырашыла ездзіць кожныя выходныя. І ўжо няважна, зіма гэта ці вясна, што адбываецца вакол. Жанчына прызнаецца: не хацела нічога, проста звар’яцела з гэтымі вандроўкамі, усё было мала.

Масленіца ў вёсцы Обчын, Любанскі раён. Люты 2018 года. Фота з архіву суразмоўцы
Масленіца ў вёсцы Обчын, Любанскі раён. Люты 2018 года. Фота з архіва суразмоўніцы

— Што да выбару, для мяне галоўнае — месца, якое я сама хацела пабачыць. Вось калі гэта зямля тваіх продкаў, калі ты думаеш пра родныя вёскі — едзь туды. Пачула пра нейкае месца і загарэлася гэтым — значыць, туды. Хочаш пабачыць традыцыйныя святы — едзь і глядзі. Усё індывідуальна. Асабіста мне вельмі цікавае Палессе, я шалёна люблю Пінск і Пінскі раён, там столькі драўляных цэркваў. Навагрудчыну люблю. Гарады мне заўсёды былі менш цікавыя, але з вялікіх чамусьці любіла Гродна і Гомель. Мае родзічы з Вілейшчыны, таму часта ездзіла па гэтых краях. Ці магла абраць любога дзеяча, які мае значэнне для беларускай гісторыі, і паехаць у ягоныя мясціны — дзе нарадзіўся, жыў ці дзе пахавалі. Агулам за гэты час я была ва ўсіх раённых гарадах, вельмі многа вёсак пабачыла. Але зразумела, што засталося і шмат тых, да якіх не даехала.

Амаль за 18 гадоў пастаянных вандровак Міхаліна сапраўды пабачыла Беларусь, многіх цікавых людзей і розныя сітуацыі. Зразумела, як яе «простыя фотаздымкі» цікавыя беларусам.

— Мне здаецца, я не магла рэалізавацца ў жыцці, і гэта было такое пераключэнне: ты выязджаеш — і ў цябе няма праблемаў. Трэба проста даехаць, паглядзець, і прыехаць назад. Няма ніякіх перажыванняў. Апошнія гады магла пасярод вандроўкі залезці ў тэлефон і пабачыць, што там кагосьці затрымалі, але ўсё ж удавалася адключацца ад гэтага. І нават навокал глядзела іншымі вачыма, заўважала ўсюды штосьці прыгожае. А звычайна ў Мінску не так, не глядзіш вакол, бо спяшаешся, бо няма часу, усё абрыдла.

Драўляная царква 19 ст. у вёсцы Була, май 2023 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Драўляная царква ХІХ ст. у вёсцы Була, травень 2023 года. Фота з архіва суразмоўніцы

«Пакуль я буду тут, некаторыя людзі памруць, сядзібы зруйнуюцца»

Цяпер, жывучы ў Варшаве, вандроўніца вельмі сумуе па месцах, якія так і не паспела пабачыць. І яна б даехала да іх — калі б не празмерная цікаўнасць прапагандысткі Вольгі Бондаравай. У сярэдзіне чэрвеня актывістка апублікавала пост пра Міхаліну Акунь, і ўжо на наступны дзень да сваячкі суразмоўніцы прыйшлі з КДБ.

— Не скажу, што да гэтага я была спакойная, бо з 2020-га некалькі разоў затрымлівалі маіх родных. Але такога я зусім не чакала. Памятаю, што ў той вечар, калі з’явіўся гэты пост [Бондаравай], у мяне моцна трэсліся рукі, і я спрабавала неяк закрыць свой акаўнт і свае суполкі, каб нічога не было бачна. А потым адбылося гэтае затрыманне, і выявілася, што супрацоўнікі КДБ пыталі ў сваячкі, хто ж такая «Міхаліна Акунь». Можа, калі б не гэта, я б засталася, бо не была падрыхтаваная да ўцёкаў, не ведала, як сябе паводзіць. Але сябры параілі выязджаць. Дзесьці тыдзень я чакала візы і жыла ў сяброў. Вельмі хвалявалася, таму і рэчы нармальна не сабрала. Было адчуванне, што гэта нейкая шпіёнская гульня: з аднаго боку, смешна, а з іншага — вельмі страшна. Мяжу я прайшла спакойна, мяне выпусцілі. І тады мучалася: а можа, я паспяшалася, можа, трэба было пачакаць? Але цяпер я хаджу на беларускія акцыі, імпрэзы, і стала менш шкадавання. Бо ў Беларусі быў варыянт толькі сядзець ціхенька, і тое гэта не заўсёды дапамагае.

Могілкі "Росы" ў Вільні, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863-64 гадоў, у тым ліку Кастусь Каліноўскі. А таксама выбітныя беларускія дзеячы. Верасень 2023 года. Фота з архіваў суразмоўцы
Могілкі Росы ў Вільнюсе, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863−64 гадоў, у тым ліку Кастусь Каліноўскі, а таксама выбітныя беларускія дзеячы. Верасень 2023 года. Фота з архіва суразмоўніцы

Праз тры месяцы пасля ад’езду Міхаліна прызнаецца: адчувае сябе больш-менш добра. І змірылася з пераездам.

— Не тое каб я вельмі хацела дамоў — я нешчаслівая была ў Мінску. Але па гэтых вандроўках проста вар’яцела. Я разумела, што гэта мая радзіма, і было не так важна, куды ехаць — усё маё (смяецца). Таму вельмі сумую: вось я ў Белавежскай пушчы не была, не бачыла вадаспаду на рацэ Вяце, гарадзішча Радагошча, аб’ехала не ўсю Навагрудчыну. А таксама ўсё думаю, што пакуль я буду тут, некаторыя людзі памруць, дамы і сядзібы зруйнуюцца. Першы месяц было асабліва складана, бо ведаю, што якраз трэба ехаць на нейкі абрад, і так хочацца — а я не магу.

Але гэтыя думкі ў вандроўніцы паступова адыходзяць на другі план пад цяжарам побытавых пытанняў. Напрыклад, пошук жытла, працы. А таксама магчымасці задаволіць сваю прагу да падарожжаў.

— Гэты час жыла ў знаёмых і вельмі ўдзячная ім за дапамогу (дарэчы, яна часта прыходзіла і ад незнаёмых людзей). Цяпер трэба асядаць, шукаць справу. Разумею, што на кваліфікаваную працу не пайду, бо не ведаю мовы, але гатовая мыць падлогу, посуд. Галоўнае выбраць, у якім горадзе заставацца, — тлумачыць Міхаліна Акунь. — Але сябры кажуць: «У цябе ж такі вялікі архіў, давай займайся ім». Мне і раней так казалі. Можа, раз яны так лічаць, гэта сапраўды мая каштоўнасць. Вядома, хацелася б паштоўкі выдаць, расказаць пра свае вандроўкі, яшчэ штосьці. Але не хапае ведаў, як гэта рабіць. Таксама хацелася б тут ездзіць па нейкіх беларускіх мясцінах, па Беласточчыне, шукаць там беларускія вёскі, глядзець на іхныя традыцыйныя святы. Я вельмі мару пра гэта ўсё, але як яно будзе — паглядзім.

Дапамагчы Міхаліне працягваць апрацоўваць свой архіў і аплаціць жыллё можна тут.