Беларусам адмовілі ў ПМЖ у Польшчы. Абгрунтаванне адмовы дзіўнае: бо не было дазволу на працу, хоць гэта была гуманітарная віза (з ёю дазвол і не патрэбны). Хутчэй за ўсё, інспектар проста памыліўся, але бюракратычная дрыгва ўжо засмактала беларусаў, піша devby.io.
Сям’я айцішніка Барыса Краско жыве ў Польшчы з 2018 года, і муж, і жонка легальна працуюць.
Днямі яны атрымалі адмову ў ПМЖ, бо ваявода і ўпраўленне па справах замежнікаў вырашылі, быццам айцішнік не меў права працаваць па гуманітарнай візе. Чаму яны так вырашылі? Здаецца, проста не прачыталі абнаўленне заканадаўства 2020 года. Цяпер цягам месяца сям’я мусіць пакінуць Польшчу.
Барыс: «У нас ёсць 30 дзён на падачу апеляцыі і на выезд з краіны адначасова»
— З 2018 года мы з жонкай жывём у Варшаве. Апошнія некалькі гадоў я працаваў у польскіх ІТ-кампаніях — спачатку ў NSS, а потым у Omtech, дзе займаюся стварэннем праграмаў для GPS-сістэм. Мая жонка займала пасаду спецыяліста адміністрацыі ў транспартнай кампаніі.
У 2020-м у нас нарадзілася дачка, і мы часова вярнуліся ў Беларусь для афармлення пашпарта і візы для дзіцяці. На той момант у жонкі ўжо быў польскі ВНЖ, але ў мяне і дзіцяці — не. Тады я аформіў гуманітарную візу, з якой працаваў у Польшчы ў 2021 і 2022 гадах. Жонка ў гэты час не працавала.
У 2023 годзе жонка падала сябе і дачку на ПМЖ, яны адпавядалі ўсім крытэрам. У пакеце ў тым ліку была мая віза D21 і працоўныя кантракты. Як гэта часта бывае, нам не пісалі і не тэлефанавалі з просьбай данесці нешта яшчэ.
А праз паўгода (за гэты час у нашай справе змянілася некалькі інспектараў) прыйшла адмова, прычына — адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць маё права на працу. Маўляў, мы не падалі ім zezwolenie na pracę, і ў іх сістэме таксама няма ніякіх звестак пра тое, што ваявода выдаваў мне такі дазвол.
Мы падалі апеляцыю цягам тыдня. У лісце спасылаліся на закон і пастанову пра гуманітарную візу, прыклалі копію візы, але самі тэксты прававых актаў не прыкладалі.
- Спачатку апеляцыя трапляе назад у першую інстанцыю, якая выдавала рашэнне, і яе разглядае іншы інспектар.
- Калі ён не знаходзіць аргументаў для змены рашэння, то адпраўляе ўжо ў другую інстанцыю. Гэта ўпраўленне па справах замежнікаў.
Мы дапусцілі, што рашэнне выдала неспрактыкаваная інспектарка, што яны заўважаць сваю памылку і перагледзяць нашую справу без другой інстанцыі, такое часта бывае, але справа пайшла далей.
Сітуацыя зацягнулася, і, нягледзячы на афіцыйныя лісты з галоўнага офіса жонкі, якія заклікалі разгледзець справу прыярытэтна з прычыны яе ключавой ролі ў кампаніі, рашэнне другой інстанцыі было адмоўным.
1 студзеня маю жонку павысілі да Head of Administration, а 8 студзеня мы атрымалі адказ ад упраўлення па справах замежнікаў, які пацвярджае правамернасць адмовы ў ПМЖ з патрабаваннем пакінуць Польшчу цягам месяца. Гэтая памылка можа абярнуцца стратай працы, расстаннем з сям’ёй і перапыненнем амаль шасцігадовага знаходжання ў Польшчы.
На іх думку, гуманітарная віза тыпу D21 не дае дастатковага доступу да рынку працы (насамрэч). Гэта адзіная прычына адмовы, і рашэнне канчатковае, якое падлягае абскарджанню толькі ў судзе. Цяпер я такі адзін, але падобная трактоўка закона ў будучыні патэнцыйна можа закрануць многіх.
Хтосьці спытае: раптам я працаваў па гуманітарнай візе да таго, як гэта дазволілі? Гэта не так, нелегальным прызналі мой даход за 2022 год, калі закон ужо дазваляў працаваць з D21 без дадатковых дазволаў. Да гэтага я працаваў па іншай візе.
Жонцы мае дакументы спатрэбіліся таму, што яна была ў дэкрэце і залежала ад майго даходу. Увесь гэты час у яе быў ВНЖ.
Цяпер мы знаходзімся ў цяжкай сітуацыі і адчуваем сябе бяссільнымі. Няведанне законаў і нежаданне інспектара разглядаць дэталі становіцца сур’ёзным выклікам для замежнікаў. У нас ёсць 30 дзён на абскарджанне ў судзе і адначасова 30 дзён на выезд з краіны.
Нават у выпадку перамогі ў судзе працэс можа заняць два гады, ПМЖ выдадуць толькі пасля судовага рашэння. Мы атрымаем толькі невялікую кампенсацыю за судовыя выдаткі, каля 500 злотых, але ўсё роўна павінныя будзем аплаціць значныя сумы адвакату.
Юрыст: «Рашэнне дзяржоргана неправамернае, але сям’ю ўсё роўна чакае доўгі судовы працэс»
Юрыстка і спецыялістка па міграцыйных пытаннях Дар’я Грышановіч упэўненая, што дзяржорган проста памыліўся, і тым не менш выпраўленне гэтай памылкі будзе каштаваць часу і нерваў. Таму лепш не спадзявацца, што ўпраўленне будзе самастойна разбірацца ў законах, а самому адразу прыкласці да заявы на ВНЖ/ ПМЖ усе магчымыя спасылкі на заканадаўства.
— Гэты выпадак — яскравы прыклад таго, што памылкі ў дзяржорганах здараюцца, — кажа Дар’я Грышановіч. — У маёй кар’еры былі розныя выпадкі: ад страты дакументаў да банальнага няведання законаў работнікам упраўлення. Так што я раіла б усім, хто самастойна вядзе справу:
1. Заўсёды мець пацверджанне падачы дакументаў, у тым ліку дадатковых. Потым будзе прасцей даказаць факт падачы.
2. Заўсёды спасылацца на прававыя нормы, прыкладаць тэксты прававых дакументаў, асабліва тых, якія ўвялі нядаўна.
Рашэнне дзяржоргана неправамернае, бо як ваявода, так і кіраўнік па справах замежнікаў, не прынялі да ўвагі пастанову міністра развіцця, працы і тэхналогій ад 20 лістапада 2020 года, якая пашырыла пералік падставаў, калі не трэба атрымліваць дазвол на працу.
Падчас напісання апеляцыі таксама варта паказваць прававыя палажэнні, якія пацвярджаюць вашую пазіцыю, і прыкладаць усе магчымыя дакументы, бо калі даходзіць да этапу судовага разбіральніцтва, то адміністрацыйны суд не праводзіць працэдуры даказвання, скіраванай на высвятленне фактаў, а толькі правярае законнасць актаў, выдадзеных адміністрацыйнымі органамі. То-бок суд разглядае тыя матэрыялы, якія ўжо знаходзяцца ў справе.
Аднак калі на этапе судовага разбору ў боку з’явіліся дадатковыя доказы, іх усё роўна лепш прыкласці — горш не будзе.
У апісанай сітуацыі сям’ю чакае судовы працэс, які можа заняць год і больш. А судовае рашэнне пры правільна напісанай скарзе, у якой няма фармальных недахопаў, будзе выдадзеная на карысць сям'і.
Што рабіць з рашэннем пра дэпартацыю? На жаль, час судовага працэсу не азначае легальнага знаходжанне ў Польшчы.
Таму варыянты два: альбо падпарадкоўвацца і выязджаць з краіны да выдачы канчатковага рашэння, альбо на свой страх і рызыку заставацца, разумеючы, што любая праверка памежнай службы прывядзе да дэпартацыі.
Але калі па судовай справе выдадуць пазітыўнае рашэнне, то знаходжанне замежніка будзе лічыцца легальным ад моманту выдачы негатыўнага рашэння адміністрацыйным органам.
Таксама я б раіла спагнаць суму за судовыя выдаткі і адваката. Але тут, як і з астатнімі справамі, давядзецца ўсё максімальна ясна выкласці і прыкласці ўсе магчымыя дакументы і НПА.