Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці, створаны ў 2020 годзе для дапамогі медыкам, што пацярпелі ад рэпрэсій, прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Такое рашэнне прыняў КДБ 8 красавіка, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У ведамстве заявілі, што ў «экстрэмісцкі спіс» уключылі «польскае структурнае падраздзяленне „Белыя халаты“». Паводле звестак КДБ, з фондам звязаныя Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў.
Дадамо, што фонд дапамагае звольненым і рэпрэсаваным праз палітыку медыкам, а таксама тым дактарам і іншым медработнікам, якія атрымалі штрафы і суткі адміністрацыйнага арышту. Таксама гэтая арганізацыя дапамагае атрымаць юрыдычную дапамогу, аплачвае паслугі адвакатаў у выпадку крымінальнага пераследу, падтрымлівае сем'і рэпрэсаваных і арыштаваных медыкаў.