Расійскі актор і тэлевядоўца Оскар Кучара адказаў РІА «Новости» на крытыку сваіх адказаў у інтэрв'ю журналісту Юрыю Дудзю.
— Не чакаў, што будзе такая колькасць падтрымкі. А тое, што падтрымліваю нашых хлопцаў, — дык гэтым магу толькі ганарыцца. Ну і лепш быць дурнем, чым нягоднікам, — падзяліўся вядоўца.
Таксама ён адзначыў, што перад інтэрв'ю ў яго была дамоўленасць абмеркаваць з Дудзём «Муз-ТБ», серыял «Салдаты», музыку і грамадзянскую пазіцыю Оскара, «але выйшла што выйшла».
Акрамя таго, ён патлумачыў, што пагадзіўся на інтэрв'ю «не за грошы», а для таго, каб «акрамя ліберальна настроеных таварышаў, якім сорамна, што яны рускія, мусіць гучаць і іншае меркаванне».
Інтэрв'ю Оскара Кучары выйшла 16 студзеня на YouTube-канале Дудзя. Яно выклікала шырокае абмеркаванне ў сеціве. Відэа выйшла пад назвай «Размова з тым, хто падтрымлівае армію Расіі» — і гэта першае такое інтэрв'ю ў Юрыя Дудзя. У пачатку відэа ён патлумачыў, што даўно спрабаваў зрабіць такую размову, але ўсе, каго ён запрашаў, адмаўляліся. А Оскар Кучара пагадзіўся. Ён пацвердзіў, што яго палітычная пазіцыя адназначная, але яму цікава пагутарыць з Дудзём.
«Калі ты мяне сюды запрасіў толькі дзеля таго, каб даведацца маё палітычнае меркаванне, то, не ведаю, у нас будзе вельмі кароткая размова. Мне здаецца, у нас ёсць больш, што сказаць адзін аднаму», — з усмешкай адзначыў актор у пачатку гутаркі.
Ён памыліўся. Дудзь пачаў размову з непалітычных пытанняў, але да тэмы вайны, стаўлення да Пуціна, Украіны і Захаду суразмоўцы падышлі ўжо на 20-й хвіліне і абмяркоўвалі яе да самага канца відэа. А яно доўжыцца 2 гадзіны 52 хвіліны. У каментарах жартуюць: тым, хто змог даглядзець гэта, можна даць медаль, а Юрыю Дудзю — прыз за самыя моцныя нервы. Мы каротка пераказалі інтэрв'ю тут.
Распечатано с портала ZERKALO.IO