Опубликовано 31 мая 2023 у 10.23
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-page.space/news/world/40358.html    

Магутны выбух прагрымеў ля пункта «Тры сястры» на мяжы Украіны, РФ і Беларусі. Расійскія прапагандысты расказалі, у чым рэч

У расійскіх праваенных тэлеграм-каналах з’явілася відэа моцнага выбуху паблізу манумента «Тры сястры» на мяжы Украіны, Беларусі і Расіі — усяго за 100 метраў ад нашай мяжы.

«Падарваная ўкраінская дарога на танканебяспечным кірунку ля „Трох сясцёр“ — у месцы, дзе злучаюцца Украіна (Чарнігаўская вобласць), Беларусь (Гомельская вобласць) і Расія (Бранская вобласць). На мяжы ў Чарнігаўскай вобласці знішчаны шлях ворага, які ён мог бы калісьці паспрабаваць выкарыстаць для спробаў атак», — паведаміў расійскі праваенны тэлеграм-канал.

Як высветлілі прадстаўнікі міжнароднай валанцёрскай супольнасці GeoConfirmed, выбух адбыўся на ўкраінскай тэрыторыі — непадалёк ад вёскі Сянькоўка Чарнігаўскай вобласці.

Інфармацыю пра выбух на дарозе ля «Трох сясцёр» пацвердзіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка. Ён удакладніў, што падрыў дарогі Чарнігаў — Бранск адбыўся напярэдадні, 30 траўня, у абедзенны час. Паводле ягоных звестак, гэта зрабілі расіяне.

«Як бачым, ад „Кіеў за тры дні“ яны пачалі падрываць дарогі, імаверна, баючыся, што Украіна пойдзе ў наступ на абласны цэнтр. Але Украіна — не агрэсар. Як я ўжо адзначаў, нашая дзяржава выключна абараняецца і Бранск нам не патрэбны», — заявіў прадстаўнік украінскай Памежнай службы.

Нагадаем, на мінулым тыдні байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса і Легіёна «Свабода Расіі» зайшлі на тэрыторыю Белгародскай вобласці. Толькі ў канцы наступнага дня Мінабароны РФ паведаміла пра «знішчэнне 70 украінскіх дыверсантаў, чатырох баявых браніраваных машын і пяці пікапаў».

У Легіёне і РДК заявілі, што іх страты ў выніку рэйду — двое забітых і 10 параненых. Там таксама паведамілі, што група «закінула вялікую колькасць тэхнікі і ўзяла палонных», знішчыла пэўную колькасць расійскай ваеннай тэхнікі.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO