Украінскія вайскоўцы паведамілі, што працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўдзень ад Бахмута і паспяхова стрымліваюць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі. У Мінабароны РФ заявілі, што адбілі атакі штурмавых груп УСУ на некалькіх напрамках і знішчылі 33 БПЛА. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны адзначаюць, што ўкраінская пяхота прасунулася за супрацьтанкавыя равы і «зубы цмока», якія складаюць цяперашні расійскі абарончы рубеж на захадзе Запарожскай вобласці. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 559-ы дзень вайны.
«Расія працягвае весці захопніцкую вайну. Нягледзячы на значныя страты, не адмаўляецца ад планаў поўнай акупацыі нашай тэрыторыі. Праціўнік працягвае забіваць мірнае насельніцтва Украіны і ігнараваць законы і звычаі вайны, выкарыстоўвае тактыку тэрору, наносіць удары, ажыццяўляе абстрэлы як па вайсковых, так і па цывільных аб’ектах», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Украінскія вайскоўцы адзначылі, што за мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 6 ракетных і 76 авіяцыйных удараў, здзейснілі 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. «У выніку расійскіх тэрарыстычных атак ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням падвергліся жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура», — дадалі ў Генштабе.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за мінулыя суткі адбылося 29 баявых сутыкненняў.
На Купянскім напрамку вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Бударак Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў.
На Ліманскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Новаягораўкі і Белагораўкі Луганскай вобласці, нанёс авіяцыйныя ўдары. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў.
На Бахмуцкім напрамку УСУ працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўдзень ад горада Бахмут, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Паспяхова адбітыя атакі расійскіх войскаў на поўнач ад Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў.
На Аўдзееўскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Аўдзееўкі. Вораг працягвае наносіць артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы па населеных пунктах.
На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі. Праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар ля Краснагораўкі. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся некалькі населеных пунктаў.
На Шахцёрскім напрамку вораг нанёс некалькі авіяцыйных удараў. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш чым 10 населеных пунктаў.
На Запарожскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах населеных пунктаў Малая Такмачка, Новаданілаўка, Арэхаў, Праабражэнка, Рабоціна, Стэпагорск Запарожскай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш чым 20 населеных пунктаў.
На Херсонскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Цягінкі, Маладзёжнага. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся Альгоўка і Бургунка Херсонскай вобласці.
«УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім напрамку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы», — адзначылі ў Генштабе.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі 11 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях праціўніка і 4 пункты кіравання праціўніка. Украінская авіяцыя нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і два — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі чатыры атакі штурмавых груп УСУ ў раёнах населеных пунктаў Кляшчэеўка і Вясёлае Данецкай вобласці. Страты праціўніка склалі да 225 вайскоўцаў забітымі і параненымі, дзве баявыя браніраваныя машыны, дзевяць аўтамабіляў, артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, а таксама баявая машына РСЗА «Град». Таксама ў раёне населенага пункта Першамайскае Данецкай вобласці знішчаны пункт кіравання беспілотнымі лётнымі апаратамі УСУ, паведамляе Мінабароны Расіі.
— На Запарожскім напрамку падраздзяленнямі расійскай групоўкі войскаў, ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя дзве атакі 47-й механізаванай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці. Забітыя да 170 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два танкі, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, тры артылерыйскія сістэмы М777 і гаўбіца М119 вытворчасці ЗША, самаходная артылерыйская ўстаноўка Panzerhaubitze-2000 вытворчасці ФРГ, гармата FH-70 вытворчасці Вялікабрытаніі, а таксама дзве гаўбіцы: Д-20 і Д-30. Акрамя таго, у раёне горада Арэхаў Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 46-й аэрамабільнай брыгады УСУ.
— На Чырвоналіманскім напрамку зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі армейскай авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя тры атакі штурмавых груп 63-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Тарское Данецкай вобласці і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Страты праціўніка склалі звыш 70 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, а таксама гаўбіца Д-20.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Пясчанае, Бераставое Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Забітыя да 50 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30.
— Падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход» на Паўднёва-Данецкім напрамку нанесенае комплекснае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Макараўка Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Ураджайнае Данецкай вобласці спыненыя дзеянні ўкраінскай дыверсійна-разведвальнай групы. Страты праціўніка склалі да 175 вайскоўцаў забітымі і параненымі, чатыры аўтамабілі, а таксама дзве гарматы: Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі забітыя да 40 украінскіх вайскоўцаў.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
Расійскія ўлады плануюць правесці «выбары» на акупаваных тэрыторыях Украіны 8−10 верасня — паралельна з выбарамі на тэрыторыі РФ. Галасаванне ўжо пачалося ў Запарожскай вобласці і Марыупалі, гаворыцца ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі Вялікабрытаніі.
«У спісе з больш чым 1000 кандыдатаў праглядаецца недахоп кваліфікаваных і дасведчаных людзей. Адсутнічаюць таксама незалежныя кандыдаты, якія не з’яўляюцца сябрамі пракрамлёўскіх партый, што паказвае на тое, што гэта не будуць свабодныя ці сумленныя выбары. Украінскі цэнтр нацыянальнага супраціву таксама сцвярджае, што акупацыйныя адміністрацыі значна перабольшылі колькасць выбаршчыкаў у спісах», — лічаць у разведцы.
У Мінабароны Вялікабрытаніі таксама дадалі, што крамлёўскія апытанні сведчаць пра тое, што «Адзіная Расія» набярэ 80% галасоў у чатырох акупаваных рэгіёнах і з высокай імавернасцю забяспечыць сабе большасць месцаў, каб мець кантроль і ўплыў над акупаванымі рэгіёнамі.
«Украінская пяхота прасунулася за супрацьтанкавыя равы і „зубы цмока“, якія складаюць цяперашні расійскі абарончы рубеж на захадзе Запарожскай вобласці. УСУ, імаверна, збіраюцца ўтрымліваць гэтыя пазіцыі», — гаворыцца ў справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Эксперты заявілі, што пакуль не гатовыя рабіць якія-кольвек высновы пра гэты прарыў, бо не бачылі ў гэтых раёнах ўкраінскай цяжкай тэхнікі.
Ключавыя высновы ISW:
Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.
Распечатано с портала ZERKALO.IO