Жыхара Лагойскага раёна затрымалі па падазрэнні ў падпале аўтамабіля начальніка ДАІ раёна, піша тэлеграм-канал «Логойск (не)официально».
Каля 2.00 24 студзеня ў пасёлку Плешчаніцы згарэў легкавік начальніка раённай ДАІ. Як высветлілі ратавальнікі, прычынай узгарання стаў падпал. Падазраванага аператыўна знайшлі і затрымалі. Мужчына ва ўсім прызнаўся.
Паводле затрыманага, ён падпаліў аўтамабіль начальніка ДАІ Лагойскага РАУС, бо за месяц да інцыдэнту ўладальнік легкавіка пазбавіў яго правоў кіроўцы і аштрафаваў на 200 базавых велічынь (7400 рублёў) за «п'яную язду».
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і нанясенне значнай шкоды. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Інфармацыю пра інцыдэнт пазней пацвердзіў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал. Высветлілася, што мужчына набраў на запраўцы каністру, абліў машыну начальніка раённай ДАІ, а затым падпаліў. Акрамя таго фігуранткай справы стала знаёмая падазраванага, якая падвезла яго на АЗС, а потым высадзіла непадалёк ад месца злачынства.