На расійскай Камчатцы знойдзеныя целы ўсіх 22 загінулых падчас крушэння верталёта Мі-8, якое адбылося 31 жніўня, паведамілі ў МНС РФ. Прычынай аварыі магла стаць памылка пілота. Сярод пасажыраў былі фінансавы дырэктар расійскага футбольнага саюза Арсеній Замяцін і яго жонка.
У выніку крушэння верталёта Мі-8 на Камчатцы загінулі ўсе 22 чалавекі, якія былі на борце: тры чальцы экіпажа і 19 турыстаў. Іх целы былі знойдзеныя раніцай 2 верасня.
Верталёт мог разбіцца праз памылку экіпажа, перадае ТАСС са спасылкай на аператыўныя службы.
«Паводле папярэдніх звестак, прычына — памылка экіпажа. Ва ўмовах кепскай бачнасці верталёт урэзаўся ў сопку», — удакладніў суразмоўца агенцтва.
Нагадаем, верталёт Мі-8 знік з радараў каля вулкана Вачкажэц раніцай 31 жніўня неўзабаве пасля таго, як забраў турыстаў. На борце былі фінансавы дырэктар расійскага футбольнага саюза Арсеній Замяцін з жонкай Палінай — яны прыехалі на Камчатку ў адпачынак і выправіліся на экскурсію да вулкана.