У Баранавічах проста ў двары шматпавярховіка ў выніку панажоўшчыны забілі мужчыну, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Канфлікт здарыўся ў двары адной са шматпавярховак на вуліцы Фабрычнай у мікрараёне Тэкстыльны ў Баранавічах, паведамляе Bar24 са спасылкай на відавочцаў.
Паводле мясцовай жыхаркі, увечары 2 верасня ў яе пад вокнамі паміж двума на выгляд нецвярозымі мужчынамі разгарэўся канфлікт. У нейкі момант лаянка перарасла ў панажоўшчыну: адзін з мужчын атрымаў некалькі ўдараў нажом і зваліўся на зямлю.
«У нас у двары забілі чалавека. Адзін аднаму — нажом і ўцёк», — расказала гараджанка.
Паводле яе, атрымаўшы ўдар нажом, мужчына толькі паспеў пракрычаць, каб яму выклікалі хуткую.
Інцыдэнт выданню «Наш край» пацвердзілі ў Следчым камітэце.
— Папярэдне высветлена, што ўвечары 2 верасня ў адным з двароў на вуліцы Фабрычнай адбылося забойства. Адзін мужчына нанёс іншаму нажавое раненне, ад якога пацярпелы памёр на месцы злачынства, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Брэсцкай вобласці Раман Зармаеў.
Распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (Забойства).