Суд Еўрасаюза адхіліў пазоў «Белаэранавігацыі» на ўключэнне яе ў санкцыйны спіс пасля пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам, паведамляе Deutsche Welle.
Пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску Еўрасаюз замарозіў сродкі «Белаэранавігацыі», якая адказвае за кіраванне паветранай прасторай у Беларусі. У адказ дзяржкампанія падала пазоў у Еўрапейскі суд у Люксембургу, каб аспрэчыць прымяненне да яе санкцый.
15 лютага суд вынес рашэнне: у пазове адмовіць.
Пасадка Ryanair у Мінску і даклад ICAO
Нагадаем, беларускія ўлады 23 траўня 2021 года вымусілі лайнер авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, здзейсніць экстранную пасадку ў Мінску, заявіўшы, што атрымалі паведамленне пра бомбу, якая нібыта знаходзіцца на борце. Распараджэнне ляцець у сталіцу Беларусі пілоты атрымалі за некалькі хвілін да ўваходжання самалёта ў паветраную прастору Літвы. Для яго суправаджэння быў узняты знішчальнік МіГ-29 беларускіх ВПС. Пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску бомбы на борце не знайшлі, аднак былі затрыманыя два пасажыры — Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, якая пазней атрымала шэсць гадоў калоніі па абвінавачанні ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі». Рамана Пратасевіча пачнуць судзіць 16 лютага.
Пасля інцыдэнту Савет ЕС забараніў беларускім самалётам выкарыстоўваць еўрапейскую паветраную прастору і аэрадромы. Пазней да санкцый далучыліся і краіны, якія не ўваходзяць у ЕС: Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, а таксама Украіна.
Еўрасаюз таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавозчыкам адмовіцца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі.
Рада міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 20 ліпеня гэтага года паставіла кропку ў расследаванні інцыдэнту з самалётам Ryanair. Каманда ICAO, якая расследавала тое, што адбылося, выпусціла абноўлены даклад, у якім ёсць указанні на датычнасць беларускіх уладаў да інцыдэнту. У прыватнасці ў ім ёсць паказанні дыспетчара, які працаваў у цэнтры кіравання, а таксама аўдыёзапісы, зробленыя ім у дзень інцыдэнту.
У МЗС Беларусі заявілі, што «даклад змяшчае масу прабелаў і нестыковак», а таксама прывялі два «фэйкі» са справаздачы ICAO. Першы — «у высновах рабочай групы наогул не згадваюцца нейкія высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі, якія паўплывалі на прымусовую пасадку рэйса ў Мінску». Запіс перамоваў з дыспетчарскай, дзе акрамя самога дыспетчара і яго начальніка прысутнічае неназваная персона, што падказвае рэплікі, якія неабходна перадаць пілоту самалёта Ryanair, у МЗС назвалі другім фэйкам, таму што «смартфоны праносіць у дыспетчарскі пункт нельга».