Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  2. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  3. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  4. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  5. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
  6. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  7. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  8. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  9. Хитрая тактика или отсутствие техники? Эксперты рассказали, почему российские войска едут в штурмы на мотоциклах
  10. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  11. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  12. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
Читать по-русски


Для некаторых беларусаў Украіна стала родным домам: хтосьці знайшоў тут сваё месца пасля жніўня 2020-га, хтосьці другую радзіму знайшоў разам з каханым чалавекам. Часам у людзей проста няма сіл расстацца з краінай, якая стала ім роднай, нават нягледзячы на выбухі і смяротную небяспеку. «Люстэрка» пагаварыла з землякамі, якія з пачаткам вайны пакінулі Украіну, а потым вярнуліся, працягваюць там працаваць, займацца бізнесам, вучыцца.

Люди идут по Майдану Независимости возле противотанковых сооружений и работы всемирно известного художника-граффити Бэнкси, Киев, Украина, 8 февраля 2023 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па Майдане Незалежнасці ля супрацьтанкавых збудаванняў і працы сусветна вядомага мастака графіці Бэнксі, Кіеў, Украіна, 8 лютага 2023 года. Фота: Reuters

«Гэта мой дом, я не пакіну яго другі раз»

З 2015 года брастаўчанін Алег жыў у Мінску. Напэўна, у сталіцы ён бы і застаўся, калі б не «адміністратыўка» ў 2020-м, што перарасла ў крымінальную справу. Пасля гэтага хлопец з’ехаў у Кіеў.

— Украіну я любіў і да пераезду. Падабалася іх вольніца, багацце бізнесу і імклівае развіццё пасля 2015 года. Жыцця было шмат і ў краіне, і ў людзях, — кажа Алег.

Ва Украіне ў Алега ўсё добра складвалася, была праца, украінцы выдатна да яго ставіліся, хлопец спакойна камунікаваў па-руску ў любым месцы краіны.

— Беларусаў шчыра любілі. Вядома, многія ўкраінцы вельмі павярхоўна разумелі падзеі 20-га года ў Беларусі, але пыталі пра іх. Да вайны я часта сустракаў украінцаў, якія жылі з міфам пра цудоўную Беларусь, дзе пенсіі па 500 даляраў, парадак і ўсё смачнейшае.

Алег здымаў у Кіеве двухпакаёку. Часам ён запрашаў беларусаў у патрэбе пажыць у яго, пакуль яны не ўстануць на ногі.

Волонтер спит в Белорусском доме в ожидании отъезда в Украину. Варшава, Польша, 15 марта 2022 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёр спіць у Беларускім доме ў чаканні ад'езду ва Украіну. Варшава, Польшча, 15 сакавіка 2022 года. Фота: Reuters

У чацвер, 24 лютага мінулага года, калі Расія пачала запускаць ракеты па Украіне, Алега і яго дзяўчыну абудзілі два ягоныя землякі, якія тады жылі ў яго. Наш суразмоўца прамармытаў, што «верыць ва УСУ», але заснуць больш не атрымалася.

— Хацеў уступіць у тэрабарону, але аказалася, што беларусаў туды не бяруць. Тады пачаў шукаць спосаб вывезці дзяўчыну і сабаку. Машыны не было, таму на наступны дзень мы на роварах вырашылі ехаць на Захад.

Раварысты выехалі раніцай, з першым зялёным калідорам. Амаль адразу іх падабрала сямейная пара — Ігар і Тая, яны ехалі на дзвюх машынах. Праз суткі ўсе былі ў Польшчы.

Алег хацеў адразу вярнуцца назад, хацеў ваяваць. Потым даведаўся, што беларусаў ва Украіну не пускаюць, а таму быў вымушаны застацца ў Польшчы. Аднак ад ідэі вярнуцца не адмовіўся. Пакуль беларус чакаў зручнага моманту для вяртання, ён адвучыўся на медыцынскіх курсах. Аддаў усе грошы — свае і тыя, што сабраў разам са сваёй дзяўчынай — на закупку рознага рыштунку і правізію для палка Каліноўскага.

— У канцы чэрвеня я вярнуўся ва Украіну валанцёрам. Гэтая краіна стала маім домам, я хацеў дапамагчы ёй, хацеў быць там, каб працаваць, дапамагаць і плаціць падаткі. Рахункі фірмы, у якой я працаваў, заблакавалі, заснавальнікамі былі беларусы. У мяне амаль не было грошай. Да таго ж не было разумення, як мяне прымуць украінцы. Гэта было цяжкае рашэнне, але я не шкадую пра яго.

Цяпер Алег жыве ў Кіеве. Ён працуе ў кампаніі, якая функцыянавала да вайны, а таксама ўладкаваўся менеджарам па знешнеэканамічнай дзейнасці ў яшчэ адну буйную ўкраінскую фірму. Хлопец кажа, што з пошукам працы праблем не было.

— Вядома, былі і адмовы, звязаныя са складанасцямі майго працаўладкавання. Але калі не лічыць некаторых бюракратычных затрымак, стаўленне выдатнае. Людзі часта здзіўляюцца, жартуюць, пераходзяць дзеля чагосьці на рускую мову. Дарэчы, паліцыя даравала мне два дарожныя штрафы, таму што я беларус. У адным выпадку абяцалі паслаць яго Лукашэнку.

Алег кажа, што на блакпастах цікавасці ён ужо не выклікае. Нават калі яго і спыняюць, то правяраюць хутка і павярхоўна, не так, як раней.

— Мабыць, я трапіў у базу добранадзейных. Хачу ў гэта верыць, — кажа Алег.

З ліпеня ў Алега жыла бежанка з Марыупаля. Зусім нядаўна яна з’ехала, змагла знайсці стабільную працу і аплачваць жыллё сама. Пасля яе ад’езду беларус узяў да сабе сабачку, гаспадара якой мабілізавалі.

— Паціху атрымліваецца наладжваць бізнес і расці прафесійна. Маленькімі справамі дапамагаю грамадству і дзяржаве, якая мяне прыняла. Гэта мой дом, і я не пакіну яго другі раз.

Алег шкадуе толькі пра дзве рэчы: не ўдалося захаваць адносіны з дзяўчынай, з якой яны разам ехалі ў Польшчу, а яго сям’я цяпер далёка, магчымасці бачыцца з роднымі няма. У Беларусь хлопца не цягне, кажа: «Баюся канчаткова расчаравацца ў радзіме».

«Вярнулася адчуванне роднага дома»

Мінчанка Лізавета на радзіме працавала журналісткай у незалежным медыя. У 2021 годзе, пасля таго як кіраўніцтва яе рэдакцыі затрымалі, дзяўчына з’ехала ў Кіеў, ёй акурат прапанавала невялікую стажыроўку ўкраінскае СМІ. Лізавета пісала пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Калі супрацоўніцтва завяршылася, беларуска зразумела, што вяртацца дадому не хоча: вярталіся ўспаміны пра пратэсты, бязмежжа сілавікоў, накрывала трывога наконт таго, што яе могуць затрымаць пасля прыезду.

— Я засталася ў Кіеве, хоць у гэтым горадзе не было адчування дома. Жыла ў кватэры разам з сябрамі. Працавала на фрылансе, пайшла на курсы псіхолага. Камунікавала, заводзіла новыя знаёмствы, а тым ліку праз Tinder, — расказала Лізавета пра даваеннае жыццё ў Кіеве.

З адным з новых прыяцеляў, украінскім айцішнікам Філіпам, завязаліся рамантычныя адносіны. Праз некалькі месяцаў Лізавета зразумела, што гэты хлопец — той чалавек, якога яна шукала. Беларуска аказалася рашучай: спярша падумала, маўляў, навошта гэтае шматгадовае чаканне і «арэлі», а потым узяла ды і прапанавала каханаму ўзаконіць адносіны.

Украинский военный в форме машет военным флагом на Майдане Независимости, Киев, Украина, 20 февраля 2023 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец у форме махае сцягам вайскоўцам на Майдане Незалежнасці, Кіеў, Украіна, 20 лютага 2023 года. Фота: Reuters

— Філіп у той момант чысціў бульбу, я прысела на кукішкі насупраць яго і сказала: «Давай ажэнімся». Ад нечаканасці ён аж ад’ехаў на крэсле, здзіўлена спытаў: «Што?» — засмяялася добрым успамінам дзяўчына.

Пара вырашыла узяць шлюб крыху пазней, а пакуль атрымаць асалоду ад жыцця. Зрэшты, паўнавартасным радасцям перашкаджалі трывожныя навіны пра магчымы напад Расіі на Украіну. Пара не верыла, што будзе вайна, яны не запасаліся на чорны дзень запалкамі, прадуктамі і іншымі таварамі. Праўда, у сярэдзіне лютага яны «на ўсялякі выпадак» хацелі з’ехаць на захад Украіны, нават купілі білеты на цягнік, але потым здалі іх назад.

— А 24 лютага мы прачнуліся ад выбухаў. Мы жылі каля станцыі метро «Дружба народаў», гэта амаль цэнтр, але выбухі былі чутныя вельмі добра, — кажа суразмоўніца. — Пакідалі ў чамадан рэчы, забралі сабаку і паехалі да сям'і брата Філіпа.

У той жа дзень, ужо двума сем’ямі, адправіліся ў Львоў. Да ўкраінска-польскай мяжы сцякаліся натоўпы — людзі эвакуяваліся. Лізавета з пераездам у Еўропу цягнула, але праз дзесяць дзён вырашыла з’ехаць у Варшаву — там жылі бацькі жаніха.

— З'язджала разам з жонкай брата Філіпа і яе дзецьмі. Перад пасадкай аўтобус я рыдала, а жаніх не плакаў, ён быў сабраны і засяроджаны. Мужчыны выглядалі суровымі, сказалі ў канцы нешта накшталт: «Ну ўсё, давайце-давайце ўжо, час».

У спакойнай польскай сталіцы дзяўчына так і не змагла дасягнуць рэлаксу. Яна па некалькі гадзін у дзень размаўляла праз інтэрнэт з Філіпам, практычна круглыя суткі глядзела навіны пра ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах, даведвалася пра загінулых і параненых.

— У нас у кватэры была Украіна, галоўная тэма — вайна. А потым я выходзіла вонкі: там вясна, сонца свеціць, людзі спакойна ходзяць, смяюцца. Цудоўны дзень, а ён мяне раздражняе. Адзін раз ад нейкага адчаю я нават пачала лупіць па дрэве з пупышкамі. Думала: як так, яно расце, а зусім побач паміраюць людзі.

Лізавета вельмі хацела вярнуцца назад ва Украіну і пастаянна абмяркоўвала гэтае пытанне з Філіпам. Той быў рады і ўсё пытаў, калі ж яна прыедзе.

— Тады шмат размоваў было пра ядзерны ўдар. Я падумала, што калі ён адбудзецца, то я не хачу паміраць у Варшаве. У пачатку лета вырашыла: еду ў Кіеў (на той момант жаніх ужо вярнуўся ў сталіцу).

Калі бацькі Філіпа даведаліся, што Лізавета з’язджае, то былі шакаваныя, але калі адышлі, не пярэчылі гэтаму. А вось мама беларускі, даведаўшыся, пачала крычаць, каб дачка не ўздумала вяртацца ва Украіну, тэлефанавала яе жаніху і прасіла яго паўплываць на Лізавету.

Ва Украіну беларуска трапіла ў першыя дні чэрвеня. Дзяўчына кажа, што ехала на аўтобусе і круціла галавой — радавалася дамам, палям і лясам. Страшна не было — на вочы не трапляліся разбураныя ракетамі дамы, нібыта вайны наогул не было.

Люди укрываются на станции метро во время воздушной тревоги, Киев, Украина, 24 февраля 2022 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі хаваюцца на станцыі метро падчас паветранай трывогі, Кіеў, Украіна, 24 лютага 2022 года. Фота: Reuters

— Мяне захліснула такое адчуванне шчасця. І раптам пасля страты вярнулася адчуванне роднага дома, у якім я так даўно не была.

Філіп і Лізавета ўзаконілі адносіны ў жніўні мінулага года. На вяселле да маладых прыехалі толькі сваякі жаніха, а родныя беларускі віншавалі яе па відэа яе праз інтэрнэт.

Цяпер пара жыве ў цэнтры Кіева. Дзяўчына прызнаецца, што спачатку вельмі баялася выцця сірэны падчас паветранай трывогі, было страшна знаходзіцца без святла. Трывожылася, калі трэба было паказваць свой ВНЖ або беларускі пашпарт. Праз некалькі месяцаў стала прасцей.

— Знаёмыя ведаюць, што я з Беларусі, але ніхто мяне гэтым не папракае. Няма негатыву, калі я гавару на рускай мове, гэта толькі ў інтэрнэце могуць счапіцца з гэтай нагоды. Тут «лагідна украінізация» — калі захочаш, тады і загаворыш на ўкраінскай. Я сама пакуль саромеюся, але некаторыя словы ў сваю гаворку ўжо ўстаўляю. Наогул праз усё, што адбылося, я неяк трансфармавалася, стала больш украінкай, чым беларускай.

Лізавета кажа, што з мужам яны жывуць сённяшнім днём, а планы будуюць максімум на тыдзень — далей вельмі шмат невядомага. Муж і жонка ходзяць у кавярні, наведваюць крамы. Беларуска ў знак салідарнасці і ў якасці падтрымкі купляе адзенне толькі ўкраінскіх дызайнераў.

З’язджаць з Украіны муж і жонка не збіраюцца. Яны разумеюць, што Філіп можа трапіць пад мабілізацыю, але гэтую тэму ў размовах не закранаюць. Збягаць ад позвы хлопец не збіраецца — як будзе, так будзе.

— Часам мне вельмі хочацца прыехаць у Беларусь — убачыць бацькоў, бабулю, пагутарыць з сябрамі. Але вяртацца ў краіну цяпер значна больш небяспечна, чым у 2021-м.

«Цяпер страх таксама ёсць, але чалавек прывыкае да ўсяго»

Вадзім (імя зменена па просьбе героя) пераехаў ва Украіну чатыры гады таму: ён ажаніўся з украінкай, з якой пазнаёміўся на курорце ў Егіпце.

— Мы жылі за тры кіламетры ад Бучы. Я працаваў у будаўніцтве. Адразу пасля пераезду кожны дзень здзіўляўся Украіне, я ж тут раней не быў і ўяўляў краіну вельмі беднай і неразвітай. А ўсё аказалася зусім па-іншаму, — дзеліцца ўражаннямі Вадзім.

За два з паловай гады, якія Вадзім пражыў ва Украіне, ён не бачыў нацыстаў або агрэсіўных людзей, хутчэй наадварот: усе людзі адэкватныя, спагадлівыя і ветлівыя. Калі яны чулі беларускі акцэнт, то адразу пачыналі ўсміхацца і цікавіліся, як справы ў Беларусі.

— Лічу, што ўкраінцы падобныя да беларусаў стылем жыцця, але характар у іх больш жорсткі што да сваіх правоў, — лічыць Вадзім.

Военнослужащий Сил территориальной обороны стоит на блокпосту, Киев, Украина, 3 марта 2022 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Сіл тэрытарыяльнай абароны стаіць на блакпосце, Кіеў, Украіна, 3 сакавіка 2022 года. Фота: Reuters

Пра пачатак вайны Вадзім пачуў, напэўна, у ліку першых: за 10−15 км ад яго дома знаходзіўся Гастомельскі аэрапорт. Першым, што ён адчуў, быў страх за сваю сям’ю і сябе, «страх за маму, якая не перажыве, калі заб’юць».

Сям’я вырашыла з’ехаць, бо яны трапілі пад акупацыю і справы былі вельмі дрэнныя: яны сядзелі ў падвале, заканчвалася ежа, баі былі з кожнага боку. Ноччу, выходзячы з падвала, мужчына назіраў, як «неба гарыць з усіх бакоў».

— Галоўнай задачай было вывезці сям’ю і сабак. Мы з’ехалі ў Германію, пражылі там восем месяцаў. Гэтая краіна нам дапамагала, плацілі немаленькую дапамогу, забяспечылі жыллём, — расказаў беларус.

Але жонка і цешча Вадзіма кожны дзень плакалі: яны вельмі хацелі дадому. Суразмоўца кажа, што ён проста не мог глядзець на тое, як яны пакутуюць. Пасля дэакупацыі Вадзіму вельмі часта тэлефанавалі па працы, людзі аднаўлялі свае дамы і прасілі дапамогі.

— Я здзіўляўся, што людзі будуюцца. Вырашылі, што таксама вернемся дадому, калі стане адносна бяспечна. Вядома, жыць у краіне, дзе ідзе вайна — гэта не тое, пра што марыш. Ехалі назад, і страху было вельмі шмат. Цяпер ён таксама ёсць, але чалавек прывыкае да ўсяго, не баіцца толькі дурань.

У лістападзе мінулага года сям’я вярнулася дадому і ўзрадавалася: іх дом не пацярпеў, няма нават слядоў, што ў яго нехта залазіў. Цяпер Вадзім па-ранейшаму займаецца будаўніцтвам, хоць адзначае, што з працай не так добра, як да вайны. Тым не менш ён назірае, што з кожным днём усё наладжваецца, вяртаецца попыт на будаўнічыя работы.

— Мы не галадаем, нашая фінансавая сітуацыя лепшая, чым я ўяўляў, калі ехаў назад. У плане прадуктаў мая сям’я сабе ні ў чым не адмаўляе, гэта не макароны з сасіскамі. Мы заўсёды купляем тое, што хочам, нават цэны на прадукты глядзім не заўсёды.

Вадзім кажа, што ўкраінцы, калі даведваюцца, што ён з Беларусі, спачуваюць яму, хоць мужчына ўпэўнены, што гэта ён мусіць ім спачуваць. Стаўленне да яго не змянілася — усё такія ж ветлівыя і ўсмешлівыя.

— Хутчэй бы гэта ўсё скончылася. Будзем жыць далей і развівацца.

«У вайну хочацца кожную секунду быць з каханым чалавекам»

Вера (імя змененае) родам з Брэсцкай вобласці, а мужа знайшла ва Украіне, ён працуе айцішнікам. Спярша сям’я жыла ў Беларусі: чакалі, пакуль Вера скончыць універсітэт. Потым пераехалі ў Кіеў.

Да вайны беларуска працавала на мясцовым тэлеканале. Дзяўчына кажа, што жылося ва ўкраінскай сталіцы «нармальна, спакойна». Муж і жонка падарожнічалі, гулялі ноччу і днём па горадзе, тусаваліся, смачна елі, будавалі планы, вучыліся, была магчымасць ездзіць да родных у Беларусь ці хаця б адпраўляць пасылкі. У сакавіку 2022 года яны збіраліся ў падарожжа за мяжу.

Трывожныя навіны пра магчымую вайну прымусілі мужа і жонку закупіць запас прадуктаў і сабраць трывожныя заплечнікі. Але ўсё ж яны не верылі ў поўнамаштабную вайну. Пра пачатак уварвання беларуска і яе муж даведаліся ад яго сябра, які патэлефанаваў рана раніцай 24 лютага і сказаў, што бамбяць Украіну.

Парочка обнимаются, укрываясь на станции метро во время массированных российских ракетных обстрелов в Киеве, Украина, 14 января 2023 года. Фото: Reuters
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пара абдымаецца, хаваючыся на станцыі метро падчас масіраваных расійскіх ракетных абстрэлаў у Кіеве, Украіна, 14 студзеня 2023 года. Фота: Reuters

— Страшна стала. А ўжо потым і трывогі паветраныя пачаліся, выбухі чулі, стральбу. Паніка была, але ўмераная. 24 лютага мы проста маніторылі навіны, я плакала. Напісала родным, яны перажывалі і перажываюць дагэтуль.

Вера эвакуявалася з Украіны ўвечары 25 лютага — настаяў муж. Ён проста купіў ёй білет на аўтобус да Варшавы.

— З'язджаць было цяжка. Я люблю Кіеў, люблю Украіну, люблю мужа. У галаве была куча думак, проста калейдаскоп, усё гэта ўперамешку са слязамі на вачах.

У Варшаве Вера прабыла паўтара месяца. Калі тэрыторыю пад Кіевам вызвалілі ад расійскіх войскаў, беларуска падумала, што можа вяртацца назад. Дзяўчына разумела, што пагроза нападу ўсё роўна захоўваецца, але не магла ўявіць, як яны з мужам будуць паасобку. Не пакідала пачуццё, быццам яна кінула яго аднаго.

— Асноўная прычына таго, што я вярнулася — гэта каханне. Без перабольшання, без кіношнага рамантызму. Складана апісаць. Калі вы не бачыцеся тыдзень, таму што ён паехаў у падарожжа ў горы — гэта адно. Гэта мірны час. А калі не бачыш яго паўтара месяца ў вайну, не ведаеш, што можа адбыцца праз хвіліну, то хочацца кожную секунду быць з каханым чалавекам, — вельмі адкрыта кажа Вера.

Сёння беларуска жыве ў той жа кватэры ў Кіеве. Большую частку часу яна бавіць адна — яе муж з першых дзён вайны пайшоў добраахвотнікам, каб абараняць Украіну. Працу Вера страціла — яе тэлеканал закрылі.

— У плане ежы ў нас тут усяго хапае, аж да маракуі і соевага ёгурта. Я вучу англійскую, шукаю працу, прачытала шмат кніг, камунікую з людзьмі. Стараюся радавацца. Але жыць у краіне, дзе трывога і людзі паміраюць ад расійскіх ракет, цяжка. Хоць я і не знаходжуся ў прыфрантавым горадзе і мой дом цэлы.

Тым не менш запамінальных момантаў за час вайны ў Веры шмат: выбухі ў навагоднюю ноч каля дома, палёты ракет над галавой, спаленыя і разваленыя дамы, страта бацькі ў Беларусі без магчымасці прыехаць развітацца.

— Планы не будую, гэта складана цяпер. Проста вучуся, дапамагаю, планую ў хуткай будучыні прыехаць у Беларусь і расказаць свайму тату на сваёй роднай зямлі, што Украіна перамагла. Ён вельмі гэтага хацеў. А землякам, якія жывуць у Беларусі і пацярпелі ад рук рэжыму, якія ўсёй душой перажываюць за Украіну і ўкраінцаў, я жадаю цярпення. Усё будзе ў Беларусі. І яна заўжды жыве і будзе жыць вечна!