Беларусаў у наступным месяцы чакаюць доўгія выходныя — з 22 да 25 красавіка, то-бок з суботы да аўторка. Так, 25 красавіка — Радаўніца (па календары праваслаўнай канфесіі). А працоўны дзень з 24 красавіка перанеслі на суботу, 29-га гэтага ж месяца. Расказваем, колькі дзён беларусы будуць працаваць у красавіку, а колькі — адпачываць. А таксама нагадваем, як аплачваецца праца ў выходныя дні.
Колькі ўсяго дзён будзем працаваць у красавіку, а колькі — адпачываць
Выходныя адаб’юцца на вытворчым календары ў наступным месяцы. Так, беларусы будуць працаваць у красавіку 19 дзён пры пяцідзённым працоўным тыдні, а адпачываць — 11 дзён (будзе дзесяць выходных і адзін святочны). Пры гэтым разліковая норма працоўнага часу пры 40-гадзінным рабочым тыдні складзе ў красавіку 151 гадзіну, а пры 35-гадзінным — 132. Гэта прапісана ў вытворчым календары на 2023 год.
Тыя ж, у каго «шасцідзёнка», на працы ў наступным месяцы правядуць 24 дні, а адпачываць будуць шэсць дзён. Разліковая норма працоўнага часу пры 40-гадзінным працоўным тыдні складзе ў красавіку 157 гадзін, а пры 35-гадзінным — 138.
Як аплачваюць працу ў святочны дзень
Працоўны кодэкс прадугледжвае, што за кожную гадзіну працы ў дзяржаўныя
святы, святочныя і выходныя дні звыш зарплаты, якая налічваецца за гэты час, робіцца даплата, удакладнялі раней у Мінпрацы.
«Работнікам са здзельнай аплатай працы — не ніжэй за здзельныя расцэнкі, работнікам з пагадзіннай аплатай працы — не ніжэй за гадзінныя тарыфныя стаўкі (тарыфныя аклады), аклады, — адзначаюць у ведамстве. — Канкрэтны памер даплаты ў бюджэтных арганізацыях і іншых арганізацыях, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыроўненыя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, вызначаецца
ўрадам, у іншых арганізацыях — працоўнай дамовай і (або) лакальным прававым актам».
За працу ў звышурочны час і выходныя дні ўзамен даплаты са згоды работніка можа давацца іншы неаплатны дзень адпачынку. Пры гэтым за гадзіны працы ў звышурочны час адзін неаплатны дзень адпачынку даецца з разліку 8-гадзіннага працоўнага дня (адзін дзень адпачынку за 8 гадзін працы ў звышурочны час).