Увядзенне санкцый Польшча звязала з «пакіданнем у сіле драконаўскага прысуду Андрэю Пачобуту» і рэпрэсіямі ў Беларусі. Пад абмежаванні трапілі 365 чалавек і 20 арганізацый. Пра гэта паведаміў міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Камінскі.
Міністрам унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы прынятае рашэнне пра ўключэнне ў спіс замежнікаў 365 грамадзян Беларусі, чыё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы непажаданае. Гэтым асобам таксама будзе забаронены ўезд у Шэнгенскую зону. Акрамя таго, іх актывы будуць замарожаныя.
Таксама будуць замарожаныя актывы ў дачыненні да 20 арганізацый і 16 асобаў, звязаных у асноўным з расійскім капіталам.
Сярод грамадзян Беларусі, якія трапілі пад санкцыі, 159 дэпутатаў, 76 суддзяў, сем пракурораў, 32 прадстаўнікі мясцовых уладаў, 28 сілавікоў, 23 прапагандысты, 24 спартоўцы і спартыўныя функцыянеры, восем супрацоўнікаў беларускіх ведамстваў і прадпрыемстваў, а таксама восем дзеячаў культуры і навукі.
Акрамя таго, у спіс трапілі прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам. Гэта 15 грамадзян Расіі і адзін беларус. Пад санкцыі таксама трапілі 20 суб’ектаў гаспадарання (19 звязаных з Расіяй і адзін — з Беларуссю).
«Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама займаліся легітымізацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. Яны таксама нясуць адказнасць за палітычна матываваны прысуд Андрэю Пачобуту, вынесены па фальшывых абвінавачаннях», — адзначаецца ў заяве.
Там таксама адзначаецца, што ўнесеныя ў спіс людзі нясуць адказнасць у тым ліку за ўжыванне фізічных і псіхалагічных катаванняў, збіванняў, запалохвання і дыскрымінацыі ў дачыненні да польскай меншасці, а таксама датычныя да знішчэння польскіх могілак і помнікаў у Беларусі. Сярод тых, хто падпадае пад абмежаванні, аказаліся асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.
Нагадаем, у пятніцу, 26 траўня, міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Камінскі паабяцаў, што Польшча ўвядзе персанальныя санкцыі ў дачыненні да некалькіх сотняў прадстаўнікоў беларускай улады.
26 траўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення апеляцыю журналіста міжнароднага канала грамадскага тэлебачання Польшчы Polonia, актывіста Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута, асуджанага на восем гадоў калоніі.
Пасля гэтага ў Польшчы прынялі рашэнне спыніць рух праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур з таварамі.