З 1 ліпеня рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб чакаюць істотныя змены. Многія з іх мусяць перайсці на выплату падатку на прафесійны даход. На ранейшых умовах змогуць працаваць толькі тыя, хто атрымае на гэта дазвол мясцовых уладаў.
Што змяняецца з 1 ліпеня
Уладальнікі аграсядзіб цяпер плацяць падатак 37 рублёў на месяц, а рамеснікі — 6 рублёў на месяц (за год выходзіць 72 рублі).
Аднак з 1 ліпеня яны мусяць перайсці на выплату падатку на прафесійны даход. Новы збор увялі ў Беларусі з гэтага года. Калі працаваць з фізічнымі асобамі, то падатак складае 10%.
Што трэба зрабіць, каб працаваць на ранейшых умовах
Некаторыя ўладальнікі аграсядзіб і рамеснікі, як і планавалася, змогуць працаваць на ранейшых падатковых умовах, калі атрымаюць на гэта дазвол мясцовых уладаў.
Для гэтага пры выканкамах стварылі спецыяльныя камісіі, якія пацвярджаюць статус рамесніка. Напрыклад, у Мінску яны працуюць пры раённых адміністрацыях. «Крытэры аднясення да рамеснікаў распрацавала Міністэрства культуры. Галоўнае, каб гэта былі менавіта тыя промыслы, якія звязаныя з нацыянальнымі і культурнымі традыцыямі. Па вызначэнне статусу можна звярнуцца ў сістэму „Адно акно“ ў адміністрацыі свайго раёна», — тлумачылі раней у Мінгарвыканкаме.
«Выжывуць» не ўсе
Рамеснікі расказваюць, што сутыкаюцца з цяжкасцямі, калі звяртаюцца ў выканкамы для пацверджання свайго статусу.
«Мне сказалі ў выканкаме, што падатак па старых правілах змогуць выплачваць толькі тыя, хто ёсць у Саюзе мастакоў, а таксама рамеснікі, якія займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры. Такія ўмовы да гэтага нідзе не сустракаліся. У выканкаме параілі нічога не выдумляць, а пераходзіць на падатак на прафесійны даход», — расказаў рамеснік з Мінска.
Яго калега з аднаго з абласных цэнтраў удакладніў, што больш за два тыдні чакае адказу на свой электронны зварот з просьбай працягнуць працу на рамесным зборы. Канкрэтна гэты рамеснік займаецца вязаннем цацак.
У цэлым рамеснікі кажуць, што ў іх ёсць пытанні да складу камісій, якія вызначаюць мастацкі ўзровень іх твораў і вырабаў.
Чытайце таксама