Раніцай 5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніцамі актыву Беларускага саюза жанчын. Мы ўжо пісалі, што на мерапрыемстве сярод іншага закраналася тэма рэжыму працы дзіцячых садкоў: нібыта яе падладзяць пад бацькоў. Але, акрамя абяцанняў, якія хоць неяк адносяцца да практыкі, Лукашэнка казаў шмат — як, мабыць, яму здавалася — прыемных і важных словаў пра беларусак. У выніку атрымалася прамова, прасякнутая сэксізмам, супярэчнасцямі і скажэннем фактаў, — вось чаму.
Улады літаральна закідваюць беларусаў ілжывымі і супярэчлівымі тэзісамі. Мы хочам, каб ім не ўдалося падмяніць рэальнасць хлуснёй.
Дапамажыце нам і далей супрацьстаяць дэзінфармацыі (клікніце на гэты тэкст 👀)
«Люстэрка» працуе для беларусаў ужо больш за два гады. Актуальныя навіны і аналітыка даступныя мільёнам унікальных карыстальнікаў у месяц. Не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, вы можаце падтрымаць рэдакцыю фінансава і зрабіць свой унёсак у захаванне незалежнай журналістыкі.
Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.
Нахлусіў пра рэальны стан справаў з правамі і магчымасцямі для ўсіх
«Беларускія жанчыны — сапраўдныя працаўніцы. < … > Няма тых вышыняў, якіх не дасягнулі б вы, беларускі», — заявіў Лукашэнка. Пасля чаго дадаў, што «размовы пра гендарную няроўнасць для Беларусі неактуальныя».
З першай часткай выказвання цяжка спрачацца, аднак насамрэч у прыродзе працагалізму беларусак няма нічога добрага. Гендарная даследчыца і экс-загадчыца кафедры БДУ Ірына Сідорская тлумачыла: для таго каб жанчыне сумленна пабудаваць кар’еру ў нашай краіне, ёй трэба працаваць у два разы больш, чым мужчынам.
Апошнім усё яшчэ аддаецца перавага ў прыёме на службу і павышэнні: у вачах многіх кіраўнікоў з такімі ж, як яны, «прасцей працаваць», а яшчэ мужчыны «наўрад ці будуць марнаваць час на выхаванне дзяцей». Моцныя ў нашым грамадстве і стэрэатыпы: згодна з апытаннем 2023 года, толькі каля траціны беларусаў вераць, што жанчына здольная быць эфектыўнай кіраўніцай. Адпаведна, каб даказаць адваротнае, жанчыны і вымушаныя рабіцца «працаўніцамі».
— Калі мы наўпрост гаворым пра размеркаванне ўлады, мяркуецца, што мужчына мусіць быць галоўнейшы. То-бок для мужчыны сказаць, што жанчына можа быць паспяховым кіраўніком, — гэта заявіць, што жанчына можа быць менавіта яго паспяховым кіраўніком, а ён будзе недастаткова добры для гэтай ролі. І гэта ўжо неяк цяжка прыняць. Вяртаемся ў гісторыю: часткай мужчынскай сацыялізацыі заўсёды была канкурэнцыя, да якой прывучаюць з самага дзяцінства. І калі пасаду адбіў мужчына — гэта ўпісваецца ва ўяўленні пра звыклую канкурэнцыю. Але калі туды ўкліньваецца жанчына, з гэтым ужо цяжэй змірыцца, — тлумачыла, чаму так склалася, даследчыца Лена Агарэлышава.
Акрамя таго, пасля заканчэння працоўнага дня жанчын чакае не адпачынак, а так званая другая занятасць — хатняя праца. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі Белстата, жанчыны ў будні дзень выдаткоўваюць амаль 4,5 гадзіны на «вядзенне хатняй гаспадаркі, уключаючы догляд дзяцей». Мужчыны ж займаюцца гэтым нашмат менш — усяго дзве гадзіны.
Вядома, тут лёгка запярэчыць: маўляў, праблема вырашаецца проста — хай жанчыны дэлегуюць уборку, гатаванне, а таксама навучанне дзяцей сваім партнёрам. Напэўна, многія і радыя былі б так зрабіць, аднак гэтага не адбываецца ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах свету (нават у Скандынавіі, якая дасягнула, мабыць, самага прыкметнага прагрэсу на дарозе да раўнапраўя). Больш за тое, ёсць даследаванні, якія паказваюць: зарплаты мужа і жонкі ніяк не ўплываюць на тое, як размяркоўваюцца хатнія абавязкі, — большасць з іх усё роўна выконвае жанчына.
Нават з ужо названых аргументаў зразумела, што размовы пра гендарную няроўнасць у Беларусі акурат вельмі актуальныя, як бы Лукашэнка ні спрабаваў давесці нам адваротнае. Але і гэта яшчэ не ўсё — асобнай увагі заслугоўвае фраза пра тое, што «вышыняў, якіх не дасягнулі беларускі, няма». У рэальнасці ж іх нямала.
Толькі адно з 24 міністэрстваў Беларусі ўзначальвае жанчына — Ірына Касцевіч (праўда, днямі яна мусіць пакінуць пасаду, бо стане дэпутаткай). І тое гаворка ідзе пра ведамства, адказнае ў тым ліку за сацыяльную абарону, то-бок за тую галіну, якая традыцыйна лічыцца жаночай. Сітуацыя значна лепшая не толькі ў скандынаўскіх Нарвегіі і Ісландыі, але і, напрыклад, у Іспаніі: там ва ўрадзе жанчын наогул больш.
Да сілавога блоку жанчын у прынцыпе не падпускаюць. Усе міністры абароны Беларусі былі мужчынамі, тое самае датычыць кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў. З 19 месцаў у Савеце бяспекі Беларусі 18 таксама занятыя мужчынамі, хоць не ўсе з іх пасадаў адносяцца да вайскова-сілавога блоку. Адзінае выключэнне — старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
І гэта мы яшчэ не закраналі тэму разрыву аплаты працы, якая ў апошнія гады трымаецца на ўзроўні 26−28%. Па сутнасці, як пісала Ірына Сідорская, гэта азначае, што з канца кастрычніка і да пачатку наступнага года жанчыны, у адрозненне ад мужчын, працуюць бясплатна.
Сцёр асобу жанчын і звёў іх ролі да сэрвісных аб’ектаў
Лукашэнка не забыў нагадаць і пра «сапраўднае прызначэнне жанчыны на зямлі» — мацярынства. «Я казаў і яшчэ раз паўтару: вы [беларускі] нашая самая эфектыўная дыпламатычная зброя», — таксама сказаў палітык. А ў канцы сустрэчы папрасіў: «Заставайцеся для нас, мужчын, надзейным тылам».
Усе гэтыя выказванні яскрава паказваюць, што для Лукашэнкі і ягонай дзяржавы жанчына патрэбная толькі для выканання пэўных функцый. То-бок чалавека (у гэтым выпадку — жанчыну) аб’ектывуюць — успрымаюць як аб’ект ці рэч, а не як асобу. Актывістка Юлія Міцкевіч ужо тлумачыла «Люстэрку», чым небяспечная такая з’ява.
— То-бок іх [жаночыя] жаданні не ўлічваюцца, у адрозненне ад патрэбаў мужчыны. Жанчына ўспрымаецца як аб’ект, які можа задаволіць сэксуальныя патрэбы, жаданні, фантазіі і гэтак далей, — тлумачыла яна. — <…> Яны [прадстаўнікі ўлады і прапагандысты] ж не кажуць пра тое, якімі жанчыны самі хацелі б быць. Ніхто з іх не сказаў, што ў нас ёсць права выбару і наогул асоба.
Асобна варта адзначыць, што Лукашэнка зноў шмат увагі надаваў жаночай прыгажосці, калі пералічваў вартасці беларусак. На першы погляд здаецца, што нічога кепскага ў гэтым няма. Але варта толькі выкарыстоўваць прыём «пераварочвання» сітуацыі (што таксама прапаноўвала Міцкевіч) — як адразу робіцца зразумелым, ці дарэчы рабіць тыя ці іншыя каментары.
Цяжка ўявіць, каб Лукашэнка на сустрэчы з сілавікамі мімаходзь расказваў міністру абароны Віктару Хрэніну і кіраўніку МУС Івану Кубракову пра тое, якія яны прыгожыя. Гэтак жа, як і цяжка ўявіць, каб заходнія мужчыны-палітыкі звярталіся да сваіх грамадзян, згадваючы пра іх выключныя знешнія дадзеныя.
Загазлайціў народ, «забыўшыся» на жанчын, якія ўжо дамагліся поспехаў у палітыцы і не толькі
Газлайтынг — адна з формаў псіхалагічнага гвалту, калі адзін чалавек прымушае іншага (або іншых) сумнявацца ў іх уласных успамінах, успрыманні рэальнасці, адэкватнасці, здольнасцях і гэтак далей.
«Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я думаў: а чаму вы [Беларускі саюз жанчын] дагэтуль не сталі партыяй? Не-не, я вас не штурхаю да гэтага. Вы ведаеце маё стаўленне да партыйнага будаўніцтва: усё мусіць быць натуральна, усё мусіць саспець. Ніякіх там праўладных і іншых партый — партыі павінныя выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды хочам, каб у будучыні ў нас былі сапраўдныя партыі», — сказаў Лукашэнка.
З гэтых словаў ствараецца ўражанне, нібы ў беларусак сапраўды ёсць шанец удзельнічаць у палітычных працэсах. Аднак відавочна, што гэта не так (прычым у дачыненні да мужчын таксама). Прыклад гэтага — 2020 год, калі галоўнымі лідаркамі пратэснага руху сталі менавіта жанчыны. Святлана Ціханоўская, якая зарэгістравалася кандыдаткай у прэзідэнты пасля таго, як гэтага права пазбавілі яе мужа Сяргея Ціханоўскага, аб’ядналася з прадстаўніцамі двух іншых штабоў — Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала, — і разам яны змаглі змяніць ход выбарчай кампаніі.
Адна з названых жанчын знаходзіцца ў калоніі за «змову з мэтай захопу ўлады» (гэта толькі адно з абвінавачанняў), другая гвалтоўна вывезеная з краіны, трэцяя была вымушаная з’ехаць з меркаванняў бяспекі. На гэтым фоне аповед пра тое, што ў краіне магчымыя нейкія «не праўладныя партыі», гучыць не тое што непераканаўча, але нават абсурдна.
Магчыма, Лукашэнка загаварыў пра партыі, бо рэальная пазіцыя дзяржавы па гэтым пытанні заключаецца ў тым, што партыі ў прынцыпе не разглядаюцца як магчымыя суб’екты ўлады. Хоць спікер заўважыў, што жанчыны «і так робяць каласальны ўплыў, удзельнічаюць ва ўсіх палітычных і іншых працэсах». Праўда, «забыў» згадаць важны нюанс: удзельнічаць «у працэсах» у нас дазваляецца, толькі калі гэты ўдзел супадае з яго ўласным бачаннем.
Успомнім пра галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву, лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву, актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, праваабаронцу Марфу Рабкову, палітолага Валерыю Касцюгову — гэта толькі некалькі з сотняў імёнаў. Усе гэтыя жанчыны сапраўды «рабілі каласальны ўплыў на грамадства», вось толькі не той, які хацелася бачыць уладам. Вынік вядомы — кожнай па некалькі гадоў (а некаторым і больш за дзясятак) за кратамі.
Такая рыторыка (нават калі ў яе не верыць) рана ці позна змушае беларусаў і беларусак пачаць сумнявацца, наколькі адэкватна яны ўспрымаюць рэальнасць. Бо калі паслухаць Лукашэнку, акажацца, што ў Беларусі ёсць магчымасць свабодна займацца палітыкай, у тым ліку арганізоўваць партыі, адстойваць правы жанчын і абараняць любыя іх інтарэсы, у тым ліку не абмежаваныя нараджэннем дзяцей.
Прыхарошыў «сацыяльнасць» дзяржавы і не згадаў пра яе падвойныя стандарты для бацькоў
«Ведаю, усіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і далей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. <…> Смею запэўніць: пры любых умовах і абставінах нашая дзяржава будзе несці гэтую нагрузку. У поўным аб’ёме і, калі трэба, за межамі гэтых аб’ёмаў», — заявіў Лукашэнка. Пазней ён таксама заклікаў у сваёй прамове нарадзіць «пажадана, не адно дзіцятка, ну, траіх…»
Тым часам, сацпакет у Беларусі за апошнія 15 гадоў істотна зрэзаўся, што ў прынцыпе б’е па магчымасці і жаданні мець дзяцей. Але трэнд закранае ў тым ліку менавіта падтрымку бацькоў і дзяцей. Напрыклад, у 2013 годзе праз «злоўжыванне статусам маці-адзіночкі» прыбралі даплаты жанчынам, якія выхоўваюць дзіця, не маючы мужа. А некаторыя бонусы прыбіраюцца наогул міхаходзь — як, напрыклад, бясплатныя абеды для дзяцей са шматдзетных сем’яў.
Акрамя таго, з восені мінулага года Лукашэнка асабіста ініцыяваў перагляд падыходаў да падтрымкі сем’яў, дзе шмат дзяцей. У прыватнасці, іх захацелі ледзь не дзяліць на «шчаслівыя і не вельмі» і, грунтуючыся на гэтым, дапамагаць. Як гэта будзе працаваць, не зусім зразумела, бо сама дзяржава нярэдка транслюе падвойныя стандарты ў гэтым пытанні.
Напрыклад, згодна з рыторыкай прапаганды, падтрымліваць трэба «правільных» бацькоў, якія будуць выдаткоўваць дапамогі на само дзіця. «І ёсць такія сем'і, дзе нараджаць зноў і зноў — гэта стратэгія, каб атрымаць кватэру за капейкі або дарма. А дзеці гэтыя потым недаядаюць, недасыпаюць, пакутуюць і мучацца. Асабліва калі дапамогі на іх ад дзяржавы трацяцца бацькамі на… мэблю. Патрэбная ж мэбля ў бясплатную кватэру», — расказваў вядоўца АНТ Ігар Тур.
Пры гэтым акурат за адсутнасць гэтай самай мэблі шматдзетных бацькоў цалкам могуць уключыць у «асаблівыя спісы» і давесці сям’ю ледзь не да СНС. Пра гэта ў шоу «Мне тоже не нравится» расказвала маці шасці дзяцей Крысціна Каграманян.
— Тое, што гэта магчыма [выхаваць некалькіх дзяцей], відавочна. Але ўспамінаць той час мне вельмі балюча і цяжка, — казала яна. — Усюды ўсё трэба, і нешта ад цябе ўвесь час патрабуюць, і нешта хочуць, і ходзяць з гэтымі праверкамі. <…> Да цябе дадому прыходзіць камісія: настаўнік, сацпедагог і яшчэ хто-небудзь там — праверыць, ці адпавядаюць жыллёвыя ўмовы нармальнай жыццядзейнасці дзіцяці. Яны глядзяць яго пакой, наяўнасць пісьмовага стала… Гэта вельмі важна чамусьці. [Правяраюць, ці ёсць] ложак, часам зазірнуць у лядоўню. Гэта для мяне быў стрэс, бо да цябе прыходзяць у дом чужыя людзі, складаюць спіс, што ў мяне і маіх дзяцей ёсць, і кудысьці перадаюць. І з гэтага ствараецца вобраз, шчаслівая сям’я ці не.
— Яны гэта робяць, каб дапамагчы? То-бок калі няма стала, яны купяць гэты стол? — спытала вядоўца шоу Яўгенія Сугак.
— Не, яны яго не купяць. Якая дапамога? Гэта проста кантроль, — сказала Каграманян.
Улады літаральна закідваюць беларусаў ілжывымі і супярэчлівымі тэзісамі. Мы хочам, каб у ім не ўдалося падмяніць рэальнасць хлуснёй.
Дапамажыце нам і далей супрацьстаяць дэзінфармацыі (клікніце на гэты тэкст 👀)
«Люстэрка» працуе для беларусаў ужо больш за два гады. Актуальныя навіны і аналітыка даступныя мільёнам унікальных карыстальнікаў у месяц. Не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, вы можаце падтрымаць рэдакцыю фінансава і зрабіць свой унёсак у захаванне незалежнай журналістыкі.
Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.