Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух абмяняліся падарункамі ў апошні дзень афіцыйнага візіту беларускага палітыка ва Улан-Батар.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў мангольскаму лідару «два трактары Belarus розных мадэляў», а Унаагійн Хурэлсух падарыў госцю пару мангольскіх скакуноў. Іх назвалі Мір і Хуткі.
Нагадаем, беларускі палітык часта дорыць лідарам іншых краін трактары. Так, напрыклад, расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін атрымаў на свой юбілей сертыфікат на Belarus «ручной зборкі». Прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагвэ Лукашэнка прэзентаваў «для асабістай падсобнай гаспадаркі» Belarus 92s.
Адзначым, што паводле звестак за красавік на складах Мінскага трактарнага завода сабралася амаль 6,5 тысячы адзінак тэхнікі — гэта больш чым двухмесячны аб’ём вытворчасці.