У Беларусі ў 2025 годзе падымуць стаўкі акцызаў на цыгарэты. Гэта прадугледжваюць змяненні ў Падатковы кодэкс. Улады таксама ўкараняюць новаўвядзенні па электронных цыгарэтах.
У 2025 годзе падымуць стаўкі акцызаў на цыгарэты як першай, так і другой цэнавых групаў. Так, для першай іх павысяць у студзені з цяперашніх 106,88 да 119,59 рубля (рост на 11,9%), а для другой — з 155,85 да 163,64 рубля (павышэнне на 5%).
Нагадаем, у 2024-м іх рост быў запланаваны на 11,8 і 6% адпаведна.
Раней чыноўнікі заяўлялі пра паэтапнае збліжэнне ставак акцызаў на цыгарэты з іншымі краінамі, якія ўваходзяць у ЕАЭС, у тым ліку з Расіяй.
Новаўвядзенні па электронных цыгарэтах
Пры гэтым з 1 студзеня электронныя цыгарэты выведуць з падакцызных тавараў, а вадкасць для іх — не. «Названыя змены ўнесеныя ў мэтах стварэння роўнай канкурэнцыі гаспадарчых суб’ектаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі», — тлумачаць у Міністэрстве па падатках і зборах. Для пакупнікоў гэта азначае, што электронныя цыгарэты могуць патаннець.
Пры гэтым стаўкі акцызаў на вадкасці для электронных сістэм курэння паднялі з 81 да 85 капеек за 1 мл. Рост — на 4,9%.
Стаўкі акцызаў на нетыповую нікаціназмяшчальную прадукцыю таксама павысілі — з 97,63 да 102,51 рубля за 1 кілаграм. Рост — на 5%.
Чытайце таксама