Два гады калоніі агульнага рэжыму атрымаў 68-гадовы жыхар Віцебска Аляксандр Патапаў за каментары ў «Аднакласніках», паведамляюць праваабаронцы.
Аляксандр Патапаў — грамадзянін РБ, з 1997 года жыве ў Віцебскім раёне. Раней судзімы не быў. Мае сваякоў ва Украіне. Падчас абстрэлу Кіева расійскімі войскамі ён страціў дачку, а няпоўнагадовая пляменніца засталася без нагі.
Знаходзячыся ў стане гора і жалобы, Патапаў 8 і 16 ліпеня размясціў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» 2 каментары, дзе адрэагаваў на запуск ракет з тэрыторыі РБ у бок Украіны, у тым ліку згадаўшы Аляксандра Лукашэнку. За гэта яму выставілі абвінавачанне па двух эпізодах паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). З 25 жніўня 2022 года Аляксандр Патапаў знаходзіцца пад вартай.
Сваю віну мужчына цалкам прызнаў. На судзе быў эмацыйны, аднак пагадзіўся з выстаўленымі яму абвінавачваннямі. Суддзя Наталля Траццякова прызнала Аляксандра Патапава вінаватым і асудзіла на два гады калоніі агульнага рэжыму.