У Мінскай вобласці з пачатку снежня зафіксавалі некалькі дзясяткаў выпадкаў крадзяжоў уліковых запісаў грамадзян. Аферысты атрымліваюць доступ да іх з дапамогай фішынгавых спасылак у выглядзе промакода ад вядомых анлайн-гіпермаркетаў, паведаміла МУС.
У Viber пацярпелым прыходзіць апавяшчэнне: «Атрымай купон ад 10 да 50 рублёў у анлайн-гіпермаркеце». Для гэтага трэба перайсці па спасылцы і ўвесці свой нумар тэлефона. Далей на прыладу прыходзіць апавяшчэнне з кодам, карыстальнік уводзіць яго, пасля чаго зламыснікі атрымліваюць доступ да акаўнта і дэактывуюць яго на прыладзе ахвяры.
Потым кібермахляры тэлефануюць беларусам са скрадзеных нумароў і на розных падставах угаворваюць аформіць на сваё імя крэдыт.
У МУС расказалі, як не стаць ахвярай махляроў:
- не адкрывайце спасылкі, адпраўленыя невядомымі карыстальнікамі;
- не пацвярджайце актывацыю доступу да вашага ўліковага запісу для незнаёмых прылад;
- не паведамляйце незнаёмцам разавыя паролі і коды доступу з апавяшчэнняў;
- не перадавайце пашпартныя дадзеныя, рэквізіты банкаўскіх картак і іншую канфідэнцыйную інфармацыю.